27 красавiка 2024, Субота, 19:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жыхары Гародні: Неўзабаве не будзе сэнсу ездзіць за мяжу на закупы

11
Жыхары Гародні: Неўзабаве не будзе сэнсу ездзіць за мяжу на закупы

Што новага могуць прыдумаць улады для напаўнення бюджэту, і чаму іх не хвалюе сацыяльнае напружанне?

Указ №40, які ўвойдзе ў дзеянне з 14 красавіка, яшчэ больш абмяжоўвае бязмытны ўвоз тавараў для асабістага карыстання на тэрыторыю Беларусі. І таму, са слоў жыхароў памежнага рэгіёна, якія хочуць наведваць суседнюю Польшчу, іх стане яшчэ менш.

Згодна з указам №40 у выпадку ўвозу тавараў у Беларусь часцей, чым адзін раз на тры месяцы, тавары коштам вышэй за 300 еўра і вагой звыш 20 кілаграмаў не будуць належаць да тавараў асабістага карыстання.

Цяпер сітуацыя на памежных пераходах на мяжы з Польшчай у Гарадзенскай вобласці сведчыць аб тым, што ахвотных ехаць у суседнюю краіну значна зменшылася, перадае «Радыё Свабода». У будні чэргаў практычна не бывае, акрамя выходных дзён, калі ў Польшчу накіроўваюцца жыхары іншых абласцей Беларусі і асабліва Менска.

Аляксей з Гародні, які ездзіць у Польшчу з таго часу, як адкрылі мяжу, кажа, што цяпер у найлепшым выпадку едзе туды толькі ўзяць харчу. Да польскіх ужо даўно звык і не жадае замяняць іх беларускімі харчамі.

- Новы ўказ, па-мойму, канчаткова спыніць увоз асабліва бытавой тэхнікі ў Беларусь. Хоць гарадзенцы ўжо і так практычна не маглі нічога прывозіць, асабліва на продаж, каб на гэтым зарабіць, бо складаную бытавую тэхніку можна ўвозіць адзін раз на два гады, а цяпер і ўвогуле паездкі з мэтай зарабіць шэлег прыпыняцца. Мы і так ездзім толькі раз на восем дзён. Але думаю, што гэты ўказ асабліва зачэпіць менчукоў, якія яшчэ дагэтуль раз на тыдзень у выходныя едуць у Беласток і робяць закупы на рынках і ў крамах. Яны відавочна вязуць усё на продаж, прычым з прычэпамі і запоўненымі салонамі аўто. А цяпер - раз на тры месяцы, і ўсё. Думаю, што і ў выходныя цяпер чэргаў не будзе, - кажа Аляксей.

Валянціна распавядае, што днямі была з мужам у Беластоку, ездзілі па лекі і былі ўражаныя тым, што ў польскіх гіпермаркетах практычна няма пакупнікоў. Яна кажа, што паездкі шмат у чым цяпер яшчэ стрымлівае высокі курс даляра ў Беларусі.

- Цяпер нават складана стала набываць у Польшчы таннейшыя прадукты, бо даляр у нас моцна вырас. Нават польскі злоты, калі раней мы лічылі 1 да 3, то цяпер ужо 1 да 5, а нават і да 6, - кажа жанчына.

Яе муж Юрый смяецца і дадае, што хутка ў Польшчу будзем ездзіць па паліва:

- У палякаў салярка ўжо каштуе 3,7 злотага за літр, а была нават 5 злотых і вышэй. А ў нас з першага сакавіка нібыта збіраюцца падвысіць акцызы на паліва, то мне цікава: за колькі мы тады будзем запраўляцца? Яны зрабілі такую сітуацыю, што нам цяпер ні ў сябе нічога не купіць, ні ў Польшчу не паехаць і не купіць. Вы ўспомніце, калі быў такі час, каб на мяжы не было чэргаў, - кажа Юры.

Найбольшай крыніцай даходу пры паездках у Польшчу ўважаўся кантрабандны правоз цыгарэт. Іван кажа, што гэты "бізнэс" таксама цяпер практычна не дзейнічае, хоць дагэтуль людзі імкнуцца ва ўласных аўто правозіць кантрабандны тавар.

- Цяпер беларускія мытнікі вельмі часта накіроўваюць нашы аўто на сканер, які ўсталявалі на мяжы, і цыгарэты выяўляюць адразу, нават да палякаў не даедзеш. Ды і польскія мытнікі вельмі часта адпраўляюць аўто на агляд. Апошнім часам і так не было сэнсу ездзіць, каб нейкі заробак з гэтага быў, а ўжо цяпер паездкі наогул страцілі ўсялякі сэнс. Трэба шукаць працу. А дзе тут яе знайсці? Я ўжо некалькі месяцаў боўтаюся па розных фірмах, але, акрамя выпадковага заробку, нічога не магу знайсці, - кажа мужчына.

Цікавым фактам у гэтай сітуацыі застаецца тое, што штодзённая чарга ля польскага консульства ў Гародні на атрыманне віз не змяншаецца: ездзіць у Польшчу людзям нявыгадна, але па візы ўсё адно ідуць.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках