28 красавiка 2024, Нядзеля, 4:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алексіевіч стала доктарам Honoris Causa Кіева-Магілянскай акадэміі

4
Алексіевіч стала доктарам Honoris Causa Кіева-Магілянскай акадэміі
Святлана Алексіевіч
ФОТА: REUTERS/FREDRIK SANDBERG/TT NEWS AGENCY

Такім чынам «Кіева-Магілянская акадэмія» выказвае павагу ўкраінскага народа за ўнікальны ўклад Святланы Алексіевіч у сучасную літаратуру.

Навуковая рада ўкраінскага нацыянальнага ўніверсітэта «Кіева-Магілянская акадэмія» на пасяджэнні 11 лютага 2016 года прагаласавала за наданне годнасці «Ганаровы доктар УКМА (Honoris Causa)» Святлане Алексіевіч, выдатнай беларускай пісьменніцы, лаўрэатцы Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры 2015 года, перадае «Радыё Свабода».

На старонцы Кіева-Магілянскай акадэміі ў «Фэйсбуку» пішуць на гэты конт, што «Святлана Алексіевіч з'яўляецца нараджэнкай Украіны. Яна нарадзілася ў месце Станіславе (цяпер Івана-Франкоўск), дзяцінства правяла ва ўкраінскім сяле ў Вінніцкай вобласці. Пасля ейная сям'я перабралася ў Беларусь, дзе Святлана Алексіевіч стала спачатку журналісткай, а потым майстрам мастацка-дакументальнай прозы. У сваіх кнігах Алексіевіч выступае адвакатам звычайнага чалавека, якому выпадае захаваць сваю чалавечнасць пад надзвычай магутным ціскам гістарычна-палітычных абставін...

З першых дзён «Рэвалюцыі годнасці» Святлана Алексіевіч заўсёды выказвала падтрымку ўкраінскаму народу ў яго барацьбе за свабоду і лепшую будучыню. Яна смела асудзіла расейскую агрэсію супраць Украіны. Ейны голас пачулі мільёны людзей.

Цягам гадоў Алексіевіч падтрымлівае творчыя сувязі з Нацыянальным універсітэтам «Кіева-Магілянская Акадэмія», сярод іншага з Цэнтрам Еўрапейскіх Даследаванняў УКМА, Цэнтрам юдаікі і выдавецтвам «Дух і Літара». У свой час мы ініцыявалі выданне ейнай кнігі «Чарнобыльская малітва» (пераклад Аксаны Забужкі). У 2014 годзе ў выдавецтве «Дух і Літара» выйшаў украінскі пераклад апошняй кнігі Святланы Алексіевіч «Час сэканд хэнд: канец чырвонага чалавека» (Пераклад з расейскай мовы Л.Лысенкі). На сайце выдавецтва «Дух і Літара» рэгулярна публікуюцца матэрыялы аб Святлане Алексіевіч, ейныя артыкулы ды інтэрв'ю і да таго падобнае.

Прысудзіўшы Святлане Алексіевіч ганаровую ступень доктара УКМА, «Кіева-Магілянская акадэмія» выказвае павагу ўкраінскага народа за унікальны ўклад Святланы Алексіевіч у сучасную літаратуру і публіцыстыку, і ў той жа час шчыра дзякуе беларускай пісьменніцы за ейную мужную, шчырую грамадзянскую пазіцыю: антытаталітарную, прадэмакратычную, а таму праўкраінскую».

На заканчэнне гэтай інфармацыі паведамляецца, што паводле традыцыі ганаровы доктар Святлана Алексіевіч прачытае публічную лекцыю ў УКМА, тэма і дата якой будуць абвешчаныя асобна.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках