Воіны святла запалілі Крамянчук
1- 6.02.2016, 12:45
- 15,662
Беларускі гурт «Brutto» прадаўжае тур па Украіне.
Учора, 5 лютага, заля ў ГДК у Крамянчуку (Палтаўская вобласць Украіны) была напоўненая партызан-рокам ад беларускага гурту Сяргея Міхалка «Brutto», паведамляе мясцовы гарадскі сайт.
Калі летась краменчукі былі вымушаныя «дрыгаць» пад панк на сваіх месцах, то ўчора ім далі доўгачаканую свабоду - ахвочыя маглі танчыць прама пад сцэнай, а ўсе астатнія ўвесь канцэрт стоячы слухалі музыку на сваіх месцах.
Фронтмэн Сяргей Міхалок неаднаразова звяртаўся да краменчукоў, называючы іх братамі, выкрыкваючы «Слава Украіне!», на што заля адказвала «Жыве Беларусь!».
У залі можна было налічыць блізу дзесятка сцягоў Украіны, у гэтым паказчыку «лідзіравалі» фаны на балконе.
4 лютага воіны святла выступалі ў Кіеве, а пасля Крамянчука яны адправяцца ў Сумы.
Мала каму ўдалося дастаць аўтограф - толькі самыя заўзятыя прыхільнікі змаглі дачакацца, калі музыкі пакінуць ГДК і пойдуць у аўтобус. Дарэчы, таксама для прыхільнікаў у калідоры абсталявалі спецыяльныя велізарныя плакаты з выявай музыкаў.
Што да музычнага шэрагу, то ўсёй заляй спявалі «Я человек» (з якой і пачаўся канцэрт), «Четвертый за Гарри», «Воины света», а аднайменную кампазіцыю «Brutto» заля наогул «узяла на сябе», музыкі толькі падыгрывалі.
«Было крута» - рэзюмавалі краменчукі ў сацсетках і сталі масава выкладваць сэлфі і фотасправаздачы канцэрту.
Дарэчы, на канцэрце прысутнічаў амаль увесь гарадскі бамонд.