20 красавiка 2024, Субота, 6:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Руды: Калі пацыент не сядзе на дыету, хвароба будзе прагрэсаваць

70
Руды: Калі пацыент не сядзе на дыету, хвароба будзе прагрэсаваць
Кірыл Руды
ФОТА З САЙТА NAVINY.BY

Крызіс беларускай эканомікі пачаўся яшчэ задоўга да падзення сусветных коштаў нафты.

Пра гэта аўтар кнігі «Фінансавая дыета», доктар эканамічных навук, Кірыл Руды заявіў у інтэрв'ю выданню «Звязда».

- Раскажыце, у чым агульная ідэя кнігі.

- Сітуацыя, якая склалася ў эканоміцы, змушае перагледзець фінансавыя выдаткі дзяржавы. Ужо некалькі гадоў рост нашага брута прадукту запавольваецца. І пачалося гэта яшчэ да крызісу, які адбываецца цяпер у Расеі, яшчэ да падзення сусветных коштаў нафты. Нарошчванне дзяржінвестыцый у Беларусі ўжо не заўсёды павялічвае ўнутраны брута прадукт, але павялічвае кошты. У выніку ў нас нізкі УБП і высокая інфляцыя, а гэта - асноўныя паказчыкі, паводле якіх мы вымяраем тэмпературу цела ў эканоміцы. Каб выйсці на большую ўстойлівасць, трэба пачынаць эканоміць: выдаткоўваць менш і толькі на тыя напрамкі, якія даюць вынік. Гэта - агульны падыход.

У сувязі з тым, што ў нашай краіне доўгі час была інфляцыя, выраслі адсоткавыя стаўкі крэдытаў, і крэдыты сталі непад'ёмнымі. Пры гэтым колькасць грошай унутры краіны абмежаваная, а калі мы будзем друкаваць купюры, то кошты будуць расці і далей. Відавочна, што сродкі трэба прыцягваць з-за мяжы, але наша замежная запазычанасць таксама досыць вялікая. Вось чаму паўстала неабходнасць неяк сябе абмежаваць.

У нашай эканоміцы вялікая частка дзяржаўнага сектара, у ім задзейнічана прыкладна палова нашай працоўнай сілы - на прадпрыемствах і ў бюджэтнай сферы. Другая частка эканомікі - прыватны сектар. Калі мы падтрымліваем адну частку, другая грошай недаатрымлівае і выжывае сама. А першая, якую пастаянна падсілкоўваюць, прывыкае і выбудоўвае свае адносіны, бізнэс, зыходзячы з таго, што ёй усё роўна дапамогуць. Гэта скажае стымулы і разбэшчвае. Цяпер трэба акуратна, каб не нашкодзіць, пераходзіць на дыету, каб дзяржаўны сектар змог функцыянаваць на роўных з прыватным.

- Каб навучыўся «хадзіць» без мыліц?

- Каб не трэба было за руку вадзіць, пастаянна падтрымліваць.

Што тычыцца рэфармавання бюджэту, то сацыяльная сфера па-ранейшаму павінна заставацца ў прыярытэце бюджэтных выдаткаў. У кнізе вызначаюцца ключавыя пункты і паказчыкі, на падставе якіх трэба даваць грошы. Калі мы развіваем медыцыну, адукацыю, навуку, культуру, то павінны мець празрыстыя і зразумелыя паказчыкі - пад што даюцца грошы.

Разглядаецца бюджэт і з пункту гледжання даходаў. Міністэрства падаткаў - гэта не карны орган, а абслуговы, які павінен прадстаўляць зразумелыя і простыя паслугі, для падаткаплацельшчыка практычна не адчувальныя. Яны павінны надавацца дыстанцыйна, каб я нават не бачыў падатковага інспектара: мне смс прыйшла, я ўвёў звесткі праз электронную сістэму, грошы спісаліся з майго рахунку і ўсё.

- Але сістэма павінна быць і такой, каб у грамадзяніна не было спакусы пазбегнуць падаткаабкладання.

- Як правіла, людзі імкнуцца паступаць прыстойна. І падаткаплацельшчыкі таксама. Аднак, калі пры аплаце падаткаў узнікаюць цяжкасці, тады сістэма сама падштурхоўвае чалавека паводзіць сябе непрыстойна, і тады не вядома яшчэ, хто каго павінен караць. Калі ўсё празрыста, хутка і зразумела ў паслузе, якую мне надае падатковая інспекцыя, я аплаціў падаткі і задаволены.

Яшчэ адзін акцэнт у кнізе зроблены на тое, што падатковыя льготы павінны быць галіновымі, яны не павінны быць індывідуальнымі, для асобных прадпрыемстваў. Калі краіна развівае нейкі від дзейнасці, напрыклад, вытворчасць пэўнага віду аўтамабіляў, і ёсць любы прыватнік, іншаземец, дзяржаўная кампанія, калі яны вырабляюць гэткія аўтамабілі, усе яны могуць атрымаць палёгку, незалежна ад назвы: МАЗ, Geely, Opel або хтосьці яшчэ.

- Дарэчы, аб падатковых палёгках. Выкарыстанне іх для «Парку высокіх тэхналогій» дазволіла развіць гэтую галіну ў нас, але ў вашай кнізе погляд на ІT-сферу трохі скептычны

- Калі палёгка дае станоўчы вынік, яе не варта чапаць. Давайце спачатку скасуем ільготы, якія не даюць ніякага выніку, ці маюць адмоўны. У выпадку з ПВТ вынік відавочны, хоць складана ацаніць: ён абумоўлены ільготай або тым, што ІT-галіна расце сёння ва ўсім свеце? Тое, што вы назвалі скептычным поглядам, было згодай з думкай, прачытанай у біяграфічнай кнізе пра Ілана Маска (які вырабляе электрамабіль Tesla). Там напісана, што многія цяпер накіроўваюць грошы ў ІT-сферу, хоць можна было б накіроўваць на тое, што магчыма памацаць рукамі, напрыклад, на вынаходніцтва міжгалактычных касмічных караблёў. ІT - сумніўны прагрэс, што ў выніку? Выкладаем фотаздымкі, лайкаем навіны з жыцця былых аднакласнікаў...

- Губляем час.

- Хоць маглі б стварыць нешта такое, што прынесла б рэальны эфект.

- У кнізе таксама падымаюцца пытанні пенсійнай рэформы і ЖКГ.

- Мы захавалі савецкую мадэль пенсійнай сістэмы, аднак за апошнія 25 гадоў дэмаграфічная структура ў краіне змянілася і працягвае змяняцца. Гэты аб'ектыўны працэс змушае падладжваць пад людзей і пенсійную сістэму.

Што датычыцца жыллёва-камунальнай гаспадаркі, то, на жаль, мы не прывыклі сапраўды эканоміць ваду, святло, не адчуваем, што плацім за гэта. Але за гэта ўсё роўна плаціць дзяржава. Чалавеку трэба разумець, што ён жыве ў гэтай дзяржаве і бясплатна нічога не бывае.

- У кнізе чырвонай ніткай праходзіць думка, што не дзяржава павінна ацэньваць, наколькі эфектыўна выдаткаваныя бюджэтныя грошы, наколькі якасна аказана дзяржаўная паслуга, а спажыўцы гэтай паслугі. Але ці здольны чалавек, хворы на парушэнне абмену рэчываў, ацаніць прапісаную яму дыету, асабліва пакуль вынікаў ён не бачыць, але псіхалагічна пакутуе ад абмежаванняў?

- Зразумела, спатрэбіцца час на тое, каб навучыцца гэта рабіць. Пачынаць трэба з мясцовага ўзроўню і паступова расці да рэспубліканскага. Калі я плачу ў мясцовы бюджэт падатак, то хачу ведаць, якім чынам мясцовыя ўлады гэтымі грашыма распарадзіліся, што яны зрабілі для задавальнення маіх патрэбаў. Калі на гэтыя грошы пабудавана новая дарога, то хачу ведаць, наколькі гэта паўплывала на аварыйнасць, якая ад гэтай дарогі карысць маёй мясцовасці. Калі ўлады наважваюць выдаткаваць гэтыя грошы так, а не інакш, яны павінны ўлічваць меркаванне спажыўца сваіх паслуг.

У выніку чалавек павінен усвядоміць, што дзяржаўны бюджэт - гэта яго грошы.

- А механізм які?

- Сацыялагічныя апытанні. Напрыклад, Міністэрства транспарту надае транспартныя паслугі. А насельніцтва не задаволена якасцю паслуг. Каб пра гэта даведацца, неабходны пэўны дыялог.

- У свой час сутыкнулася з тым, што дабірацца з сынам-першакласнікам у найбліжэйшую ад дома беларускамоўную гімназію вельмі нязручна. Пытанне са школьным аўтобусам, нягледзячы на тое, што гімназія збірала дзяцей з усяго мікрараёна, развязаць не атрымалася. Прыйшлося цалкам пакласціся на сябе: вучыцца на кіроўцу і купляць машыну.

- Калі мы гаворым пра нейкі канкрэтны выпадак, то павінна быць адрасная дапамога - напрыклад, тым сем'ям, якія не ў стане давозіць дзяцей самастойна. Але калі, умоўна кажучы, ёсць катэджны пасёлак з трохузроўневымі дамамі, у дварах якіх па тры машыны, то патрабаваць спецыяльна для такога пасёлка школьны аўтобус - няправільна.

- Якая роля СМІ ў тым, каб насельніцтва заняло больш актыўную пазіцыю ў дачыненні да размеркавання дзяржаўных расходаў?

- У кнізе прыведзены прыклад нямецкага эканаміста Людвіга Эрхарда, які штотыдзень выступаў з радыёзваротам да насельніцтва Нямеччыны і патрабаваў ад сваіх падначаленых, каб яны таксама ездзілі ў камандзіроўкі і тлумачылі, навошта праводзяцца рэформы. Калі гэтага не рабіць, то неабходныя мерапрыемствы будуць для грамадства нечаканымі і яно іх не падтрымае.

- Як нарадзілася ідэя кнігі?

- Спачатку быў артыкул. Ён быў апублікаваны год таму ў «Беларускім эканамічным часопісе». Называўся «Структурныя эканамічныя рэформы: неабходнасць для Рэспублікі Беларусь і замежны досвед». З гэтага артыкула вырасла першая частка кнігі. Астатнія - з работ яшчэ 19 навукоўцаў, якія бралі ўдзел у прыняцці тых ці іншых дзяржаўных пастаноў, рыхтавалі для гэтага адпаведныя даследаванні і давалі прафесійныя кансультацыі дзяржаўным органам. Даклады займаюць 2-3 старонкі, але за імі стаяць 200-300-старонкавы даследаванні. Такія даследаванні ляглі ў якасці разваг у гэтую кнігу.

- Рэакцыя на кнігу ўжо ёсць?

- Кніга досыць вялікая (460 старонак), думаю, яе пакуль яшчэ чытаюць. У першыя дні продажу выкупілі амаль увесь тыраж (цяпер дадрукоўваем). Хтосьці можа падумаць, што гэта нейкае паведамленне пра тое, як мы будзем цяпер жыць. На самай справе, гэта проста матэрыял для разважанняў.

- Якія вашы прагнозы адносна беларускай эканомікі?

- Калі працягваць аналогію, прыведзеную ў загалоўку кнігі, то калі пацыент не садзіцца на дыету, хвароба можа прагрэсаваць. Дыета дапаможа нам перажыць цяжкія часы: сабрацца з сіламі і аздаравіцца. Ідэальна было б як мага даўжэй яе прытрымлівацца. Калі правільнае харчаванне і здаровы лад жыцця ўваходзяць у звычку, тады чалавек жыве даўжэй, хварэе радзей, больш грошай траціць на адукацыю, больш зарабляе, больш увагі надае сям'і і ў выніку становіцца больш шчаслівы.

- Ці няма небяспекі зваротнага эфекту ад дыеты?

- Але ж, ёсць стары анекдот пра тое, як селянін вучыў каня галадаць і амаль навучыў, ды толькі конь здох. Гэта не пра наш выпадак, бо гаворка не пра галаданне, а пра рацыянальнае харчаванне: куды накіроўваць грошы.

- Для каго кніга напісаная?

Яна разлічана на дзяржслужбоўцаў, якія прымаюць пастановы, прапрацоўваюць іх. Але некаторыя часткі, думаю, будуць многім цікавыя. Стараліся напісаць яе даступнай мовай, у жанры бізнэс-літаратуры нон-фікшн. Ды і кошт у яе атрымалася досыць дэмакратычнай.

Нагадаем, што раней сайт charter97.org паведамляў, што памочнік Лукашэнкі Кірыл Руды напісаў сенсацыйную кнігу пра рэальны стан беларускай эканомікі.

Напісаць каментар 70

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках