28 сакавiка 2024, Чацвер, 22:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Марус Лаўрынавічус: Ні ў якім выпадку нельга мець ілюзій наконт Лукашэнкі

3
Марус Лаўрынавічус: Ні ў якім выпадку нельга мець ілюзій наконт Лукашэнкі
Марус Лаўрынавічус
ФОТА: DELFI

Беларусь цалкам залежыць ад Расеі ў эканамічным, палітычным і вайсковым плане.

Пра гэта ў інтэрв'ю charter97.org заявіў старэйшы аналітык Цэнтра палітычнага аналізу Еўропы ў Вашынгтоне Марус Лаўрынавічус.

- Як цяпер варта ацэньваць сітуацыю ў стасунках Расеі і Беларусі з улікам таго, што Лукашэнка спрабуе размаўляць з Захадам?

- У шырокім сэнсе нічога ў гэтых стасунках не змянілася. Перыядаў тактычных зносін Лукашэнкі з Захадам было не адзін і не два. Крэмль гэта, думаю, выдатна разумее і надалей імкнецца да сваіх мэтаў. Для Лукашэнкі ж гэта проста гульня. Рэжым Лукашэнкі цалкам залежыць ва ўсіх сэнсах ад Расеі. Я думаю, што тых, хто падтрымлівае Лукашэнку ў Маскве, дастаткова і не абавязкова гэта асабіста Пуцін.

Наколькі вядома, асабістыя стасункі Пуціна і Лукашэнкі даволі складаныя. Проста Расея імкнецца да сваіх мэтаў, Лукашэнка гуляе ў сваю гульню, якая, як я казаў, абсалютна не новая, так што ў гэтых стасунках няма нічога новага. Тая ж самая траекторыя, і стасункі Расеі і Беларусі нікуды з гэтай траекторыі не выйшлі.

- Ці ёсць увогуле будучыня ў стасунках Крамля з Лукашэнкам?

- Шчыра кажучы, я не бачу ніякай іншай будучыні. Тое ж самае тычыцца і таго, што Захад нібыта верыць у дэмакратызацыю Беларусі. Асабліва пасля падзеяў ва Украіне вельмі любяць тэорыю, быццам Лукашэнка можа быць апорай, а Беларусь - буфернай зонай ад Расеі. Лукашэнка і Беларусь напрамую залежаць ад Расеі.

Асабіста ў Лукашэнкі ёсць некаторая незалежнасць, якую ён зарабіў сваім веданнем унутранай сітуацыі ў Расеі, міжусобнай барацьбой у Крамлі і вакол Крамля. Таму, разумна карыстаючыся гэтай унутранай барацьбой і напругай, ён карыстаецца і асабістай незалежнасцю. Лукашэнка не той, хто наўпрост залежыць і наўпрост выконвае ўказанні Крамля, але і толькі. Беларусь як дзяржава, эканамічна, і ў вайсковым сэнсе цалкам залежыць ад Расеі.

- Як тады можа змяніцца сітуацыя ў плане бяспекі, калі Расея ўсё ж створыць у Беларусі сваю базу?

- Паводле майго пераканання, ніяк, бо, як я ўжо казаў, Беларусь з вайсковага пункту гледжання цалкам залежыць ад Расеі. Беларускія ўзброеныя сілы ў сутнасці інтэграваныя ў расейскія УС. Тое што адбываецца цяпер з гэтай вайсковай базай, шчыра кажучы, проста з'яўляецца базарнай гульнёй. І ўсё.

Лукашэнка хоча атрымаць ад Расеі, як звычайна (гэта яго пастаянная тактыка і стратэгія) карысць ад кожнага свайго дзеяння. І цяпер ён змагаецца не за тое, ці будзе ці не будзе гэтая база на тэрыторыі Беларусі, а за тое, што ён за гэта атрымае. Давайце ўспомнім з чаго ўсё пачалося. Лукашэнка запатрабаваў ад Расеі, каб яна бясплатна аддала знішчальнікі. Калі Крэмль адмовіўся, тады ён сказаў, што ў такім разе не будзе ніякай базы. Іншымі словамі, дайце знішчальнікі - будзе база.

У тым, што ў Беларусі будзе расейская база я практычна не сумняваюся, гэта пытанне часу. Але ўсё залежыць ад таго, што і як Лукашэнка за гэты атрымае.

- Якія ў гэты момант пытанні найбольш актуальныя для Літвы ў дачыненні да Беларусі?

- У Літвы (паколькі яна з'яўляецца суседкай) з Беларуссю ідзе маштабнае эканамічнае супрацоўніцтва. Для Літвы самае галоўнае захаваць гэтае супрацоўніцтва. Але калі ў Літве кажуць, што калі мы раззлуем Лукашэнку, то страцім грузы ў Клайпедскім порце ці Пуцін можа наважыць і прымусіць Лукашэнку не пасылаць грузы ў Клайпедскі порт, то я ў гэта не зусім веру. Лукашэнка ў першую чаргу цынічны прагматык. Датуль, пакуль гэта эканамічнае супрацоўніцтва будзе выгадна Беларусі, яно будзе працягвацца, нягледзячы на тое, якімі будуць палітычныя стасункі Літвы і Беларусі.

І гэта можа пацвердзіць уся гісторыя. Наша эканамічнае супрацоўніцтва ніколі не было ў залежнасці ад стасункаў з рэжымам Лукашэнкі. Яны былі і горшыя, і лепшыя, але гэта ніяк не адбівалася на нашых эканамічных стасунках. Літва зацікаўленая ў захаванні эканамічных сувязяў, захаванні, наколькі гэта магчыма, цывілізаванага дыялогу з Беларуссю, але мы не павінны мець ілюзій (як на Захадзе), што Лукашэнка можа быць нейкай процівагай агрэсіўнай палітыцы Расеі. Ні ў якім выпадку.

Лукашэнка будзе весці сваю гульню датуль, пакуль яна яму выгадная. Як толькі перад ім зноў устануць іншыя праблемы і ён убачыць, што гэтая гульня больш не выгадная, ён гэтак жа сама павернецца да Крамля, як ён рабіў не раз раней. І гэта тактычныя гульня, як і я казаў, у сутнасці, Беларусь цалкам залежыць ад Расеі.

- Ці па сілах Расеі цяпер утрымаць свой уплыў, бо краіна перажывае цяпер не найлепшыя часы, у тым ліку ў плане эканомікі?

- Шмат, асабліва на Захадзе, кажуць, што Расея і рэжым знаходзяцца на мяжы краху ў сувязі з эканамічнымі праблемамі. Я ў гэта не вельмі веру. Па-першае, эканамічныя праблемы парадкам згушчаныя. Мы ацэньваем эканамічныя праблемы Расеі згодна са сваім заходнім разуменнем. На Захадзе гэта азначала б вялізныя праблемы, але ў Расеі яны не настолькі вялікія, эканамічна яны досыць вырашальныя.

Абясцэньванне рубля - гэта стратэгія і пакуль што яна працуе. Я не кажу, што ў доўгатэрміновай перспектыве гэтыя праблемы не ператворацца ў асноўныя, але, я думаю, мы парадкам пераацэньваем эканамічныя праблемы, з якімі Расея сутыкаецца ў гэты момант. Асабліва важна ў гэтым выпадку, калі мы гаворым і пра іншыя дзяржавы, асабліва Беларусь, што Расея можа вельмі мэтанакіравана размеркаваць свае рэсурсы і накіраваць іх менавіта туды, дзе, як гэта разумее Крэмль, ёсць нацыянальны інтарэс.

Крэмль хутчэй адмовіцца ад сацыяльных выплат грамадзянам сваёй краіны, чым адмовіцца ад сваёй палітыкі агрэсіўнай экспансіі. Калі для гэтага будзе трэба падтрымліваць Беларусь, яе будуць падтрымліваць. У той жа час з Беларусі будуць спрабаваць забіраць то адно, то іншае (мы бачым, як павялічваецца эканамічны ўплыў Расеі ў Беларусі), і, думаю, гэты працэс будзе працягвацца. Адно тое, што расейскі вайсковы бюджэт нават у цяперашняй крызіснай сітуацыі расце, паказвае, што Расея ў стане свае рэсурсы накіраваць у патрэбнае для яе рэчышча і ўтрымаць сваю палітыку.

- ЕЗ спрабуе знайсці агульныя падыходы з Лукашэнкам. Ці ўдзельнічаюць ЗША ў гэтым працэсе?

- Я думаю, ЗША ў гэты момант (і не толькі праз адміністрацыю Абамы, якая вартая крытыкі, але і праз мноства іншых прычын) адмовілася ад актыўнай палітыкі ў многіх сферах. Таму калі мы кажам, што ЗША наогул сышлі з Еўропы, і пра гэта гаворыцца досыць гучна сярод часткі экспэртаў і палітыкаў, мы павінны зразумець, што беларускае пытанне яшчэ менш важнае. У кантэксце прэзідэнцкіх выбараў, у дэбатах Расея практычна не згадваецца. Калі і згадваецца, то ў агульным кантэксце.

ЗША сканцэнтраваліся на сваіх унутраных праблемах, а з міжнародных праблем - гэта ІДзІЛ і яе пагроза для ЗША. Дамінуюць унутраныя праблемы, і калі на вышэйшым узроўні вайскоўцам кажуць, што Расея стала асноўнай пагрозай, у палітычных дыскусіях гэта не адлюстроўваецца. Таму, калі вярнуцца да Беларусі, то яна ў шмат разоў менш важная для ЗША.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках