КДБ: Шэсце ў Сапоцкіне з імперскімі сцягамі было праведзенае ў рамках заканадаўства
26- 9.02.2016, 16:19
- 16,683
24-гадовы мянчук Аляксандр у кастрычніку 2015 года накіраваў зварот у КДБ з пытаннямі аб дзейнасці казацкіх арганізацый на тэрыторыі Беларусі.
Апошняй кропляй было шэсце ў Сапоцкіне (Гарадзенскі раён), дзе казакі выкарыстоўвалі расейскія імперскія сцягі.
Гэта было падчас працэсіі ў гонар 101-й гадавіны дзівоснага з'яўлення Прасвятой Багародзіцы ў Аўгустоўскіх лясах. Чорна-жоўта-белыя сцягі з Менска прывезлі прадстаўнікі арганізацыі «Казацкі спас», піша nn.by.
Чорна-жоўта-белы сцяг выкарыстоўваўся ў XIX стагоддзі як гербавы сцяг Расейскай Імперыі. Сёння яго на ўзбраенне ўзялі расейскія шавіністы - тыя самыя, што хочуць далучэння Беларусі да Расеі. У шэсці таксама ўдзельнічалі памежнікі.
«Прашу ўдакладніць, наколькі выкарыстанне гэтай сімволікі дзяржаўнымі органамі і ваенізаванымі арганізацыямі адпавядае Закону Рэспублікі Беларусь. А таксама прашу праверыць, ці не з'яўляецца актыўнасць так званых «казакоў» і дзеянні такога кшталту, як шэсце пад сцягамі Расейскай імперыі, пагрозай для суверэнітэту Рэспублікі Беларусь», - напісаў Аляксандр.
Адказу з КДБ не было цягам 40 дзён. Пасля чаго Аляксандр звярнуўся ў Генеральную пракуратуру, толькі пасля гэтага Камітэт дзяржбяспекі вымушаны быў даць адказ.
Ліст прыйшоў за подпісам першага намесніка кіраўніка КДБ Ігара Сяргеенкі. У адказе гаворыцца:
«Паведамляем, што мерапрыемства 2015.09.13 у г.п.Сапоцкіне Гарадзенскага раёна было праведзенае ў рамках дзейнага заканадаўства».
Аляксандр расчараваны адказам КДБ.
«Выходзіць, што за выкарыстанне бел-чырвона-белага сцяга і Пагоні караюць у судах, а за імперскі сцяг - не. Мяне хвалюе не канкрэтная сітуацыя ў Сапоцкіне - шэсце прайшло і нічога не зробіш, а наогул уся дзейнасць так званых «казакоў», якія ўсё больш лезуць у справы краіны. І на гэтае пытанне адказу я не атрымаў», - пракаментаваў Аляксандр.