Беларусь супраць Расеі: хто праб'ецца ў эліту Кубка федэрацыі
5- 9.02.2016, 16:49
- 10,972
У плэй-оф Сусветнай групы Кубка федэрацыі жаночая нацыянальная каманда Беларусі ў тэнісе згуляе з камандай Расеі.
Матч адбудзецца 16-17 красавіка ў РФ. Такі вынік лёсавання, якое прайшло 9 лютага ў Лондане.
У рэйтынгу КФ Беларусь займае 12-е месца, Расея - другое, паведамляе БелаПАН.
Вось як выглядаюць усе пары:
Расея - Беларусь;
Аўстралія - ЗША;
Гішпанія - Італія;
Румынія - Нямеччына.
У мінулыя гады беларускія і расейскія тэнісісткі сустракаліся паміж сабой 3 разы. У актыве беларусак дзве перамогі (1995, 1996), расейкі перамаглі толькі аднойчы (1997). Усе папярэднія матчы праходзілі на розных стадыях спаборніцтваў у першай групе Еўра-Афрыканскай зоны Кубка Федэрацый.
Беларускія тэнісісткі сёння вярнуліся дадому з Квебека, дзе паспяхова правялі матч другой Сусветнай групы Кубка Федэрацый, адолеўшы канадскую каманду з лікам 3:2. Пасля гэтай перамогі нацыянальная каманда Беларусі ўзнялася на 12-е месца ў жаночым камандным рэйтынгу. Іх будучыя спаборніцы расейкі ў чвэрцьфінале элітнага дывізіёна саступілі ў сябе дома камандзе Нідэрландаў (1:3) і займаюць цяпер 2-е месца ў сусветным рэйтынгу.