25 красавiка 2024, Чацвер, 2:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзе падзеўся мільён працоўных рук?

26
Дзе падзеўся мільён працоўных рук?
ФОТА З САЙТА EURORADIO.FM

У Беларусі розніца паміж колькасцю працаздольнага насельніцтва і колькасцю занятых у эканоміцы складае больш за мільён чалавек.

Паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта, у снежні 2015 года ў эканоміцы Беларусі было занята 4 млн 464,3 тысячы чалавек, што склала 98,4% да адпаведнага перыяду мінулага года, пішуць «Беларускія навіны».

У рэгіёнах колькасць работнікаў прыкметней за ўсё скарацілася ў Віцебскай вобласці - на 12 591 чалавека. Менш за іншых пазбавілася работнікаў Менская вобласць - іх колькасць скарацілася на 4376 чалавек.

Па выніках 2015 года ў эканоміцы Берасцейскай вобласці было занята 611 787 чалавек (623 617 у 2014-м), Віцебскай - 524 202 (536 793), Гомельскай - 618 226 (630 739), Гарадзенскай - 491 292 (496 765), Магілёўскай - 469 513 (477 234), Менскай - 693 317 (697 693).

У эканоміцы сталіцы працавалі ў 2015 сёлета 1 079 264 чалавекі супраць 1 089 381 чалавека годам раней (колькасць работнікаў скарацілася на 10 117 чалавек).

Працэс змяншэння колькасці работнікаў ідзе ўжо некалькі гадоў. Для параўнання: у студзені 2012 года ў эканоміцы краіны былі занятыя 4 млн 557 тысяч чалавек, у студзені-верасні 2011 года - 4 млн 653,2 тысяч чалавек.

Паводле звестак аператыўнай статыстыкі, колькасць працаздольных грамадзян складае 5 млн 560 тысяч чалавек, а паводле выніку перапісу 2009 года было 5 млн 853 тысяч чалавек.

Такім чынам, з улікам таго, што працуе 4 млн 464 тысяч 300 чалавек, больш за мільён жыхароў Беларусі ў працаздольным узросце афіцыйна не занятыя ў эканоміцы.

Беспрацоўныя і дармаеды - кропля ў моры

Частка з гэтай колькасці не працуе з прычыны стану здароўя, частка - беспрацоўныя, афіцыйнае колькасць якіх на канец года склала 43 тысячы. Узровень зарэгістраванага беспрацоўя павялічыўся ўдвая за год і дасягнуў 1% эканамічна актыўнага насельніцтва.

Калі пачыналася барацьба з дармаедамі, гучала іншая лічба - 500 тысяч чалавек, не занятых у эканоміцы.

Згодна з дэкрэтам №3, грамадзяне Беларусі, а таксама замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія стала жывуць у краіне і не ўдзельнічаюць у фінансаванні дзяржвыдаткаў або ўдзельнічаюць у такім фінансаванні менш за 183 каляндарныя дні ў годзе, павінны выплачваць збор 20 базавых адзінак (сёння гэта 4,2 млн рублёў).

Раней паведамлялася, што плануецца стварыць базу грамадзян, якія не ўдзельнічаюць у фінансаванні дзяржвыдаткаў або ўдзельнічаюць у такім фінансаванні менш за 183 каляндарныя дні ў годзе.

Такая база, паведамілі ў Міністэрстве падаткаў і збораў, яшчэ не створаная, цяпер яна знаходзіцца на стадыі фарміравання «на падставе інфармацыі іншых зацікаўленых дзяржорганаў». Плануецца, што МПЗ на падставе атрыманай інфармацыі сфармуе базу звестак да 1 жніўня (звесткі павінны быць прадстаўленыя да 15 ліпеня 2016 года).

Разам з тым у Міністэрстве падаткаў і збораў паведамілі, што паводле стану на 5 лютага 753 чалавекі паведамілі, што не ўдзельнічалі ў фінансаванні дзяржаўных расходаў або ўдзельнічалі ў такім фінансаванні менш за 183 дні ў 2015 годзе. Сума збору, выстаўленая да выплаты - 2,2 рублёў. Тэрмін выплаты - не пазней за 1 ліпеня 2016 года.

«Дармаеды» самі звяртаюцца ў МПЗ і таму, што ў такім выпадку ў іх з'яўляецца права на зніжку 10% пры выплаце збору.

Іпэшнікі павялічаць грамаду незанятых у эканоміцы

Частка беларускіх работнікаў знаходзіцца за мяжой. Паводле звестак дэпартамента грамадзянства і міграцыі МУС, у мінулым годзе афіцыйна за мяжой працавалі 6 244 грамадзян Беларусі, у 2014-м іх было 5 392.

Калі лічыць афіцыйныя звесткі колькасці беспрацоўных і працоўных за мяжой, то выходзіць менш за 50 тысяч чалавек. Узнікае пытанне - дзе астатнія больш як 900 тысяч?

Многія з іх таксама працуюць за мяжой, мяркуе эканамічны экспэрт «Ліберальнага клуба» Антон Болтачка.

«Статыстыка адлюстроўвае натуральны рух у рамках міграцыйных працэсаў. Вялікая колькасць людзей, якія працуюць за мяжой, не ўлічаная, пачынаючы з 2010 года. Многія з працоўных мігрантаў, якія працавалі ў Расеі, праз зніжэнне ўзроўню заробкаў у гэтай краіне вярнуліся ў Беларусь, але не знайшлі працу. Пры гэтым на ўлік як беспрацоўныя не сталі праз адсутнасць матэрыяльнай матывацыі», - растлумачыў экспэрт.

На ягоную думку, колькасць незанятых у эканоміцы будзе павялічвацца. Гэта звязана з сітуацыяй вакол індывідуальных прадпрымальнікаў, якія займаюцца раздробным гандлем. Праз змененыя ўмовы працы шмат хто будзе вымушаны сысці з гэтай сферы. І дзяржава атрымае не толькі нястачу некалькіх мільярдаў рублёў падатковых выплат, але і рост колькасці працаздольных, але не занятых у эканоміцы.

Калі гэтыя людзі не знойдуць працу ці не стануць на біржу працы, яны могуць перайсці ў разрад дармаедаў, адзначыў Антон Болтачка: «Пакуль дзеянне дэкрэта №3 не дае аддачы, хоць не варта яго спісваць з рахункаў як спробу змагацца з ценявым сектарам эканомікі».

Агулам, падкрэсліў экспэрт, зніжэнне колькасці працоўных рэсурсаў, занятых у эканоміцы, з'яўляецца негатыўнай тэндэнцыяй.

«Гэта азначае, што нам складаней падвышаць прадукцыйнасць працы, нарошчваць валавы прадукт. Акрамя таго, людзі, не занятыя ў эканоміцы, з'яўляюцца патэнцыйнай крыніцай росту сацыяльнай напружанасці», - сказаў Антон Болтачка.

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках