19 красавiка 2024, Пятніца, 4:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Хто заняў месца Чыжа ў «тусоўцы» Лукашэнкі?

55
Хто заняў месца Чыжа ў «тусоўцы» Лукашэнкі?
Аляксандр Машэнскі
ФОТА з сайта MOGU.BY

Стала вядома, хто цяпер суправаджае дыктатара на забаўляльных мерапрыемствах.

Уладальнік «Санта Брэмара» і «Савушкіна прадукта» Аляксандр Машэнскі ўсё часцей з'яўляецца ў кампаніі дыктатара Аляксандра Лукашэнкі на забаўляльных мерапрыемствах. Пра гэта паведамляе nn.by са спасылкай на інфармаваныя крыніцы.

Учорашняе паведамленне пра затрыманне Юрыя Чыжа нарадзіла пытанне, хто ж заняў ягонае месца ў камандзе дыктатара, якая суправаджае Лукашэнку на адпачынку, канцэртах ды іншых такіх мерапрыемствах.

«Машэнскага сталі часцей прыцягваць. Наколькі ведаю, ён быў у Сочы падчас кароткатэрміновага адпачынку прэзідэнта. Ён, алігарх Аляксандр Шакуцін, галоўны трэнер «Юнацтва» Міхаіл Захараў, віцэ-прэзідэнт Беларускай тэніснай асацыяцыі Сяргей Цяцерын. Ну, гэта значыць, традыцыйная група падтрымкі з бізнэсоўцаў, спартоўцаў, сяброў, прыгожых дзяўчат», - кажа інфармаваная крыніца.

Зрэшты, нагадваюць крыніцы, ні для кога не было сакрэтам, што «Аляксандр Міхайлавіч быў у фаварытах ва ўладаў».

«Можа, не ўсе ягоныя ініцыятывы знаходзілі падтрымку і яму не ўсё было дазволена, але тое, што ён уваходны ў гэтую «тусоўку» - гэта не сенсацыя», мяркуюць крыніцы.

У 2010 годзе Аляксандр Машэнскі ўваходзіў у лік давераных асоб кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі. Пасля гэтага бізнэсоўца хацелі зрабіць не ўязным у краіны Еўразвязу. Але яму ўдалося абараніцца, развеяць сумненні і, больш за тое, наладзіць пастаўкі сваёй прадукцыі ў ЕЗ.

«Усім вядома, што Аляксандр Лукашэнка дапамог Машэнскаму адкрыць дзверы на расейскі рынак. Калі іх не пускалі з вялікімі аб'ёмамі ў Расею, менавіта ўмяшальніцтва Лукашэнкі спрыяла гэтаму», - нагадвае суразмоўца.

Паводле вынікаў 2014 года прыбытак холдынгу Аляксандра Машэнскага перавысіў мільярд даляраў. Толькі «Савушкін прадукт» і «Санта Брэмар» акумулявалі 480 і 442 млн даляраў адпаведна, піша «Штодзённік», паводле версіі якога Машэнскі заняў трэцяе месца ў рэйтынгу самых уплывовых беларускіх бізнэсоўцаў. Пасля ўвядзення Расеяй прадуктовага эмбарга ў дачыненні да заходніх краін пазіцыі малочнага і рыбнага бізнэсаў прадпрымальніка з Берасця яшчэ больш узмацніліся.

Нельга не згадаць пра грамадскую дзейнасць Аляксандра Машэнскага. Бізнэсовец з'яўляецца членам Савета ў развіцці прадпрымальніцтва ў Беларусі і Савета ў развіцці экспарту і тавараправоднай сеткі за мяжой, з'яўляецца ганаровым консулам Ісландыі ў Беларусі і старшынём Беларускай федэрацыі веславання, уваходзіць у назіральную раду Банка развіцця.

Напісаць каментар 55

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках