1 траўня 2024, Серада, 3:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусы прадаўжаюць забіраць валюту з банкаў

25
Беларусы прадаўжаюць забіраць валюту з банкаў
ФОТА: REUTERS

Жыхары Беларусі прадаўжаюць «галасаваць нагамі» супраць зніжэння ставак у валютных дэпазітах.

Аднак беларускія банкі пакуль не падвышаюць адсоткі, разлічваючы ці то на Нацбанк, ці то на расейскіх фундатараў. «Чыя возьме»? - Задае пытанне выданне «Белрынок».

У лютым гэтага года валютныя дэпазіты фізічных асоб у банках Беларусі скараціліся на $143,9 млн пасля зніжэння на $128,1 млн у студзені і склалі на 1 сакавіка $7.940,8 млн.

Пераводныя дэпазіты насельніцтва, гэта значыць, у асноўным сродкі на картках, за люты скараціліся на $27,3 млн і склалі на 1 сакавіка $391,7 млн. У той жа час велічыня непераводных (тэрміновых) дэпазітаў насельніцтва ў лютым знізілася ў параўнанні са студзенем на $116,6 млн - да $7549,1 млн.

Купля валюты кампенсуе адток ашчаджэнняў

Але, нягледзячы на значную страту валютных сродкаў насельніцтва, банкі не павышаюць стаўкі ў валютных ашчаджэннях. Прычына зразумелая: падзенне ставак і перавод ашчаджэнняў насельніцтва на доўгатэрміновыя безадзыўныя дэпазіты з'яўляюцца стратэгічнай палітыкай Нацбанку, які наважыў за кошт насельніцтва зрабіць рэсурсы для прадпрыемстваў таннейшымі. Таму банкі на чале з Нацбанкам цярпліва чакаюць, калі насельніцтва змірыцца са сваёй доляй і пачне ўважаць і зніжаныя адсоткі за дабро.

Збольшага гэты працэс ідзе. Так, сярэдняя стаўка па новых ашчадках у замежнай валюце на тэрмін больш за 1 год у лютым павялічылася на 0,1 адсоткавага пункта і дасягнула 4,2% гадавых. А адсоткі ў кароткатэрміновых валютных дэпазітах стабілізаваліся: сярэдняя стаўка ў новых ашчаджэннях на тэрмін да 1 года ў лютым, як і ў студзені, склала 3,6% гадавых.

Чыста сімвалічны рост па доўгатэрміновых валютных дэпазітах не адлюстроўвае падвышэння ставак банкамі, а паказвае на тое, што людзі ўкладвалі сродкі ў лютым на больш працяглыя тэрміны, дзе дзейнічаюць больш высокія стаўкі. Гэта значыць, прывыканне насельніцтва да нізкіх ставак мае месца. Але пытанне, колькі сродкаў насельніцтва ў банках у выніку застанецца датуль, як гэты працэс скончыцца, застаецца адкрытым.

Перажыць адток валютных дэпазітаў насельніцтва банкам дапамагаюць два фактары. Па-першае, гэта зніжэнне попыту на валютныя крэдыты. На гэта паказвае падзенне ставак у такіх крэдытах. Так, сярэдняя стаўка ў новых крэдытах на тэрмін да 1 года ў лютым знізілася да 9% гадавых з 9,4% у студзені. А сярэдняя стаўка ў новых доўгатэрміновых крэдытах упала да 9,6% гадавых з 10,1% у студзені.

Па-другое, гэта продаж замежнай валюты насельніцтвам. У лютым фізічныя асобы прадалі валюты банкам больш, чым купілі, на $146,6 млн. Гэта практычна раўняецца стратам валютных дэпазітаў. Калі такі прыкладны баланс паміж зняццем сродкаў з банкаўскіх дэпазітаў і продажам валюты фізічнымі асобамі на ўнутраным рынку захаваецца, то страту рэсурсаў банкі перажывуць бязбольна, і Нацбанк, чаго добрага, запатрабуе новага зніжэння ставак у валютных дэпазітах.

А вось калі насельніцтва перастане прадаваць валюту ў значных аб'ёмах, што неўзабаве, відаць, адбудзецца, у банкаў могуць паўстаць праблемы з валютай. Што ў гэтым выпадку будзе прадпрымаць Нацбанк, цяжка прадказаць.

Марныя надзеі

Спадзявацца можна толькі на цуд. Адзін з варыянтаў абмяркоўваўся ў апублікаваным на сайце расейскай газеты «Коммерсант» 25 лютага артыкуле пад назвай «Даляры менскага захоўвання».

Карэспандэнты расейскага выдання апыталі некалькі беларускіх банкаў з расейскім капіталам, і там ім распавялі навіны, якія здаюцца зусім неімавернымі. Як выявілася, у трох расейскіх банках паведамілі пра тое, што ў іх растуць валютныя ашчадкі грамадзян Расеі. Прынамсі, у Альфа-банку (Беларусь) распавялі, што з лістапада 2015 года да студзеня 2016 года прырост дэпазітаў кліентаў-расейцаў дасягнуў 17% супраць 9% за папярэднія 9 месяцаў. А ў «Белгазпрамбанку» прырост размешчаных расейцамі сродкаў у банку за апошнія тры месяцы склаў 30% пры агульным прыросце партфеля па банку 18%.

І гэта пры тым, што ў апошнія месяцы валютныя дэпазіты насельніцтва агулам у банкаўскай сістэме РБ хутка скарачаліся. Як бачым, сітуацыя ў асобных банках можа істотна адрознівацца ад сярэдніх звестак.

У артыкуле ў «Коммерсанте» было прыведзенае і тлумачэнне гэтага дзіўнага феномену. Прычына, прынамсі, у тым, што ў беларускіх банках адсоткі ў дэпазітах прыкладна ў 2 разы вышэйшыя, чым у расейскіх. Напрыклад, у двухгадовых безадзыўных дэпазітах у банках РБ у далярах і еўрах максімальная стаўка складае 5%, тады як у Расеі ў супастаўных па тэрмінах ашчадках - усяго 2,5%. Праўда, у Расеі няма безадзыўных дэпазітаў.

Акрамя таго, у артыкуле ў якасці прывабнага боку беларускіх дэпазітаў былі названыя адсутнасць абмежаванняў сумы страхоўкі ашчадку і выплата кампенсацыі ў выпадку банкруцтва банка ў валюце дэпазіту.

Гэтыя фактары сапраўды сведчаць на карысць дэпазітаў у беларускіх банках. Але мне, шчыра кажучы, цяжка ўявіць разважнага расейскага фундатара, які адважыўся б ва ўмовах існай міжнароднай напружанасці і эканамічнага крызісу ў Беларусі размяшчаць на безадзыўной аснове сродкі ў беларускіх банках на 2 гады.

Цвярозую думку ў дачыненні да перспектывы вяртання беларускіх дэпазітаў «Коммерсанту» выказаў намеснік старшыні праўлення «Райффайзенбанка» Андрэй Сцепаненка: «Негатыўныя сцэнары могуць быць рознымі: ад наўпроставай забароны на вываз валюты з краіны нерэзідэнтамі да абмежавання выплат у ашчаджэннях».

Зрэшты, рызыкоўныя людзі ў Расеі, без сумневу, пападаюцца. Але пытанне ў іх колькасці, і яно наўрад ці будзе значным, і расейскія фундатары беларускіх не заменяць.

Таму артыкул у «Коммерсанте» адлюстроўвае, відавочна, не столькі рэальныя працэсы і магчымасці беларускіх банкаў, колькі пажаданні асобных беларускіх банкіраў аб магчымым прыцягненні фундатараў, якія будуць удзячныя і за нізкія адсоткі ў дэпазітах. Але гэта старая ідэя: бо выключна добрыя ўмовы вяртання грашовых сродкаў насельніцтва ў банках уводзіліся ў Беларусі ў 2008 годзе збольшага ў разліку на фундатараў з Расеі. Але тыя тады не прыйшлі, нягледзячы на крызіс. Тое ж самае будзе і цяпер.

Зрэшты, у сакавіку адток валютных дэпазітаў насельніцтва з беларускіх банкаў можа замарудзіцца, бо з 1 красавіка ў РБ ўводзіцца падаткаабкладанне даходаў, атрыманых ад дэпазітаў, але падатак па ашчаджэннях, адкрытых да 1 красавіка, спаганяцца не будзе. Таму некаторыя людзі могуць паспрабаваць скарыстацца апошняй магчымасцю пазбегнуць падаткаў. Але з красавіка прывабнасць валютных дэпазітаў у беларускіх банках зноў істотна знізіцца, што можа стымуляваць новы адток дэпазітаў.

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках