29 сакавiка 2024, Пятніца, 10:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вітаўтас Бруверыс: Важна, чым скончыцца дыктатура ў Беларусі

2
Вітаўтас Бруверыс: Важна, чым скончыцца дыктатура ў Беларусі
Вітаўтас Бруверыс
Фота: DELFI

У ЕЗ няма дакладнай і зразумелай стратэгіі ў дачыненні да Беларусі, і сапраўдных санкцый супраць Лукашэнкі не было.

Пра гэта ў інтэрв'ю charter97.org заявіў літоўскі палітычны аглядальнік Вітаўтас Бруверыс.

З ягоных слоў, для Літвы Беларусь з'яўляецца вельмі важнай краінай, тым больш важна, чым скончыцца дыктатура, бо яна не вечная. Таксама для Літвы важныя і пытанні магчымага з'яўлення расейскай базы ў Беларусі, а таксама будаўніцтва АЭС.

- Як бы вы ацанілі палітыку ЕЗ у дачыненні да Беларусі, зняцце санкцый і палітыку агулам?

- Я ацэньваюць гэтую палітыку негатыўна, калі не сказаць больш жорстка - вельмі негатыўна, бо гэта нават не палітыка. У ЕЗ у дачыненні да Беларусі няма палітыкі. Пад палітыкай маем на ўвазе нейкія асэнсаваныя, скаардынаваныя дзеянні і план дзеянняў, стратэгію са зразумелай мэтай. Такой мэты ў ЕЗ у дачыненні да Беларусі няма.

Санкцыі... Якія гэта санкцыі? Гэта кропкавыя, персанальныя абмежаванні для групы асобных палітыкаў і чыноўнікаў і ўсё. Пад словам санкцыі я разумею, так бы мовіць, удар дубінай па ўсім целе, структурныя абмежаванні, якія нанясуць шкоду ўсёй дзяржаве і эканоміцы. Такіх санкцыяў у дачыненні да Беларусі не было. Так што гэта тактычныя, часта хаатычныя дзеянні ad hoc у залежнасці ад існага, канкрэтнага моманту.

- Наколькі важнае для Літвы ў гэты момант беларускае пытанне і як на дачыненнях адаб'ецца зняцце санкцый з рэжыму Лукашэнкі?

- Беларускае пытанне для Літвы ў прынцыпе вельмі важнае. Гэта суседняя краіна, вялікая краіна, глыбока звязаная з Літвой эканамічнымі сувязямі. Але эканамічныя сувязі, якія часцей за ўсё выходзяць на першы план, абумоўліваючы літоўскую палітычную пазіцыю, гэта не галоўнае. Галоўнае - гэта рэчы палітычнага плану, пытанне развіцця Беларусі. Я маю на ўвазе, што для Літвы лёсавызначальна важна, чым скончыцца дыктатура ў Беларусі, як яна скончыцца.

У тым, што рана і позна яе час падыдзе да канца - у гэтым няма ніякіх сумневаў, усе дыктатуры заканчваюцца. Трава зялёная, неба блакітнае і дыктатуры канаюць, знікаюць. Галоўнае пытанне - як яна абрынецца, з якой колькасцю крыві. Можа быць. яна проста так разляціцца, але я ў гэта не веру. Я думаю, што развязка будзе ўсё адно дэструктыўнай, з дэструктыўнымі працэсамі. Гэта і важна для Літвы, як для суседняй дзяржавы, наколькі гэтыя працэсы будуць дэструктыўнымі і наколькі яны зачэпяць суседзяў.

Але па сутнасці такое пытанне стаіць і ў дачыненні да Расеі, бо трэба ясна разумець - лёс Беларусі непарыўна звязаны з лёсам Расеі. Беларуская дыктатура гэта не толькі натуральны хаўруснік і ўзнікненне расейскай дыктатуры і імперыялізму, яно неадрыўна звязанае з лёсам Расеі і залежыць ад яе. Беларуская дыктатура будзе жыць столькі, колькі будзе дазваляць ёй жыць дыктатура расейская. Таму для Літвы беларускае пытанне непарыўна звязанае з расейскім пытаннем, як нам будаваць сваю палітыку, арыентавацца ў перспектыве катастрофы беларускага і расейскага рэжымаў.

- Ці варта разглядаць Беларусь як патэнцыйную пагрозу для Літвы ў сувязі з тым, што яна з'яўляецца блізкім хаўруснікам Расеі?

- Калі казаць пра асобна ўзятую Беларусь, то не думаю, што Лукашэнка настолькі хворы на галаву, каб захацеў напасці адзін на ЕЗ, NАТО, Літву. Ён жа не настолькі ненармальны, каб усур'ёз думаць пра гэта. У гэтым плане ён вельмі прагматычны. Яму карысная сітуацыя, якая ёсць, весці гульню з ЕЗ і высмоктваць з яго выгаду, у тым ліку і грашовую для свайго рэжыму. Гэта было заўсёды і прадаўжалася б у будучыні, калі б мы маглі разглядаць Беларусь, як кажуць філосафы, у якасці «рэчы ў сабе».

Але мы гаворым пра Расею, вы згадалі Расею, з якой яна з'яўляецца хаўруснікам у вайсковым плане. І калі адказаць на пытанне коратка, я думаю, адказ зразумелы. Калі расейскі рэжым, выцяты на галаву сваёй якой-небудзь агоніяй, наважыцца пачаць вайну з NАТО і напасці на еўрапейскія, балтыйскія дзяржавы, то відавочна, што Беларусь як вайсковая сіла і тэрыторыя была б часткай гэтага нападу. Вось і ўсё.

- Якой можа быць адказ Літвы на з'яўленне вайсковай базы Расеі ў Беларусі?

- Я думаю, што гэта цалкам відавочна. Гэта пагроза літоўскай нацыянальнай бяспецы. Вядома, Масква будзе казаць пра гэта як пра ўмацаванне сваіх межаў, як яна заўсёды і робіць - што ўзмацненне вайсковых груповак гэта адказ на пагрозу NАТО. Так што Крэмль будзе і ў такім выпадку казаць, што ён толькі ўмацоўвае сваю абарону.

Але літоўскае МЗС і афіцыйная Вільня павінна расцэньваць гэта як патэнцыйную пагрозу Літве, яе незалежнасці, і відавочны факт таго, што беларуская дыктатура яшчэ больш губляе свой суверэнітэт, суб'ектнасць.

Ёсць тэорыя, што беларускі рэжым у пэўным сэнсе незалежны ад Масквы, а Лукашэнка - гарант беларускай незалежнасці. Але гэта хімера, паколькі Лукашэнка сам выдатна разумее, што галоўны гарант ягонага існавання = гэта Крэмль. І ён усё больш падае ў абдымкі Масквы, а суб'ектнасць і самастойнасць Беларусі і цяпер з'яўляюцца ўжо тэарэтычнай рэччу. Таму база была б яскравым сімвалам таго шляху, якім рухаецца Беларусь.

- Апошнім часам у Літве абвастрылася і ўсё часцей палітыкамі абмяркоўваецца пытанне будаўніцтва АЭС у Беларусі. Якія ў Літвы ёсць магчымасці для ўплыву на гэты працэс і што азначаюць планы Менска ў гэтым пытанні для Літвы?

- У першую чаргу гэта небяспечна, бо гэтая АЭС можа быць такой жа бруднай бомбай як Чарнобыль, таму што няма ніякіх механізмаў еўрапейскага кантролю над гэтым аб'ектам. У Літвы вялікіх рычагоў уплыву на гэта, вядома, няма. Самае галоўнае, што павінна рабіць афіцыйная Вільня - гэта імкнуцца прыцягнуць на свой бок ЕЗ, Захад.

Пастарацца зрабіць так, каб пытанне гэтай станцыі стала часткай агульнаеўрапейскага парадку дня ў размове з Беларуссю. Але, вяртаючыся да пачатку нашай размовы, можна зноў сказаць, што зразумелага, асэнсаванага парадку дня ЕЗ і Захад агулам у дачыненні да Беларусі не маюць. Таму ў гэтым і пытанне, ці можа Літва ўплываць на тое, чаго няма?

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках