17 снежня 2024, aўторак, 11:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

IT-спецыяліст: Што будзе са Skype і Viber у Беларусі

56
IT-спецыяліст: Што будзе са Skype і Viber у Беларусі
Фото с сайта tut.by

Цалкам магчыма, што можа адбыцца ліквідацыя і Skype, і іншых сродкаў абмену звесткамі ў сетцы.

Пастанову Лукашэнкі «Аб удасканаленні парадку перадачы паведамленняў электрасувязі» і яго наступствы журналіст «Белсата» абмеркаваў з экспэртам «Беларускага пірацкага цэнтра» Міхаілам Волчакам.

- Што будзе са Skype і мабільным мэсанджарам тыпу Viber?

- «Скайпы», «гугл хэнгаутсы», «вайберы» - гэта не праблема, а наступствы. Цяпер адбываецца парушэнне важных лічбавых правоў і прынцыпаў арганізацыі глабальнай сеткі. Пра іх трэба гаварыць. Перш за ўсё, гэта сеткавы нейтралітэт: трафік ранжыру. Нейкі трафік мае большы прыярытэт або цікавасць, нейкі менш. Гэта ў тым ліку азначае, што ідзе ўздзеянне на хуткасць і кошт трафіку. Апошняя ініцыятыва Аператыўна-аналітычнага цэнтра пагаршае правы прыватнасці, таму што новае рэгуляванне замацоўвае прынцып масавага збору звестак карыстальнікаў.

Другі парушаны прынцып сеткі - даступнасць і свабода перамяшчэння трафіку. Сетка падзяляецца і абрастае яшчэ вялікімі межамі. Гэта як з прапіскай: калі ў вас яе няма - у вас няма шмат якіх правоў. Таму парушаецца і права на камунікацыю і свабоду перамяшчэння сеткавых грамадзян. Іншымі словамі працягваецца пабудова сеткавых мытняў. Таму тут спажыўцы могуць абурацца як на магчымыя праблемы са Skype, так і на абмежаванні атрымання пасылак праз мяжу. Важна адзначыць, што ўзмоцненае рэгуляванне сеткі абмяжоўвае доступ магчымых ініцыятыў супольнасцяў у развіцці сэрвісаў галасавога трафіку праз сваю інфраструктуру і пакідае гэта права толькі за буйнымі правайдэрамі, у якіх будзе магчымасць трымаць дарагое праграмнае забеспячэнне для кантролю. Тут можна сказаць аб працягу манапалізацыі рынку тэлекамунікацый.

- Гэта значыць «скайпы» і «вайберы» не знікнуць, але будуць працаваць горш праз працу гэтых так званых сеткавых мытняў?

- Магчыма нават не адчуецца, што яны будуць працаваць горш. Але прынцыпы сапраўды стануць горш. Сам факт ранжыравання трафіку, змяншэння ананімнасці і прыватнасці абмену трафікам, сеткавыя мытні, масавы некантралюемы збор персанальных звестак карыстальнікаў у сукупнасці ствараюць перадумовы для татальнага адсочвання і абмежаванняў. Супраць усёй гэтай навалы не хапае інструментаў і інстытутаў, якія б забяспечвалі баланс. Таму тут вельмі лёгка можа быць перакос.

- Акрамя гісторыі сайтаў, якія мы наведваем, што сёння маюць магчымасць ведаць пра нас сілавікі і ўлада, калі мы карыстаемся смартфонам або інтэрнэтам на кампутары?

Гэта іншая тэма. Так на працягу 2015 і пачатку 2016 года выйшлі дзве пастановы, а таксама былі прынятыя арганізацыйна-тэхнічныя захады ў змяншэнні права на прыватнасць і ўзмацненню кантролю сеткі. Увогуле, для спецыялістаў гэтыя абмежаванні - адносныя, як і для большасці. Тут перш за ўсё закранаецца пытанне крыміналізацыі свабодаў - не на падставе сацыяльнага зла, але на падставе цэнзуры дзяржавы.

- Што зменіцца з выхадам гэтага ўказу?

- Гэты ўказ працягвае серыю пастаноў і ўказаў, якія з'яўляюцца на працягу 2015 года ў пашырэнні правоў сілавога блока, які кантралюе бяспеку.

- Ці ёсць аналаг гэтага ўказа ў свеце? Ці ёсць у ім нешта добрае? І ўсё ж ён называецца «Аб удасканаленні».

- Рэгуляванне галасавога трафіку адбываецца ў многіх краінах - у Індыі, ЗША, Еўразвязе. Калі разабрацца, беларускія ўлады не прыдумляюць нешта новае, яны глядзяць, як зроблена ў іншых краінах і спрабуюць выкарыстоўваць у нас. Але тое, як гэта ў іх атрымаюць - расхлёбваць нам, сеткавым грамадзянам. Варта разгледзець, на якой падставе прымаюць такое рэгуляванне. З аднаго боку, у краінах з развітым рынкам гэта рэгуляванне тычыцца роўных умоў гаспадарання і пратакольнага сумяшчальніцтва (галасавога трафіку са звычайнымі тэлефоннымі сеткамі). З іншага боку, у краінах з аўтарытарнай формай праўлення і пераходнай эканомікай рэгуляванне часта нацэленае на паглыбленне кантролю за насельніцтвам. У нашай краіне, на мой погляд, сышліся два фактары. Першы фактар - пашырэнне актыўнага кантролю, і, як вынік, - змяншэнне ананімнасці карыстальнікаў. Другі фактар - эканамічная прычына: цэнтральны правайдэр, «Белтэлекам», не супраць атрымліваць больш прыбытку ад гэтага тыпу трафіку (VoIP), таму ўсе абаненты павінны быць аўтарызаванымі і персаніфікаванымі спажыўцамі.

- Чаго яны хочуць дамагчыся гэтай пастановай?

- Асноўная фішка - дынамічная апрацоўка звестак, якія па законе правайдэры абавязаныя збіраць і зліваць у рэальным часе сілавікам на падставе любога запыту. Межы такіх запытаў вельмі размыта прапісаныя ў законе, таму могуць быць злоўжыванні.

- Ці можа ліквідацыя або абмежаванне ананімнасці такіх мегапапулярных рэчаў, як Skype і месэнджары, разварушыць маладых беларусаў, каб яны пачалі цікавіцца тым, што адбываецца ў краіне?

- Вядома, можа адбыцца ліквідацыя і Skype, і іншых сродкаў. Беларусы і не такое перажылі. Але абмежаванне толькі ў адной краіне не настолькі важна ў глабальным свеце. Касмапалітычная моладзь можа лёгка пакінуць краіну ў пошуках месца, дзе больш свабодаў. А больш кансерватыўная частка грамадства, думаю, гатовая ў большай частцы падтрымаць такія захады рэгулявання.

Асноўны тэзіс дзяржавы ў прасоўванні такіх ініцыятыў - гэта святая карова «Бяспека». Дзеля яе знішчаюць правы і свабоды для творчасці - я маю на ўвазе сацыяльную творчасць грамадзян, і асновы магчымых рэформаў у краіне. Таму тут пытанне - як моладзь будзе разумець паняцце «бяспекі».

«Разварушыць» яе можа доўгае і дбайнае выхаванне лічбавай пісьменнасці, якая грунтуецца на адкрытай, дынамічнай культуры. Спажывецкая незадаволенасць не мае моцнай і ўстойлівай базы. Культура падазронасці і страху, няўпэўненасці, якая культывуецца ў грамадстве апошнія дзесяцігоддзі, - гэта праблема. Таму перамены для моладзі могуць пачацца з лічбавай асветы, дыялогу пра культуру і будучыню, «бяспеку», якую моладзь хоча бачыць тут, у Беларусі. Пазней сфармулююць новыя каштоўнасці і новая краіна.

Цяпер варта ўключыцца ў глабальныя рухі, якія выступаюць за лічбавыя правы сеткавых грамадзян ва ўсім свеце. Гэта дасць досвед працы з такімі праблемамі, бо пытанне лічбавых правоў і Сеткі - глабальнае.

Напісаць каментар 56

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках