4 чэрвеня 2024, aўторак, 17:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

КДБ папярэджвалі аб ненадзейнасці Чарнобыльскага рэактара за два гады да аварыі

5
КДБ папярэджвалі аб ненадзейнасці Чарнобыльскага рэактара за два гады да аварыі
Фота: Віталь Анько

Служба бяспекі Украіны рассакрэціла шэраг дакументаў савецкага часу, якія тычацца аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

У адным з гэтых дакументаў папярэджваецца, што рэактар тыпу РБМК-1000, які выкарыстоўваўся на ЧАЭС, недастаткова надзейны, а яго недахопы могуць прывесці да сур'ёзнай аварыі, паведамляе «Радыё Свабода».

У сакрэтнай дакладной запісцы на імя начальніка Прыпяцкага КДБ падпалкоўніка Мікалаева Ю. В., датаванай 14 жніўня 1984 года, начальнік 6-га аддзела Управы КГБ Украінскай ССР палкоўнік Турко М. А., прынамсі, піша:

«Паводле наяўных звестак, рэактар тыпу РБМК-1000 не абсталяваны сістэмамі аварыйнага заліву актыўнай зоны, а таксама сістэмамі аварыйнага энэргасілкавання, у першую чаргу помпаў. У канструкцыі рэактара не прадугледжаная ахоўная абалонка бяспекі.

Канструкцыйныя недахопы рэактара, а таксама асобныя парушэнні правілаў яго эксплуатацыі могуць стаць прычынай сур'ёзных аварый.

З улікам выкладзенага, просім правесці пільны аналіз тэхнічнага стану рэактараў 1-га і 2-га блокаў, супольна са спецыялістамі вызначыць месцы, найбольш праблематычныя ў плане ўзнікнення перадумоў да «надзвычайных здарэнняў», правесці падрабязны аналіз прычын аварый, што мелі месца раней, захадаў, ужытых адміністрацыяй, ацаніць іх эфектыўнасць і надзейнасць, вывучыць выяўленыя ў працэсе правядзення агентурна-аператыўных мерапрыемстваў факты парушэння правілаў эксплуатацыі рэактараў гэтага тыпу. Адначасова просім паведаміць, якія захады для павышэння надзейнасці, ужываюцца на энэргаблоках, што цяпер будуюцца.

У сувязі з неабходнасцю справаздачы ў КДБ СССР з адказам просім не затрымліваць».

З дакумента незразумела, чаму праверку меркавалася праводзіць менавіта на першым і другім энэргаблоку Чарнобыльскай АЭС, а не на чацвёртым, дзе праз два гады адбылася аварыя. Таксама невядома, што было зробленае ў сувязі з гэтай запіскай і якім быў адказ.

Нагадаем, што паводле інфармацыі грамадскіх актывістаў, пры мантажы рэактара на Астравецкай АЭС дапушчаныя інжынерныя памылкі.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках