4 чэрвеня 2024, aўторак, 14:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

РЕН ТВ выдаліў навіны аб сутыкненні расейскай і польскай субмарын

6
РЕН ТВ выдаліў навіны аб сутыкненні расейскай і польскай субмарын
Архіўныя фота

Тэлеканал РЕН ТВ выдаліў са свайго сайта навіны аб сутыкненні расейскай падводнай лодкі з польскай субмарынай Orzeł («Ожэл»).

Спасылка, па якой раней была даступная навіна з загалоўкам «Расейская і польская субмарыны сутыкнуліся ў Балтыйскім моры», цяпер вядзе на старонку з навінамі тэлеканала. Такая ж сітуацыя адбываецца пры спробе прайсці па спасылцы на навіну «Расейская падлодка прымусіла ўсплыць польскую субмарыну», паведамляе РБК.

Першая навіна даступная ў кэшы сацыяльнай сеткі «Вконтакте». У артыкуле гаварылася, што інцыдэнт адбыўся «на днях» у Балтыйскім моры ля берагоў Пілаускай паўвыспы. РЕН са спасылкай на свае крыніцы паведамляў, што «расейская субмарына не атрымала значных пашкоджанняў і пасля ўсплывання сышла на вайскова-марскую базу».

Аднак «Ожэл», паводле звестак тэлеканала, «пасля ўсплывання давялося адбуксіраваць ад месца сутыкнення». Пры гэтым атрымаць якія-небудзь каментары ў расейскім Мінабароны каналу не ўдалося.

У другой навіне, якая захавалася ў кэшы Google, прыводзяцца падрабязнасці сутыкнення. «Сутыкненне субмарын блізу Балтыйска выявілася нічым іншым, як «выхаваўчым манеўрам»: расейская субмарына прымусіла польскую ўсплыць на паверхню», - сцвярджаў РЕН. Са словаў крыніцы, знаёмай з сітуацыяй, «Ожэл» «заблудзілася» і апынулася ў небяспечнай блізкасці ад палігона расейскага ВМФ. Тэлеканал падкрэсліваў, што, магчыма, гэта адбылося «не выпадкова».

«Расейскі атамны ракетаносец «Краснадар» падплыў да польскага судна і акуратна падштурхнуў яго знізу ўверх, пасля чаго «Ожэл» паднялася на паверхню. «Краснадар» усплыў следам, пазначыў сваю прысутнасць і затым сваім ходам сышоў у бок базы. У той жа час польскае судна давялося ад месца сутыкнення адбуксіраваць», - гаварылася ў публікацыі.

Інфармацыю аб сутычцы ў каментары «Коммерсанту» зняпраўдзіў намеснік прэс-сакратара Генеральнага штаба Узброеных сіл Польшчы падпалкоўнік Марэк Петжак.

«Наша падлодка знаходзіцца на сваёй базе і ў найбліжэйшы час пачнецца прэс-канферэнцыя камандзіра базы. Сутыкнення не адбылося, і быць не магло, бо ў апошнія некалькі дзён наша субмарына знаходзілася выключна ў Гданьскім заліве і не выходзіла ў адкрытае мора», - заявіў ён.

У Мінабароны і Галоўным штабе ВМФ РФ сітуацыю выданню не пракаментавалі.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках