Лаўроў прыгразіў Швецыі «вайсковымі мерамі»
34- 29.04.2016, 9:13
- 9,079
Расея прыме вайскова-тэхнічныя меры ў выпадку, калі Швецыя наважыць увайсці ў Паўночнаатлантычны альянс.
Пра гэта заявіў міністр замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў у інтэрв'ю шведскаму выданню Dagens Nyheter, паведамляе «Украинская правда».
«Калі Швецыя наважыць увайсці ў NATO, у нас не з'явяцца думкі, што шведы наважаць на нас нападаць. Гэта я магу адразу сказаць», - адзначыў ён.
«Але паколькі шведская вайсковая інфраструктура ў той сітуацыі будзе ўжо падпарадкоўвацца Вярхоўнаму Галоўнакамандаванню NATO, то, вядома, мы на нашых паўночных рубяжах будзем вымушаныя прыняць неабходныя вайскова-тэхнічныя меры, зыходзячы з таго, што па той бок мяжы знаходзіцца вайскова-палітычны блок, які ўважае Расею пагрозай і хоча яе ўсяляк стрымліваць», - заявіў Лаўроў.
Пры гэтым расейскі міністр не стаў канкрэтызаваць крокі, якія можа зрабіць Расея, заявіўшы, што гэта справа вайскоўцаў - Міністэрства абароны і Генеральнага штаба Расеі.
«Адна справа, калі ў цябе на поўначы сярод тваіх суседзяў нейтральныя дзяржавы, іншая справа, калі яны сябры NATO, які, яшчэ раз паўтару, мы разглядаем як рэальнасць, але ў апошні перыяд адназначна абвяшчае сваёй мэтай стрымліванне Расеі, называючы яе галоўнай пагрозай», - сказаў Лаўроў.