Лідскія прадпрымальнікі: Трэба было ў пачатку года ісці на барыкады
13- 29.04.2016, 13:58
- 7,983
Прадпрымальнікаў трэба мабілізоўваць на масавы адкрыты пратэст.
Пра гэта распавёў старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, каментуючы мінулую сустрэчу актыву АГП з прадпрымальнікамі горада Ліды Гарадзенскай вобласці.
«Людзі кажуць: «Улада павярнулася да нас сваёй тлустай пятай кропкай, а сілавікі, кантралёры трымаюць руку на шыі», - распавёў сайту ucpb.org Анатоль Лябедзька. - Многія прадпрымальнікі адкрыта кажуць: «Былі б маладзейшыя, ужо сабралі б чамадан і рушылі ў бок вакзалу». Як гэта ні дзіўна, але многія мяркуюць, што трэба было не заляцацца з уладамі і не чакаць падачак зверху, а мабілізоўваць прадпрымальнікаў на масавы адкрыты пратэст, а так «страцілі час і цяпер сядзім і трасёмся ў шапіках».
У той жа час спікер АГП Ірына Давідовіч адзначае: «Прыемна было чуць словы ўдзячнасці ад прадпрымальнікаў. Ніхто не адмовіўся ад інфармацыйных матэрыялаў з тэкстам «Платформы-11» (прапановы, што неабходна зрабіць для развязання праблем прадпрымальнікаў)».
У Лідзе старшыню АГП і ягоных калег паўсюдна суправаджалі прадстаўнікі сілавых структур.
«Эскорт з двух змяняючых адзін аднаго аўтамабіляў - гэта, вядома, ганарова, але немагчымая дурнота і каштуе нятанна», - адзначыў Анатоль Лябедзька. - «Усё больш пераконваюся, што ў нас цэлыя аддзелы непрыкрытых гультаёў, трутняў на дзяржаўным адкорме».
Сачэнне прадаўжалася і пасля таго, як актывісты АГП пакінулі Ліду.
«Як толькі мы пад'ехалі да палаца Умястоўскіх на тэрыторыі Іўеўскага раёна, тут жа наляцелі памежнікі, - падзяліўся сваімі ўражаннямі актывіст АГП Дзяніс Красачка. - Такое адчуванне, што да нашага аўтамабіля прымацаваны маячок. Але гэта ніяк не паўплывала на нашы планы. Зрабілі ўсё, што хацелі, і нават больш».
Нагадаем, што ў лютым прадпрымальнікі правялі тры маштабныя акцыі пратэсту на Кастрычніцкай плошчы ў Менску.