Кіраўнік МЗС аб адмове «Начным ваўкам» ва ўездзе: Наш аргумент - бяспека краіны
23- 29.04.2016, 21:50
- 7,899
Адмова ў дазволе на ўезд на тэрыторыю Польшчы расейскім матацыклістам абгрунтаваная прадпісаннямі ў сфэры бяспекі.
Міністр замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі 29 красавіка заявіў, што прычынай адмовы ў дазволе на ўезд на тэрыторыю Польшчы арганізаванай групе расейскіх матацыклістаў, у склад якой мусілі ўвайсці ўдзельнікі клуба «Начныя ваўкі», сталі «прадпісанні ў сфэры бяспекі», перадае «Радыё Польшча».
Адказваючы на пытанне журналістаў аб рэакцыі МЗС Расеі на пастанову Варшавы міністр Вашчыкоўскі сказаў, што спадзяецца, што амбасадар Польшчы ў РФ Катажына Пелчыньска-Наленч зможа спакойна растлумачыць сітуацыю. Таксама міністр дадаў, што галоўны аргумент польскай стараны - гэта дзяржаўная бяспека.
«Мы мяркуем, што калі нешта можа пагражаць бяспецы краіны, то мы будзем гэтаму супрацьстаяць», - дадаў міністр замежных спраў Польшчы.
Вашчыкоўскі таксама паведаміў, што польскія ўлады перадалі амбасадзе Расейскай Федэрацыі ў Варшаве ноту, у якой праінфармавалі расейскую старану аб адмове ў дазволе на ўезд на тэрыторыю Польшчы арганізаванай групе расейскіх матацыклістаў.
Нагадаем, што ў 2015 годзе МЗС Польшчы таксама адмовіла матацыклістам ва ўездзе.