28 сакавiка 2024, Чацвер, 20:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзярждэпартамэнт ЗША: Мы можам аднавіць санкцыі супраць Лукашэнкі

38
Дзярждэпартамэнт ЗША: Мы можам аднавіць санкцыі супраць Лукашэнкі
ФОТА: SHUTTERSTOCK

Пастанова пра санкцыі супраць рэжыму залежыць ад вынікаў «парламенцкіх выбараў».

Пастанова аб зняцці або захаванні санкцый у дачыненні да беларускіх прадпрыемстваў будзе прымацца з улікам некалькіх чыннікаў, асноўным з якіх стануць вынікі «парламенцкіх выбараў».

Пра гэта заявіў 29 красавіка ў Вашынгтоне афіцыйны прадстаўнік Дзярждэпартамента ЗША Марк Тонэр.

Як паведамлялася раней, у пятніцу ЗША прадоўжылі пастанову аб змякчэнні санкцый у дачыненні да шэрагу беларускіх прадпрыемстваў да 31 кастрычнiка 2016 года.

«Міністэрства фінансаў ЗША з улікам кансультацый і ў каардынацыі з Дзяржаўным дэпартаментам ЗША падаўжае дазвол на ўкладанне ўгод з беларускімі прадпрыемствамі, якія падпадаюць пад санкцыі згодна з указам прэзідэнта ЗША № 13405. Гэты дазвол не вызваляе заблакаваную ўласнасць гэтых прадпрыемстваў», - гаварылася ў паведамленні Мінфіна ЗША, паведамляе БелаПАН.

«Мы разглядаем гэта як стымул для ўраду Беларусі зрабіць дадатковыя захады з пункту гледжання захавання правоў чалавека, свабоды СМІ, свабоды грамадзянскай супольнасці, дэмакратычных выбараў, асабліва што тычыцца парламенцкіх выбараў 2016 года. Мы таксама разглядаем гэта як дапамогу ў падтрымцы эканамічнай незалежнасці Беларусі, яе суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці», - заявіў Тонэр.

Сітуацыю з выкананнем правоў чалавека ў Беларусі прадстаўнік Дзярждэпартамента назваў «неадназначнай». Паводле ягоных слоў, нягледзячы на тое, што беларускі ўрад ужо дэманстраваў некаторыя крокі для ўрэгулявання гэтай сітуацыі, на гэтым спыняцца рана.

«Сённяшняя пастанова з'яўляецца стымулам для беларускага ўрада, каб зрабіць дадатковыя захады. Калі будзе прагрэс у гэтым кірунку, мы, безумоўна, зробім дадатковыя крокі. Калі не - застаецца варыянт аднаўлення санкцый, калі спатрэбіцца», - заявіў Марк Тонэр.

Санкцыі ў дачыненні да шэрагу беларускіх прадпрыемстваў былі ўведзеныя ў 2006 годзе і з тых часоў неаднаразова падаўжаліся. Абмежаванні дзейнічаюць у дачыненні да дзяржаўных прадпрыемстваў «Белнафтахім», «Белшына», «Гродна Азот», «Гродна Хімвалакно», «Лакафарба», «Нафтан», «Полацк-Шкловалакно», а таксама «Беларускі нафтавы гандлёвы дом» і Belneftekhim USA Inc.

29 кастрычніка 2015 года Мінфін ЗША прыняў пастанову аб частковым змякчэнні санкцый на паўгода (да 30 красавіка 2016 году), дазволіўшы транзакцыі. Пры гэтым, калі сума ўгоды перасягае 10 тысяч даляраў, грамадзяне ЗША абавязаныя паведамляць ва ўправу кантролю замежных актываў Дзярждэпартамента.

Напісаць каментар 38

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках