16 красавiка 2024, aўторак, 14:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гарадзенскія ІП: «Няма пакупнікоў ні ў будзень, ні ў свята»

71

Гарадзенскія гандляры распавядаюць, што за апошнія двадцаць гадоў не памятаюць такіх часоў.

Рынак «Паўднёвы» - адзін з найбуйнейшых не толькі ў Гародні, але і ва ўсёй Беларусі. Пераважная большасць прадпрымальнікаў выходзяць на працу, але здараецца, што цэлымі днямі, а нават тыднямі нічога не прадаецца, паведамляе «Радыё Свабода».

Пакупнікоў на рынку няма, хоць кіёскі адчыненыя. Прадпрымальнікі, сцяўшыся ад холаду, абмяркоўваюць што-небудзь паміж сабой або проста гуляюць у карты.

ФОТА: SVABODA.ORG

- Сітуацыя такая, што няма з чаго нават заплаціць падатак, - кажа стомленым голасам прадпрымальніца Аліна. - Вунь многія суседзі пазакрывалі шапікі: хто кінуў зусім прадпрымальніцтва, хто з'ехаў на заробкі за мяжу. Няма пакупнікоў ні ў будзень, ні ў свята, нічога не прадаецца.

Ейны муж сумна дадае, што і тыя, хто падыходзіць паглядзець тавар, як правіла, нічога не купляюць.

- Людзі адразу пытаюць, ці не прададзім за палову кошту. А тут ужо кошты і так даўно за паўкошту ад таго, за што купляўся тавар. Я не ведаю, але больш за два месяцы мы так не пратрымаемся.

ФОТА: SVABODA.ORG

Іх суседка, Таццяна, кажа, што на рынку дэпрэсія. Прадпрымальнікі выходзяць на працу, але могуць прастаяць пару тыдняў і ніводнай рэчы не прадаць.

- Вось такія цяпер часы. Я за ўсе 20 гадоў працы нічога такога не памятаю. А падаткі трэба заплаціць напачатку месяца, за арэнду таксама, яшчэ і сацыяльны падатак. А з чаго іх плаціць?

Іван гандлюе разам з жонкай мужчынскай вопраткай. Кажа, што ў дом няма каму цяпер прыносіць грошы. Ягонач жонка, Святлана, спрабавала шукаць працу, але за тры месяцы нічога не знайшла.

- Нічога не будзе да таго часу, пакуль не стануць плаціць людзям заробкі на прадпрыемствах. Людзям стае толькі на хлеб і камунальныя, а сюды ўжо амаль ніхто не прыходзіць. Ды з тымі сертыфікатамі ў нас стан падвешаны, бо належных дакументаў пераважная большасць прадпрымальнікаў не мае. Гэта цяпер ўвялі мараторый на праверкі. А калі пойдуць правяраць, то будзе бяда, штрафы пасыплюцца... Добра, што хоць дзяцей павывучвалі, а то як бы цяпер было гадаваць...

Галіна прадае хатнія дэкаратыўныя рэчы. Сумна ўсміхаецца і кажа, што за цэлы месяц не прадала ніводнай рэпрадукцыі. Яшчэ ў мінулым годзе, маўляў, хоць перад святамі людзі нешта куплялі, а ў гэтым годзе ніхто нават і не падыходзіць. А кіёск яна адкрывае кожны дзень.

ФОТА: SVABODA.ORG

- Мне вось падаткі і арэнду трэба заплаціць звыш трох мільёнаў, а я нічога не зарабіла. У доме сям'я, дзяцей у школу трэба адпраўляць. Спрабавала ўладкавацца настаўніцай музыкі - безвынікова. Працу знайсці зусім немагчыма, мы тут нікому не патрэбныя. Дарэчы, і тавар у мяне ўвесь беларускі, і дакументы на ўсе ёсць. Але ніхто нічога не можа купіць. Адзінае, што ратуе, - лецішча. У мінулым годзе нарыхтавала на зіму агуркоў, памідораў, іншых кансэрваў, і вось цэлую зіму на гэтым пратрымаліся. Гэта калі такое было? І самае страшнае, што няма на што спадзявацца. Цяпер стала праблематычна нават на працу дабрацца, бо кожны дзень на маршрутку трэба аддаць 20 тысяч...

Аляксандр кажа, што самае крыўднае ў гэтай сітуацыі - што ніхто нават слова добрага не скажа ў падтрымку, не тое каб нешта купіць. Маўляў, людзі злыя, а ва ўладаў да гандляроў таксама справы няма.

- Я ж пачынаў у 90-я, тады таксама няпроста было. Але тады дзяржава да нас павярнулася тварам, не чапалі, давалі займацца ўсім тым, хто што можа і ўмее, і неяк выкараскаліся. А цяпер пры гэтых законах ты наогул вінаваты нават у тым, што існуеш.

ФОТА: SVABODA.ORG

Ягоны сусед Андрэй, які далучаецца да размовы, шкадуе, што прадпрымальнікі разрозненыя, няма салідарнасці паміж людзьмі і ўсе ўсяго баяцца:

- У гэтым годзе вось выбары будуць у «парламент». Але якія на іх надзеі? Колькі іх ужо было, і... паглядзіце, ні адзін «дэпутат» да нас не прыйшоў у гэтыя складаныя часы, не пагаварыў, нічога, як быццам нас няма наогул. Я так больш і не пайду за іх галасаваць, бо таксама не бачу ніякага сэнсу. Мы наогул тут усё разам не ведаем, што рабіць далей. Пражываем кожны дзень, як Бог дае, а што далей будзе - невядома...

З ім пагаджаецца Ірына. І дадае, што і прадпрымальнікаў, і краіну агулам чакае калапс, калі найбліжэйшыя месяцы не зменіцца эканамічная сітуацыя.

- Я паводле адукацыі гісторык. Вось ужо тры месяцы шукала працу - безвынікова. Паўсюль на прадпрыемствах скарачэнні, новых працоўных месцаў ствараецца мізэр, заробкаў стае на тое, каб толькі заплаціць за кватэру і потым на прадукты, каб з голаду не памерці. Вось Танін сын - 25 гадоў, чацвёрты месяц сядзіць без працы, паабіваў усе парогі - і нідзе нічога. Мой муж мае ўсе катэгорыі кіроўцы, а шафёрам нідзе не можа знайсці працу. Ды мы тут грошы ў гэты тавар уклалі, а дастаць іх назад не можам.

Як адзначаюць цяпер святы? Адзін Вялікдзень ужо быў, а другі вось-вось наступіць. Гэтае пытанне выклікала ў людзей усмешкі, адказваюць амаль у адзін голас:

- Абавязкова адзначаем, абавязкова. Зразумела, што цяпер больш сціпла, чым раней, але ўсё адно адзначаем, як і нашы бацькі адзначалі, хоць і жылі за савецкай уладай. Хоць, вядома, няма таго, што раньш было...

Напісаць каментар 71

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках