Spiegel: Фармат «Вялікай васьмёркі» назаўжды застаўся ў мінулым
6- 30.04.2016, 18:07
- 27,869
У міністэрстве канцлеркі ФРГ Ангелы Мэркель не вераць, што Расея здольная выканаць умовы для вяртання ў G8.
Цяперашні фармат «Вялікай сямёркі» наўрад ці будзе зноў пашыраны да G8. Такое меркаванне выказваюць у міністэрстве федэральнай канцлеркі Нямеччыны Ангелы Мэркель, піша Der Spiegel (пераклад - РБК), спасылаючыся на неназваныя крыніцы ва ўстанове.
«Фармат G8 мёртвы», - заявілі ў міністэрстве. У апараце Мэркель сумняваюцца, што Масква зможа выканаць умовы свайго вяртання да «васьмёркі». Акрамя таго, паводле звестак часопіса, супраць аднаўлення G8 выступаюць амерыканскія ўлады.
Умовамі вяртання Расеі ў G8 Нямеччына ўвосень мінулага года называла развязанне канфлікту ва Украіне і супрацоўніцтва наконт Сірыі. Пры гэтым летам канцлерка ФРГ Ангела Мэркель заявіла, што на гэты момант уважае «неймаверным» вяртанне да «васьмёркі». Нямецкая лідарка патлумачыла, што ў G7 уваходзяць краіны, якія падзяляюць дэмакратычныя каштоўнасці і вяршэнства закона, а, на яе думку, у цяперашні момант Расея не з'яўляецца такой дзяржавай.
«Вялікай васьмёркай» называюць нефармальныя аб'яднанні Расеі, Вялікай Брытаніі, Нямеччыны, ЗША, Італіі, Францыі, Канады і Японіі. Расея ўдзельнічала ў працы групы з 1997 да 2014 года. Пасля далучэння Крыму ўдзел Масквы ў гэтым фармаце быў прыпынены.