6 траўня 2024, панядзелак, 10:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Турэцкія заўзятары цёпла павіншавалі Аляксандра Глеба з 35-годдзем

2

Прыхільнікі клуба з Анкары падарылі імянінніку торт з выявай гульца і намалявалі віншавальны плакат з кранальным тэкстам.

Турэцкія заўзятары цёпла павіншавалі футбаліста нацыянальнай каманды Беларусі Аляксандра Глеба з 35-годдзем, якое паўабаронца «Генчлербірлігі» адзначыў 1 траўня, паведамляе tut.by.

Прыхільнікі клуба з Анкары падарылі імянінніку торт з выявай гульца і намалявалі віншавальны плакат з кранальным тэкстам.

Аляксандр Глеб пакінуў БАТЭ і падпісаў кантракт з турэцкім клубам «Генчлербірлігі» ў студзені гэтага года. Пагадненне разлічанае на паўгода.

У сёлетнім чэмпіянаце Турцыі Глеб згуляў за каманду з Анкары ў 12 паядынках, яшчэ ў адным знаходзіўся ў запасе. З прыходам беларуса дружына атрымала 8 перамог, 2 разы згуляла ўнічыю і пацярпела 3 паразы, падняўшыся з 16-га на 9-е месца ў турнірнай табліцы. За 5 тураў да фінішу чэмпіянату «Генчлербірлігі» адстае ад зоны еўракубкаў на 8 балаў.

Глеб ужо выступаў за «Генчлербірлігі» ў сезоне 2014/15 як раз перад чарговым вяртаннем у барысаўскі БАТЭ. Тады ён правёў за турэцкі клуб 15 матчаў і забіў 2 мячы.

За БАТЭ ў мінулым сезоне Глеб правёў 4 матчы ў чэмпіянаце Беларусі і 7 паядынкаў у Лізе чэмпіёнаў.

Аляксандр Глеб шэсць разоў прызнаваўся найлепшым гульцом Беларусі (2002, 2003, 2005, 2006, 2007, 2008). Станавіўся пераможцам Лігі чэмпіёнаў (2008/09), чэмпіёнам Гішпаніі (2008/09), чэмпіёнам Беларусі (1999, 2012, 2013 года), уладальнікам Кубка Гішпаніі (2008/09), уладальнікам Кубка ангельскай лігі (2010/11), срэбным прызёрам чэмпіянату Нямеччыны (2002/03), бронзавым прызёрам чэмпіянату Англіі (2007/08).

Аляксандр Глеб выступаў за БАТЭ (1999-2000; 2012-13, 2015), нямецкі «Штутгарт» (2000-05, 2009-10), ангельскі «Арсенал» (2005-08), гішпанскую «Барселону» (2008-09), ангельскі «Бірмінгем» (2010-11), нямецкі «Вольфсбург» (2011), расейскія «Крылы Саветаў» (2012), турэцкія «Коньяспор» (2014) і «Генчлербірлігі» (2015, з 2016-га да цяперашняга часу).

Глеб - першы беларускі футбаліст, які сыграў у фінале Лігі чэмпіёнаў. Здарылася гэта ў 2006 годзе, калі ён абараняў колеры лонданскага «Арсенала». Да таго ж Аляксандр першым з беларусаў стаў пераможцам Лігі чэмпіёнаў (у 2009 годзе ў складзе «Барселоны»).

Вось ужо 15 гадоў (з 2001 года) Аляксандр выступае ў складзе нацыянальнай каманды нашай краіны. У яе складзе ён правёў 71 матч, забіў 7 мячоў.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках