23 красавiка 2024, aўторак, 18:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Актывісты перадалі ўладам подпісы супраць будаўніцтва ў Беларусі АЭС

3
Актывісты перадалі ўладам подпісы супраць будаўніцтва ў Беларусі АЭС
ФОТА: TUT.BY

Подпісы былі сабраныя падчас «Чарнобыльскага шляху - 2016».

Подпісы за спыненне будаўніцтва Беларускай атамнай электрастанцыі, сабраныя 26 красавіка падчас «Чарнобыльскага шляху» ў Менску, перададзеныя ў дзяржаўныя органы, паведаміла БелаПАН каардынатарка антыядзернай кампаніі аргкамітэта для стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Вольга Кавалькова.

Паводле яе слоў, сабрана блізу 300 подпісаў грамадзян. Арыгіналы, а таксама копіі ўсіх падпісных лістоў актывісты перадалі ў дэпартамент у ліквідацыі наступстваў на ЧАЭС Міністэрства надзвычайных сітуацый, «палату прадстаўнікоў», савет міністраў, адміністрацыю Лукашэнкі і Міністэрства аховы здароўя.

Акрамя таго, падпісанты патрабуюць ад дзяржорганаў раскрыць поўную інфармацыю аб наступствах чарнобыльскай катастрофы, спыніць гаспадарчае асваенне і засяленне засмечаных радыяцыяй тэрыторый, вяртанне ў гаспадарчае абарачэнне зямель на забруджаных тэрыторыях, вярнуць у поўным аб'ёме льготы ліквідатарам-чарнобыльцам і іншым групам грамадзян, якія пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС.

Сярод патрабаванняў да ўладаў: перагляд канцэпцыі бяспечнага пражывання людзей на тэрыторыі, забруджанай радыёнуклідамі; аднаўленне эфектыўнай сістэмы радыяцыйнага кантролю прадуктаў харчавання на ўсёй тэрыторыі Беларусі; захаванне нейтральнага бяз'ядзернага статусу краіны.

У калектыўным звароце гаворыцца і аб неабходнасці арганізацыі вытворчасці прэпаратаў, якія блакуюць радыёнукліды і паскараюць іх вывад з арганізма, і стварэння дзіцячага навукова-практычнага цэнтра супрацьрадыяцыйнай абароны.

«Улады цалкам пазбавілі нас інфармацыі аб стане свайго здароўя, ступені забруджанасці навакольнага асяроддзя, прадуктаў харчавання і ўласнага арганізма радыёнуклідамі. У сувязі з гэтым мы патрабуем прывесці дзяржаўную палітыку ў дачыненні да наступстваў чарнобыльскай катастрофы ў адпаведнасць з рэальнай небяспекай паўсюдна распаўсюджанай радыяцыі», - адзначыла Кавалькова.

Традыцыйная акцыя апазіцыі «Чарнобыльскі шлях», якая прайшла 26 красавіка, у гэтым годзе была прымеркаваная да 30-годдзя аварыі на ЧАЭС. Шэсце адбылося ад кінатэатра «Кастрычнік» вуліцамі Сурганава і Арлоўскай да царквы ў гонар абраза Божай Маці «Спатоленне загінулых», дзе сталічнымі ўладамі быў санкцыянаваны мітынг. Аднак палітыкі, якія выступалі заяўнікамі акцыі, на месцы вызначылі адмовіцца ад яго правядзення і абмежавацца шэсцем, бо, на іх думку, міліцыя парушыла дамоўленасці і выставіла турнікеты ля заяўленага месца правядзення мітынгу.

Ганаровай старшынёй аргкамітэта «Чарнобыльскага шляху» сёлета была нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках