6 траўня 2024, панядзелак, 9:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

19-гадовы мянчук адчыніў краму з рэчамі ў нацыянальным стылі

26

У менскім гандлёвым цэнтры «Сілуэт» працуе крама «Дарэчы», дзе прадаюцца вышымайкі ды іншыя рэчы з нацыянальным арнаментам.

Яго ўладальнік - 19-гадовы Вадзім, піша «Наша ніва».

«Разам з бацькам я наважыў адкрыць краму «Дарэчы». Сёння людзі цікавяцца нацыянальнымі рэчамі, таму, папрацаваўшы ўжо больш за два месяцы, мы зразумелі, што не дарма гэта робім».

Сам Вадзім ішоў да беларускасці з 12 гадоў. Крыніцай натхнення была беларуская музыка, а дакладней, «Ляпіс Трубяцкі» і Лявон Вольскі. Паступова хлопец стаў цікавіцца беларускай мовай, гісторыяй і культурай - і вось цяпер сам робіць унёсак у яе развіццё.

Паступова Вадзім пераканаў бацьку ў важнасці нацыянальных каштоўнасцяў. «Бацька проста не цікавіўся гэтым, а цяпер у яго, як і ў мяне, набіта татуіроўка з Пагоняй».

ФОТА: Ірыны Арэхоўскай

У краме «Дарэчы» прадаюцца байкі, майкі, сувеніры, партманэты, дзіцячыя вышыванкі, торбы, бранзалеты і многае іншае. «У нас ёсць прадукцыя symbal.by, Mark Formelle, розныя вырабы майстроў з Ракава і Горадні. Я вось адмыслова павесіў дзіцячыя вышыванкі на ўваходзе. Людзі ходзяць і захапляюцца».

Вадзім адзначае, што стаўленне мінакоў абсалютна рознае, але мала бывае абыякавых. «Дзесьці 70% падтрымліваюць. 20 - ставяцца адмоўна і толькі 10% - абыякава. Бывае, што я бачу, што людзі дрэнна разумеюць па-беларуску, але калі я прапаную з імі размаўляць па-расейску, яны адмаўляюцца, кажуць, што ім падабаецца беларуская мова».

А між тым у краму зайшоў мужчына сярэдняга ўзросту, каб выбраць сабе вышымайку ці футболку з «Пагоняй». «Дзякуй вам, хлопцы, я вось некалькі гадоў таксама ў «Сілуэце» працаваў, цяпер у іншым месцы, але вы робіце добрую справу».

Вадзім адзначае, што бізнэс ідзе даволі паспяхова. Бо ўсе рэчы беларускай вытворчасці, падаткаў даводзіцца плаціць крыху менш, чым тым, хто закупляецца ў Расеі ці Еўропе. Падчас размовы краму наведала 5-6 чалавек, але Вадзім адзначае, што гэта яшчэ даволі мала для панядзелка. Вось і дзяўчына прыйшла па байку ці майку з нацыянальнымі сімваламі, каб падарыць свайму хлопцу на дзень нараджэння.

Суседзі ў гандлёвых пунктах часта наведваюць краму. Са слоў Вадзіма, больш за ўсіх яго справу падтрымліваюць мясцовыя ахоўнікі. «Так, былі тут уладальнікі пунктаў, прыходзілі, абражалі, але большасць цалкам падтрымлівае ідэю такіх рэчаў».

Вадзім спадзяецца, што беларуская культура будзе шырыцца сярод нашых людзей, а сам ён хоча проста ўнесці свой уклад у яе папулярызацыю.

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках