28 сакавiка 2024, Чацвер, 14:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Не сустрэлі ніводнага чалавека, які б падтрымліваў Лукашэнку»

33
«Не сустрэлі ніводнага чалавека, які б падтрымліваў Лукашэнку»

Кнігу Андрэя Саннікава павінен прачытаць кожны заходні палітык.

З такім падзагалоўкам нарвежская газета «Dag og Tid» апублікавала артыкул Эрыкі Фатланд пра кнігу лідара грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэя Саннікава «Беларуская амерыканка ці выбары пры дыктатуры».

Сайт charter97.org пераклаў артыкул (публікуецца скарочана).

На прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі 19 снежня 2010 года Андрэй Саннікаў заняў другое месца. У той жа самы вечар ён і шэсць іншых кандыдатаў у прэзідэнты разам з некалькімі сотнямі дэманстрантаў былі арыштаваныя падчас мірнай акцыі пратэсту ў Менску.

- Звычайна разгон адбываўся праз некалькі дзён пасля таго, як міжнародныя назіральнікі і замежныя журналісты з'язджалі, - суха каментуе Саннікаў. - У гэты раз Лукашэнка перапалохаўся. Апазіцыя перамагла на выбарах, і ён гэта ведаў.

Арышт на плошчы горада быў толькі пачаткам. Жонка Андрэя Саннікава, вядомая журналістка Ірына Халіп, таксама была арыштаваная. Улады аддалі загад забраць іх трохгадовага сына Даніка ў прытулак. Толькі дзякуючы настойлівасці маці Халіп і добрым лекарам, якія «забыліся» напісаць усе яе сардэчныя захворванні ў даведцы пра здароўе, хлопчык застаўся жыць з бабуляй.

У траўні 2011 года Саннікаў быў прысуджаны да пяці гадоў пазбаўлення волі. Ягоная жонка была фактычна змешчаная пад хатні арышт.

- Турма - цяжкі досвед, - кажа Саннікаў. - У іх стае выдасканаленых метадаў, каб знішчыць чалавека. Тым, хто не сядзеў, цяжка зразумець, наколькі важна для ўсякага зэка завесці свой парадак падчас зняволення. Гаворка ідзе нават пра нязначныя рэчы. Напрыклад, калі канфіскуюць тваю кружку, ты выходзіш з раўнавагі. Перасяленне з камеры ў камеру руйнуе тваю абарону. Мяне стала этапавалі па турмах і калоніях. Мэтай гэтага было пазбавіць цябе найменшага кантролю за сваім жыццём.

З Саннікавым жудасна паводзілі сябе, адмаўлялі ў медыцынскай дапамозе і, магчыма, не раз спрабавалі атруціць. Тэмпература ў камеры бывала не вышэй за 8 градусаў, стала гарэла святло. Адвакатам даводзілася станавіцца дэтэктывамі, каб высветліць дзе і ў якой з турмаў ён знаходзіўся.

Пасля 16 месяцаў турмы лідар апазіцыі быў нечакана вызвалены.

- Гэта стала магчымым дзякуючы санкцыям, - кажа ён. - У сакавіку санкцыі міжнароднай супольнасці былі ўзмоцненыя, а ў красавіку мяне вызвалілі.

Але свабода мела кошт. Саннікаў быў пад сталым наглядам, сутыкаўся з пагрозамі. У 2012 годзе ён быў вымушаны з'ехаць з Беларусі. Я сустрэла Саннікава ў Варшаве, дзе ён жыве і працуе апошнія гады:

- Ад'езд з Беларусі, ад маёй сям'і - самая цяжкая пастанова ў маім жыцці. Я палічыў за лепшае б не ўдавацца ў дэталі, бо пра гэта цяжка казаць. Але, на шчасце, хутка лета. Летнія канікулы - гэта самы шчаслівы час для нас, калі мы разам!

- Атрымліваецца ў вас што-небудзь зрабіць для Беларусі з Варшавы?

- Насамрэч больш, чым я зрабіў бы ў Менску.

Сярод дзевяці кандыдатаў, якія кінулі выклік Лукашэнку ў 2010 годзе, Саннікаў быў самым папулярным. Ён прафесійны дыпламат, які ўзначальваў перамовы ў ядзерным раззбраенні, у выніку якіх ядзерная зброя была выведзеная з Беларусі. У 1995 годзе ён стаў намеснікам міністра замежных спраў. У 1996 годзе пайшоў у адстаўку і далучыўся да апазіцыі.

- Я і так доўга цярпеў, вельмі доўга, - кажа ён. - Была надзея. Лукашэнка перамог на выбарах у 1994 годзе, але гэта адзіны раз, калі ён на іх перамог. Ён стаў будаваць дыктатару з першых дзён свайго кіравання. Мяняў законы, знішчыў сістэму выбараў, каб забяспечыць сабе ўсю паўнату ўлады.

Саннікаў кажа, што ён не меў ілюзіяў, што ў 2010 годзе будуць сумленныя выбары:

- Я хацеў паказаць людзям, што мы можам перамагчы і што ў нас ёсць на гэта права.

- Вы атрымалі 2,43 адсотка галасоў, а Лукашэнка атрымаў 79,65 адсоткаў?

Палітык іранічна ўсміхаецца:

- Афіцыйна - так. Думаю, рэальна я атрымаў блізу 30 адсоткаў галасоў. У Менску на адным з участкаў у мяне было 42 адсоткі галасоў, а ў Лукашэнкі - 33. Гэта неімаверна. У гэтым раёне пражываюць усе тыя, хто забяспечвае ўладу Лукашэнкі. Я намагаў на правядзенні другога тура галасавання, нават знаходзячыся ў турме.

За тыдзень да нашай сустрэчы ў Польшчы я аб'ездзіла ўсю Беларусь. Дзіўна, але я не сустрэла ніводнага чалавека, які б падтрымліваў Лукашэнку. У Расеі не праблема сустрэць людзей, якія хваляць Пуціна. Не паспяваеш спытаць, як яны самі тут жа пачынаюць выхваляцца дасягненнямі свайго мача-прэзідэнта, але тут, у апошняй дыктатуры Еўропы, я не сустрэла ніводнага чалавека, які станоўча адазваўся б пра кіраўніка сваёй краіны. Наадварот, усе, каго я сустракала - архітэктар, кіроўца таксі, бізнэсовец і іншыя - усе сцвярджалі што ніколі не галасавалі за Лукашэнку.

- У Лукашэнкі няма ніякай падтрымкі, - пацвярджае Саннікаў. - Ужо шмат гадоў. Пасля вайны ва Украіне ягоны рэйтынг крыху падрос, але цяпер эканамічны крызіс і падтрымка зноў значна знізілася.

- Сёння Лукашэнка шукае грошы на Захадзе, бо Расея ўжо не ў стане падтрымліваць яго ў ранейшым аб'ёме, - кажа Саннікаў. - Дапамога Лукашэнку з боку ЕЗ павялічваецца, у тым ліку і фінансавая. Гэта вялікая памылка. Еўразвяз сёння ратуе Лукашэнку, як гэта раней рабіў Пуцін.

Беларусь называюць апошняй савецкай рэспублікай. Можа, таму, што ў цэнтры кожнага населенага пункта ўсё яшчэ ўзвышаецца статуя Леніна, а вуліцы носяць імёны рэвалюцыянераў.

Саннікаў мяркуе, што сітуацыя сёння горшая, чым у савецкія часы.

- У Савецкім Саюзе існаваў хоць нейкі калектыўны орган, у якім ішла барацьба за ўладу. У Беларусі выбудаваная сістэма адзінаасобнай улады, у цэнтры якой стаіць Лукашэнка. Савецкі Саюз памёр і адрадзіўся ў Беларусі ў выглядзе лацінаамерыканскай бананавай дыктатуры, дзе ролю бананаў адыгрываюць трубаправоды.

- А якія стасункі паміж Беларуссю і Расеяй?

- Праблема ў тым, што Расея не ўспрымае Беларусь як незалежную дзяржаву. Расея заўсёды імкнулася кантраляваць Беларусь у вайсковым плане і ў плане нафта-газавага транзіту. Пуціна Лукашэнка задавальняе, да таго ж ён у яго вучыцца. Прынамсі, Лукашэнка пры ўладзе ўжо 22 гады.

- А чаму Пуцін навучыўся ў Лукашэнкі?

- Напрыклад, як распраўляцца з кандыдатамі ў прэзідэнты. Таго, што ў Захаду кароткі перыяд увагі да парушэння правоў чалавека. Сёння ў Расеі больш агрэсіі ва ўладзе, але Лукашэнка больш жорстка кантралюе грамадзянскую супольнасць. Пуцін нават у хакей стаў гуляць паводле прыкладу Лукашэнкі.

Захад не тое, каб забывае пра Беларусь. У Захаду дастаткова шмат праблем сёння.

- Нарвегія, да прыкладу, заўсёды надавала істотную дапамогу грамадзянскай супольнасці і незалежнай прэсе Беларусі. Але здарылася Украіна, і гэтая падтрымка спынілася. Гэта зразумела, але гэта не палягчае нашу сітуацыю. Грамадзянскай супольнасці сёння без падтрымкі не выжыць.

Нягледзячы на ўсе выпрабаванні, Саннікаў не азлобіўся.

- Няма ў мяне злосці. Злосць не дазваляе ясна думаць. У мяне няма ніякай нянавісці да Лукашэнкі. У мяне няма наогул ніякіх эмоцый у дачыненні да яго. Я змагаюся не асабіста з ім, а з усім, што ўвасабляе ягоны рэжым. За тое, каб Беларусь стала свабоднай.

Эрыка Фатланд - нарвежская пісьменніца, аўтарка кніг «Вёска анёлаў» (пра захоп закладнікаў у Беслане) і «Год без лета» (пра тэракт у Нарвегіі). Яе апошняя кніга «Савецістан» аб былых савецкіх рэспубліках Сярэдняй Азіі была адзначаная прызам нарвежскіх выдаўцоў.

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках