3 траўня 2024, Пятніца, 21:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Троіца» атрымае прэмію за ўклад у беларускую музыку

«Троіца» атрымае прэмію за ўклад у беларускую музыку

Уладальніка прэміі вызначылі больш за 60 беларускіх гуртоў і сольных артыстаў у стылістыцы рок, індзі, альтэрнатыва.

26 траўня на цырымоніі ўручэння музычных узнагарод Rock Profi у клубе ili этна-трыа «Троіца» на чале з Іванам Кірчуком атрымае прэмію «За ўклад у беларускую музыку». У галасаванні бралі ўдзел больш за 60 беларускіх гуртоў і сольных артыстаў у стылістыцы рок, індзі, альтэрнатыва, паведамляе tut.by.

Гурт «Троіца» быў заснаваны ў 1995 годзе і выконвае беларускія народныя песні ў стылістыцы этна-фьюжн. На рахунку калектыву шэсць студыйных альбомаў, якія выпускаліся ў тым ліку ў Нідэрландах, Польшчы, Расеі, Нямеччыне. Геаграфія канцэртаў «Троіцы» ахоплівае многія краіны Еўропы, а таксама Паўднёва-Усходнюю Азію і Паўднёвую Амерыку. У мінулыя гады прэмію «За ўклад у беларускую музыку» на Rock Profi атрымлівалі гурты «Ляпіс Трубяцкі» (2013 года), «Крама» (2014), а таксама N.R.M. у класічным складзе (2015).

- Нам, безумоўна, прыемна. Я захоўваю ўсе ўзнагароды, якія калі-небудзь атрымлівала «Троіца», таму што гэта ўвагу ў Беларусі і ад беларусаў. Для нас яна асабліва каштоўная, - кажа Іван Кірчук. - Цікава, што за нас прагаласавалі рокеры, але свая логіка ў гэтым ёсць. Скажам, сярод маіх любімых гуртоў ёсць Clawfinger і Dream Theater. А наогул я ў маладосці на танцах з гуртам граў песні Deep Purple. Я быў клавішнікам - думаў, што буду Джонам Лордам, але потым стаў займацца фолк-музыкай.

26 траўня ў клубе ili будуць названыя і ўзнагароджаныя пераможцы ў астатніх пяці намінацыях Rock Profi: «Найлепшы альбом», «Найлепшы запіс», «Найлепшая песня», «Дэбют году», «Артыст года». Лідарамі ў колькасці намінацый (па чатыры) у гэтым годзе з'яўляюцца рок-гурты Brutto і Re1ikt. Сярод намінантаў таксама «Серебряная свадьба», Shuma, «Дай дарогу» і іншыя.

Прэмія праводзіцца з 2013 года Паўлам Юрцэвічам (студыя «Осмас», клуб ili) і Дзмітрыем Безкаравайным (Experty.by).

На цырымоніі ўручэння ўзнагарод Rock Profi выступяць гурты Intelligency, True Litwin Beat, Unhuman Remains, Slowner, «Сестричкин луч».

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках