Судаленка: Уражанне, што ў краіне надзвычайная сітуацыя
10- 25.05.2016, 20:45
- 13,515
Пераслед штрафамі за раздачу друкаваных матэрыялаў, які мы назіраем апошні час, не прапісаны ні ў водным з беларускіх законаў.
У сувязі з заявай АГП пра забарону на распаўсюджванне друкаваных матэрыялаў сітуацыю каментуе для сайта ucpb.org вядомы праваабаронца, старшыня камісіі прававых пытанняў Нацыянальнага Камітэту АГП Леанід Судаленка.
- Права на свабоду меркаванняў і перакананняў, гарантаванае кожнаму з нас Асноўным Законам - Канстытуцыяй краіны і міжнароднымі дамовамі, уключае ў сябе і права свабодна распаўсюджваць усялякага кшталту інфармацыю ды ідэі, - кажа праваабаронца. - Усякае абмежаванне гэтага права найперш павінна быць прапісанае ў законе.
Пераслед вялікімі грашовымі штрафамі за раздачу друкаваных матэрыялаў, які мы назіраем апошні час, не прапісаны ні ў водным з беларускіх законаў.
Сітуацыя, калі суды раздачу інфармацыйных матэрыялаў прыраўноўваюць да несанкцыянаваных акцый, кажа пра тое, што ў краіне ўзнікла надзвычайная сітуацыя, і таму яна прыпыняе дзеянне права на свабоду выказвання меркаванняў і перакананняў.
Было б нармальна, - мяркуе Леанід Судаленка, - калі б гэтую надзвычайную сітуацыю абвясцілі, патлумачылі, у сувязі з чым, на які тэрмін. Аднак гэтага зроблена не было.