27 красавiка 2024, Субота, 7:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

МУС абвясціла пра раскрыццё «міжнароднага наркасіндзіката»

10
МУС абвясціла пра раскрыццё «міжнароднага наркасіндзіката»

Наркасіндзікат нібыта пастаўляў у Беларусь і Расею мараканскі гашыш.

Затрыманыя лідары і ўдзельнікі міжнароднай злачыннай арганізацыі, якія доўгі час займаліся пастаўкамі ў нашую краіну і Расею мараканскага гашышу. Пра гэта паведамілі сёння прэс-службы МУС і Следчага камітэта.

Паведамляецца, што ў міжнародны наркатрафік былі задзейнічаныя грамадзяне Беларусі, Расеі, Літвы, Украіны, Малдовы. З 2013 года гашыш рэгулярна пастаўляўся ў Беларусь з Гішпаніі буйнымі партыямі - каля ста кілаграмаў кожная.

«Наркотык перавозіўся на пазадарожніках у прафесійна абсталяваных тайніках. Выявіць зелле падчас звычайнага мытнага надгляду не ўяўлялася магчымым: схованкі і швы замазваліся, апрацоўваліся адмысловымі хімічнымі рэчывамі, канструкцыя аўтамабіля пры гэтым не парушалася», - распавялі ў МУС. У некаторых выпадках, каб дастаць тавар, неабходна было зняць рухавік.

Усяго ўдзельнікамі наркасіндзіката было перапраўлена больш за тону наркотыку.

У міліцыі таксама распавялі, што дзеянні злачынцаў былі дакладна прадуманыя і добра арганізаваныя, размеркаваныя ролі і функцыі. На шляху з Гішпаніі ў Беларусь не раз адбывалася змена аўтамабіляў, выконвалася строгая канспірацыя. За малыя парушэнні «графіка» прадугледжваліся штрафныя санкцыі. З Беларусі гашыш накіроўваўся ў Расею для далейшага збыту.

Атрыманы прыбытак вылічваўся мільёнамі даляраў. Грошы ад наркатрафіку ўкладваліся ў нерухомасць і легальны бізнэс.

Сярод 16 фігурантаў крымінальнай справы ёсць грамадзяне Беларусі, Украіны, Літвы, Малдовы. Яшчэ некалькі чальцоў наркасіндзіката знаходзяцца ў вышуку. Затрыманні ўдзельнікаў адбываліся як на тэрыторыі Беларусі, так і суседніх Польшчы і Расеі - на запыт беларускіх праваахоўнікаў. Як падкрэслілі ў МУС, гэтая злачынная арганізацыя з'яўлялася неад'емнай часткай еўрапейскага наркабізнэсу.

Распачатая крымінальная справа паводле ч. 1, 2 арт. 285 КК Беларусі (Стварэнне злачыннай арганізацыі або ўдзел у ёй). У міліцыі таксама падкрэслілі, што «кола асоб, якія маюць дачыненне да гэтай справы, устаноўленымі грамадзянамі не абмяжоўваецца», аператыўна-следчыя мерапрыемствы доўжацца.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках