У Саратаве адкрылі помнік актору Алегу Янкоўскаму
7- 28.05.2016, 21:26
- 114,036
Тэатральная кар'ера актора пачыналася ў Менску.
У Саратаве адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця помніка актору Алегу Янкоўскаму. На ёй былі народны артыст Расеі Яўген Міронаў, народная артыстка РСФСР Ірына Купчанка і народны артыст СССР Алег Табакоў. Пра гэта паведамляе ТАСС са спасылкай на прэс-службу ўрада Саратаўскай вобласці.
Помнік усталявалі ў скверы ля Саратаўскага тэатра драмы імя Сланова, дзе працаваў Янкоўскі на пачатку сваёй кар'еры. Асновай для кампазіцыі стала роля Янкоўскага з фільма Марка Захарава «Той самы Мюнхгаўзен» - герой трымаецца за спушчаную з неба вяровачную лесвіцу, стаўшы на яе адной нагой. Аўтарам скульптуры стаў Андрэй Шчарбакоў. Помнік вышынёй 3,4 мэтра выліты з бронзы, піша РБК.
Алег Янкоўскі нарадзіўся 23 лютага 1944 году ў Казахстане. Род Янкоўскіх мае беларускія і польскія карані. Пазней сям'я перабралася ў Саратаў.
Старэйшы брат Алега Янкоўскага Расціслаў у 1957 году перабраўся ў Менск, дзе пачаў граць на сцэне Менскага расейскага драматычнага тэатра імя Горкага. Праз год Расціслаў забраў да сябе 14-гадовага Алега, які акурат скончыў шосты клас. У Менску Янкоўскі-малодшы дэбютаваў на сцэне. Маці Янкоўскага хвалявалася ў сувязі з ад'ездам сыноў, і як толькі з'явілася магчымасць, Алег вярнуўся ў Саратаў, дзе скончыў школу №67.
Пасля школы Алег мерыўся паступаць у медыцынскі інстытут, але выпадкова ўбачыў аб'яву аб прыйманні ў Саратаўскую тэатральную вучэльню. Успомніўшы свой менскі досвед на сцэне, ён наважыў паспрабаваць свае сілы.
Пасля навучання ў Саратаўскім тэатральным вучылішчы Янкоўскага залічылі ў трупу мясцовага драматычнага тэатра. Пазней Янкоўскі пачаў граць у кіно. Добра вядомыя ягоныя ролі ў фільмах «Шчыт і меч», «Служылі два таварышы», «Палёты ў сне і на яве», «Настальгія», «Цар». У 1991 годзе актору была нададзеная годнасць народнага артыста СССР.
У 2008 годзе ў Янкоўскага быў дыягнаставаны рак падстраўнікавай залозы на астатняй стадыі. 20 траўня 2009 года артыст памёр.