27 красавiка 2024, Субота, 3:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ІП: Трэба трымацца адзін за аднаго і бараніцца

16
ІП: Трэба трымацца адзін за аднаго і бараніцца

Форумы прадпрымальнікаў праходзяць у рэгіёнах.

30 траўня ў Магілёве адбудзецца рэгіянальны форум прадпрымальнікаў, арганізаваны аб'яднаннем «Перспектыва».

Арганізатары паведамляюць, што на форум запрасілі чыноўнікаў. Абмеркаванне стану спраў у прадпрымальніцтве будзе адным з асноўных пытанняў сходу. На ім згадаюць указ №222, які на пачатку года паралізаваў на два месяцы працу рэчавых рынкаў і гандлёвых цэнтраў, паведамляе «Радыё Свабода».

Што змянілася на рэчавых рынках і ў гандлёвых цэнтрах за пяць месяцаў дзеяння гэтага ўказу? На што спадзяюцца дробныя прадпрымальнікі і ці вераць, што могуць паўплываць на пазіцыю ўлады? Карэспандэнт Свабоды на гэтыя пытанні шукаў адказаў у райцэнтры Горкі, што на Магілёўшчыне.

На горацкім рынку ў нядзелю было ажыўлена. Пляцоўка для гандлю рэчамі шырокага спажывання была застаўлена палаткамі з таварамі лёгкай прамысловасці. Немалая грамада пакупнікоў таўклася ля тых палатак, перабіраючы ды прымяраючы адзежу і абутак.

«Тое, што людзей, як вы кажаце, шмат, дык яны проста ходзяць па рынку і амаль нічога не купляюць. Хіба якую драбязу на лета купяць, ды і тую што патанней выберуць», — не пагадзілася адна з прадпрымальніц з меркаваннем журналіста, што гандаль на райцэнтраўскім рынку ажывіўся.

«У вачах пакупнікоў адчай. У дзяржавы таталітарны склад розуму»

Са слоў суразмоўніцы, яна два месяцы на пачатку году не працавала, шукаючы арганізацыі, якія прадаюць гуртам тавар, з дакументамі. Паводле яе, цэннік на сэртыфікаваны тавар значна падрос.

«Як сэртыфікацыю ўвялі, то кошты падраслі працэнтаў на трыццаць, а ў людзей жа заробак не павялічыўся, — удакладніла сітуацыю жанчына. — Прадпрымальнікаў на рынку таксама паменела. Яны сышлі, бо ня вераць, што нешта зменіцца да лепшага. Тыя, хто застаўся, прыстасоўваюцца да новых рэаліяў».

За пяць месяцаў сітуацыя значна пагоршылася, далучыўся да гутаркі яшчэ адзін прадпрымальнік. У пакупнікоў цяпер няма грошай, даводзіў ён.

«На вёсцы наагул немагчыма стала працаваць. Заробкі там па два мільёны, і не кожны такі мае. Прыязджаюць з вёсак і просяць кошт скінуць на адзенне, бо грошай бракуе. У вачах адчай», — характарызуе сітуацыю гандляр.

«222 указам нас паставілі ў адзін шэраг з буйным бізнэсам, — з абурэннем заўважае суразмоўца. — А каму лепей ад гэтага стала? Я з жахам думаю, колькі давядзецца аддаць людзям за школьную форму. Летась былі праблемы ў людзей з гэтым, а сёлета яшчэ горай будзе».

«У нашай дзяржавы таталітарны склад розуму, і яна не хоча мяняцца. Пазіцыя ўлады такая: «Я сказаў, і так будзе, калі нехта супраць, то буду біць да той ступені, пакуль не пагодзіцеся на мае ўмовы». Такое ўражанне, што мы пасля нейкай вайны жывём. Раней жа на вайну ўсё спісвалі. А цяпер на што спісваць будуць?» — паставіў пытанне прадпрымальнік.

Каб разам бараніліся, дык нешта б змянілася

«Грашовага абароту значна менш стала, тавару прывозім таксама меней», — працягнуў гутарку яшчэ адзін прадпрымальнік.

Паводле ягоных падлікаў, з горацкага рынку сышло каля трыццаці працэнтаў гандляроў. Многія з іх, адзначыў ён, перабраліся працаваць у Расею. Там стаўленне ўлады да дробных бізнэсоўцаў больш ліберальнае, чым у Беларусі, даводзіў прадпрымальнік.

На яго думку, пратэстная актыўнасць, выкліканая незадаволенасцю 222-м указам, згасла, і цяпер, як ён лічыць, ніякія сходы сітуацыю не выправяць.

«Трэба было варушыцца тры-чатыры месяцы таму. Не выходзіць на працу як мага даўжэй. Цяпер улада не пачуе нас. Мы змарнавалі шанец нечага дамагчыся. Некаторыя мае калегі выйшлі на працу пры першай жа магчымасці», — з крыўдай адзначыў бізнэсовец.

«Два месяцы пратэстаў не навучылі нас быць салідарнымі», — канстатуе ён.

«Мы баімся ўсяго. Каб адзін аднаго трымаліся і бараніліся разам, тады б толк быў, — разважае суразмоўца. — Як прыйдзе, напрыклад, падатковая і пачне, скажам, трэсці некага аднаго, а за яго ўсе гарой і абаранілі яго — тады б нешта пачало мяняцца. А так кожны, як прыходзяць з праверкай, адварочваецца, каб яго не чапалі. Не зачапілі яго — і ён са спакоем выдыхнуў».

Пяць месяцаў таму найбуйнейшы ў Горках гандлёвы цэнтр «Малая Еўропа», які месціцца непадалёк ад рэчавага рынку, сустракаў пакупнікоў зачыненымі павільёнамі з аголенымі ў вітрынах торсамі манекенаў. У мінулую нядзелю павільёны былі адчыненымі. Пакупнікоў, праўда, было няшмат.

У «Малой Еўропы» ня ўсе гандляры былі гатовыя гаварыць пра наступствы 222-га указу ды свой двухмесячны пратэст.

Прывазнога тавару паменела. Гандляроў таксама. З’ехалі ў Расею

Адна з першых гандлярак, спаслалася на меркаванні ўкраінцаў, якія, як яна заўважыла, у натоўпе бяз цяжкасцяў вылучаць беларуса. «Бо беларус уласнага ценю баіцца», — заявіла жанчына, тлумачачы сваё нежаданне гаварыць з журналістам.

«Нас пакуль ніхто не чапае — кажу як ёсць, але гэта зацішша нібы перад навальніцаю, — ахарактарызаваў атмасферу ў прадпрымальніцкім асяроддзі наступны суразмоўца.

«Ходзяць чуткі, — дадаў ён, — што з ліпеня зноў адновяцца праверкі падаткавікоў. Таму ўсе напагатове. Час ад часу пазіраем у вакно, каб упільнаваць праверку. Раніцай прачынаешся, і першыя думкі, каго ж хапнуць сёння. Настолькі запалоханымі мы сталі. У людзей страх і злосць».

Паводле гандляроў з «Малой Еўропы», нямала іхных калегаў перабраліся працаваць у недалёкі ад Горак Смаленск і не шкадуюць пра сваё рашэнне. «Там працуецца свабодней, чым у Беларусі, хоць і даводзіцца справу пачынаць з нуля», — пераказваюць словы тых прадпрымальнікаў, якія з’ехалі, іхныя калегі, якія трымаюцца на радзіме.

Па словах наступнага гандляра, пакупніцкая актыўнасць у жыхароў райцэнтру і вяскоўцаў упала. Многія, заўважыў ён, выбіраюць цяпер крамы сэканд-хэнду, дзе тавар значна таннейшы.

«Калі вазіць тавар па дакументах, то яго ніхто ня купіць, — даводзіць гандляр. — У людзей заробак два мільёны, а штаны з дакументамі — чатырыста тысяч, блюзка — пяцьсот тысяч. Даводзіцца рызыкаваць, везучы тавар з Расеі. Там дакументы даюць, але дзе гарантыя, што іх прыме праверка. У Расеі свабодны гандаль. У тамтэйшых гандляроў адны калькулятары на руках. Няма ніякіх касавых апаратаў. З нас пасьміхаюцца кітайцы, калі ў іх просіш дакумент на тавар. Яны адразу пазнаюць у нас беларусаў».

Пра тое, што ў Магілёве адбудзецца рэгіянальны форум прадпрымальнікаў, у Горацкай «Малой Еўропе» чулі. Яго ініцыятара лідара аб’яднання «Перспектыва» Анатоля Шумчанку некаторыя мясцовыя прадпрымальнікі называюць «абаронцам дробнага бізнэсу».

«Ад студзеня ён хоць нешта ды робіць. Яму штрафы даюць, але ён збірае вакол сябе прадпрымальнікаў», — выказаўся пра Шумчанку адзін з гандляроў.

Калі б пяць тысяч сабралася на пратэст

«Мы ж цяпер кучкамі жывём. У чыноўнікаў свая кучка. Чыноўнікі шмат хлусяць. Увесь час чуем адны і тыя ж словы. Лукашэнка, можа, і нармальны кіраўнік, але ён ня хоча нічога мяняць: ні чыноўнікаў, ні сваёй палітыкі. Людзі ў нас цярплівыя, сцяўшы зубы маўчаць, але патрэбныя лідэры, якія здолелі б разварушыць сітуацыю».

На думку суразмоўцы, пратэсты прадпрымальнікаў у Менску былі недастаткова масавымі, каб імі напалохаць чыноўнікаў. «Пяцьсот ці шасцісот чалавек — гэтай колькасці мала. Калі б пяць тысяч хаця б сабралася... А чыноўнікі ж сітуацыю кантралююць. Сабраліся пяцьсот чалавек, дык яны на гэта адказваюць: «Гэта сабраліся тыя, хто не хоча працаваць». Але гэта ж не праўда».

222-гі ўказ набыў моц 1 студзеня 2016 году. Згодна з ім прадпрымальнікі могуць гандляваць таварамі лёгкай прамысловасці, завезенымі з-за мяжы, толькі пры наяўнасці дакументаў, якія пацвярджаюць якасць і паходжанне тавараў. Указ паралізаваў на два месяцы працу прадпрымальнікаў на рэчавых рынках і ў гандлёвых цэнтрах, дзе прадавалася прадукцыя расейскай лёгкай прамысловасці.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках