24 красавiка 2024, Серада, 12:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Даць здачы

47
Даць здачы
Фотa: gazetaby.com

На сыходзе вясны правіцель разважаў пра выбары.

Не, не пад раскідзістай вярбой дзе-небудзь на беразе сажалкі. Надзвычай афіцыйна – у атачэнні паплечнікаў. Аднадумцы спяшаліся зафіксаваць тыя развагі ў блакнотах, баючыся прапусціь нават коску або які выклічнік. І ў выніку вось што атрымалася:

“Законодательство Беларуси соответствует международным принципам, учитывает сложившиеся в стране правила, традиции проведения выборов. Мы вспоминаем это как должное и, следовательно, помалкиваем иногда. Однако скромности здесь быть не должно. Об этом нужно говорить”.

Вядома, гэта ўсё – толькі ўрывак з каштоўных указанняў на бліжэйшую выбарчую кампанію. Усяго некалькі сказаў, але які тэкст! Гэта ж фундаментальная праграма драздоўскай партыі, спрэсаваная ў брыкет. Увасобіць бы гэты канцэнтрат кіруўнічай думкі ў высакароднай бронзе ды выставіць на галоўнай плошчы, каб усе, хто прыязджае, трапяталі і дзівіліся глыбокадумнаму рэбусу, спушчанаму тутэйшым людзям з неабсяжнай вышыні. Сваім адметным лаканізмам гэтыя натхняючыя словы нагадваюць вядомы надпіс, які накрэслены нібыта над уваходам у пекла: “Пакінь надзею, кожны, хто ўваходзіць”.

Не паспеем азірнуцца, як пройдзе лета. Надыдзе верасень, час выбараў. Нягледзячы на ўсе заклікі заходніх выхавацеляў брутальнага рэжыму, вынік будзе той жа, што заўсёды. Хіба што з невялікімі адметнасцямі.

Чаму? Дык жа ў вышэйзгаданым урыўку з прамовы не выпадкова ёсць спасылка на нейкія “правілы і традыцыі” правядзення тутэйшай электаральнай кампаніі. Вядома ж, не буфеты на выбарчых участках меў на ўвазе правіцель. І тым болей, не спецназаўскі мардабой на плошчах. Хутчэй за ўсё, гэтым разам ён аддаў належнае славутаму адміністрацыйнаму рэсурсу, масавым паходам на датэрміновае галасаванне і неверагоднаму майстэрству падліку галасоў. Агаломшаныя бязмежным нахабствам жартаўнікі сутнасць гэтага вынаходніцтва акрэслілі адной толькі фразай: “Галасуй не галасуй, атрымаеш урэшце …” Далей – паводле тэксту.

Прывабная, канешне, перспектыва для грамадства. Нібыта парламенцкія выбары, адзінай інтрыгай якіх застаецца першабытнае пытанне: будуць гэтым раза пратэстоўцаў біць на плошчы, або неяк усё абыдзецца? Неўласцівая рэжыму стрыманасць на папярэдніх выбарах выклікала ў заходніх чыноўнікаў неверагодны ўздым. А тут яшчэ і палітвязняў выпусцілі з турмаў. Гэта ж падумаць толькі, які прагрэс!

Ніхто ж не пярэчыць, што дыктатура – гэта кепска. Аднак чаму ж зноў тое сумнае непаразуменне не паспрабаваць адмыць, вычасаць, надаць яму хоць бы нейкае сярэднестатыстычнае аблічча. Яшчэ крыху агульнаеўрапейскіх намаганняў, і ўчорашні палітычны дзікабраз будзе выглядаць амаль прыстойна. Канфармізм, вядома, не самы лепшы выбар. Але як жа без яго?

Наўрад ці камусці ў Брусэлі або ў Страсбургу яшчэ невядома, што у сярэдзіне чэрвеня ў Жэневе на 32-й сэсіі Савета па правах чалавека будзе прадстаўлены чарговы даклад пра сітацыю ў Беларусі. Спецдакладчык ААН Міклаш Харашці дае аб’ектыўную ацэнку тых “пазітыўных” зменаў, якія адбываюцца апошнім часам ў нашай краіне.

“Вызваленне зняволеных напярэдадні “выбараў” без аднаўлення права вылучаць на іх сваю кандыдатуру, магчыма, толькі ўзмацніла атмасферу страху, у якой ужо не першае дзесяцігоддзе здзяйсняецца кіраўніцтва краінай. Рэпрэсіўная прававая сістэма пасля 2010 года стала яшчэ больш жорсткай, і адначасова больш жорстка і сістэматычна пачалі ўжывацца крымінальныя і адміністрацыйныя пакаранні ў дачыненні апанентаў і крытыкаў, і ўвогуле ўсіх тых, хто якім-небудзь чынам, нават зусім мірна выказвае нязгоду”.

І гэта ўсё – менавіта тыя “пазітыўныя” змены, на якія заўсёды спасылаецца еўрапейскае чынавенства, пачынаючы чарговы раўнд танцаў з дыктатурай? Наіўных даўно нідзе няма. Усім усё добра вядома. Тым не менш, легітымізацыя рэжыму ідзе свей хадой. Еўропа патрабуе ад яго сапраўды нейкія дробязі – хіба што фігавы лісток у выглядзе больш ці менш “дэмакратычных” выбараў. Аднак і тут сустракае неверагодную ўпартасць. Рэжым ідзе на хітрыкі, упіраецца, спрабуе спаслацца на свае добравядомыя “правілы і традыцыі”.

Аднак жа нават і у самых сціплых патрабаваннях Захаду ёсць рацыянальнае зерне. Дык чамуж не скарыстацца гэтай акалічнасцю і не прымусіць рэжым гуляць паводле гэтых еўрапейскіх правілаў? Рэвалюцыя – далёка не лепшы і не адзіны спосаб змены закасцянелай улады. Нашмат больш просты і надзейны – выбары. Менавіта гэткім чынам шмат якія з паспяховых сёння краін пазбавіліся сваіх недарэчных рэжымаў. Прымусілі махляроў старанна і дакладна падлічыць усе галасы “за” і “супраць”. Цяжка, немагчыма? А жыць пры гэткім рэжыме дваццаць два гады проста?

Варта было б успомніць нарэшце, што ў кожнага з нас ёсць надзейны сродак змены ўлады – голас выбарца. Гэта яшчэ і бяспройгрышная інвестыцыя ў будучыя сваёй краіны, сваіх дзяцей і ўнукаў. І калі ўлада настойліва пераконвае апусціць гэтую найкаштоўнейшую паперу ў скрынку для смецця на фальшывых выбарах, няўжо хтосьці яшчэ не ведае, як у такім выпадку варта адказаць.

Кантрактная сістэма? Начальнік строгі і злы, ды яшчэ так страшна застацца без працы? Вядома, улада і цяпер разлічвае на рабскую пакорлівасць запалоханага электарату. Але ж панове з Еўразвязу, якія сёння зноў таньчаць сентыментальны вальс з рэжымам, нават і сумневу не маюць наконт таго, што чарговыя выбары пройдуць паводле правілаў АБСЕ. Дык чаму ж гэты фантастычны выбарчы сцэнар не напоўніць адпаведным зместам ды не выканаць усё дакладна, нібы па нотах?

Ад нашых звыклых скаргаў на жорсткі лёс даўно ўжо варта перайсці да нейкіх выніковых дзеянняў. Усеагульнае незадавальненне, глухія пратэсты ды зацятае цярпенне, якое на сыходзе, зусім верагодна трансфармаваць у рэальныя галасы выбарцаў. Ва ўсякім разе, варта было б наважыцца нарэшце на тое, каб паспрабаваць і зрабіць усё магчымае у межах гэтых выбараў. Магчыма, у такім выпадку мы хоць бы на нейкі крок аддаліліся б ад гэтай шэрай безнадзейнай зоны, над якой пакуль што чутны толькі самотны голас дыктатуры.

Так, перамогу нам ніхто не гарантуе. Да таго часу, пакуль грамадства не наважыцца нахабнікам і цыніка даць здачы. А палітыкі Захаду да тутэйшага рэжыму прызвычаіліся. І нашы праблемы там нікога не хвалююць. Хіба камусьці не даводзілася чуць пра дамы з прывідамі? Дык чаму ж у такім разе не можа быць і вялікага ўтульнага дому з глухой кладовачкай, у якой скінутыя неахайна славутыя еўрапейскія каштоўнасці – яны ж безнадзейна выйшлі з моды. Час ужо зусім іншы.

І ў гэтым цудоўным доме, пра які калісьці так прыгожа гаварылі і апантана марылі, могуць знайсціся і не надта прыкметныя дзверы, за якімі месціцца жытло апошяй у Еўропе дыктатуры. Нічога дзіўнага. Экзотыка заўсёды карыстаецца попытам.

Уладзімір Халіп, спецыяльна для charter97.org

Напісаць каментар 47

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках