Актывісты: Авіяўдары расейскіх сіл у Сірыі забралі жыцці 23 чалавек
1- 31.05.2016, 10:42
- 8,845
Прынамсі 23 чалавекі загінулі ў выніку авіяўдараў расейскіх вайскоўцаў па кантраляваным паўстанцамі горадзе Ідліб.
Пра гэта паведамляе Сірыйскі цэнтр маніторынгу за выкананнем правоў чалавека, які базуецца ў Лондане, паведамляе BBC.
Незалежнага пацверджання гэтай інфармацыі пакуль не паступала.
Паведамляецца, што гэта самая моцнае бамбаванне з лютага, калі было заключана пагадненне аб перамір'і.
Паводле звестак цэнтра, адзін з набояў трапіў у бальніцу. Кіраўнік Назіральніцкай арганізацыі Рамі Абдулрахман заявіў, што сярод загінулых сем дзяцей, і колькасць ахвяр авіяўдараў, магчыма, узрасце.
Ідліб лічыцца адным з апірышчаў паўстанцкіх груповак, у тым ліку «Фронту Нусра», звязанага з «Аль-Каідай».
Расея, якая распачала вайсковую аперацыю ў Сірыі ў верасні мінулага года, заяўляе, што наносіць удары толькі па пазіцыях тэрарыстаў - перш за ўсё, па баявіках экстрэмісцкай групоўкі «Ісламская дзяржава».
Пры гэтым апазіцыйныя Башару Асаду сілы заяўляюць, што расейскія ўдары ў асноўным прыпадаюць на паўстанцкія групоўкі, якія падтрымлівае Захад.
Пагадненне аб спыненні вайсковых дзеянняў у Сірыі, дасягнутае пры пасярэдніцтве Расеі і ЗША, афіцыйна ўвайшло ў дзеянне 27 лютага.
Умовы перамір'я не распаўсюджваюцца на экстрэмісцкія групоўкі.