МУС Польшчы: Спецслужбы гатовыя да гарантавання бяспекі саміту NATO
- 31.05.2016, 16:37
- 17,018
На Нацыянальным стадыёне ў Варшаве прайшлі вучэнні для гарантавання бяспекі саміту NATO.
«Спецслужбы гатовыя да таго, каб гарантаваць бяспеку пілігрымаў, якія прыедуць у Польшчу на Сусветныя дні моладзі, а таксама ўдзельнікаў саміту NATO, які адбудзецца ў Варшаве на Нацыянальным стадыёне», - паведаміў 31 траўня міністр унутраных спраў Польшчы Марыюш Блашчак. Пра гэта ён заявіў пасля наведвання вучэнняў спецслужбаў, якія прайшлі ў Варшаве, паведамляе «Радыё Польшча».
Кіраўнік МУС Польшчы выказаў падзяку за падрыхтоўку супрацоўнікаў кіраўнікам службаў, якія адказваюць за гарантаванне бяспекі мерапрыемстваў (паліцыі, памежнай службы, дзяржаўнай пажарнай службы, службы аховы ўрада і вайсковай жандармерыі). У вучэннях таксама ўзялі ўдзел медыцынскія службы і авіяцыйная выратавальная служба.
Міністр Блашчак адзначыў, што ўсе службы, якія падпарадкоўваюцца розным міністэрствам, павінны супрацоўнічаць адзін з адным і абменьвацца інфармацыяй, звязанай з гарантаваннем бяспекі саміту NATO ў Варшаве (8-9 ліпеня), прыезду Папы Рымскага Францішка і Сусветных дзён моладзі (27-31 ліпеня).
Падчас вучэнняў, якія адбыліся на Нацыянальным стадыёне ў Варшаве, былі адпрацаваныя дзеянні пры тэракце, аперацыі вызвалення закладнікаў і наданне медыцынскай дапамогі.