16 красавiка 2024, aўторак, 13:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Камедыю «ГараШ» пакажуць у інтэрнэце

2
Камедыю «ГараШ» пакажуць у інтэрнэце

Фільм быў з поспехам паказаны на кінафестывалі «Лістапад» у 2015 годзе.

Прэм'ера фільма «ГараШ», знятага ў мінулым годзе камандай незалежных беларускіх кінематаграфістаў, 3 чэрвеня адбудзецца на партале tut.by, паведаміў рэжысёр і сцэнарыст фільма Андрэй Курэйчык 31 траўня на прэс-канферэнцыі ў Менску. Партнёрам інтэрнэт-пракату «ГараШа» стаў аператар «МТС», піша «Наша ніва».

Курэйчык адзначыў, што «ГараШ» з лютага 2016 года, калі пачаўся старт афіцыйнага пракату фільма ў беларускіх кінатэатрах, сабраў крыху больш за 300 млн рублёў, што складае сем бюджэтаў стужкі.

«Мы як стваральнікі атрымалі крыху менш за палову гэтых грошай і раздалі іх ўсёй здымачнай камандзе, бо многія над фільмам працавалі на голым энтузіязме», - сказаў рэжысёр. Ён нагадаў, што фільм быў з поспехам паказаны на кінафестывалі «Лістапад» ў 2015 годзе - ахвотных яго паглядзець было так шмат, што арганізатарам давялося правесці дадатковыя сеансы.

Трагікамедыю паглядзела амаль 10 тысяч гледачоў ва ўсёй краіне. Курэйчык звярнуў увагу на тое, што гучна рэкламаваную дзяржаўную стужку «Мы, браты», якую прэзентавалі ў Расеі, паглядзелі толькі 6 тысяч гледачоў.

Са слоў Курэйчыка, сістэма кінапракату ў Беларусі - гэта «поўны хаос». Як адзначыў прадусар і кампазітар фільма Дзмітрый Фрыга, гадзіны перамоў і падпісанне дзясяткаў дамоў прывялі да таго, што аўтары «ГараШа» атрымалі толькі паўкраіны. Ім не ўдалося паказаць фільм у магілёўскім і гомельскім кінапракаце. У Менску паказы прайшлі ў кінатэатрах «Масква», «Перамога», «Сільверскрын» і ў «Арт-кінатэатры». Прычым, адзначыў Курэйчык, калі на першых паказах гледачоў было мала, то пасля таго, як пайшлі першыя водгукі праз «сарафаннае радыё», залы стабільна былі запоўненыя на 70-80%.

«Нягледзячы на тое што ў нас не было грошай на добры прамоўшн і ў гэты ж час у пракат выйшаў амерыканскі блокбастар са 150-мільённым бюджэтам «Дэдпул», мы выперадзілі ў пракаце расейскія фільмы «Стаўка на каханне» з Аляксандрам Ревам і «У актыўным пошуку», амерыканскі «Блакітны бераг» з Анжаліна Джолі і Брэдам Пітам», - падкрэсліў Фрыга.

Адказваючы на пытанне аб выхадзе фільма на замежныя рынкі, Курэйчык паведаміў: «Мы будзем прапаноўваць фільм «ГараШ» як франшызу на серыял, пілот, на прыклад «Рэальных дзецюкоў» расейскага тэлеканала ТНТ. У кінатэатральны пракат яго без грошай засунуць немагчыма, ды ён і паводле фармату не пасуе - вузкі, лакальны гумар не разумеюць людзі, якія не ведаюць, што такое Шабаны».

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках