20 красавiка 2024, Субота, 0:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандр Бухвостаў: Прамысловасць - у калапсе і на ранейшы ўзровень ужо не выйдзе

6
Аляксандр Бухвостаў: Прамысловасць - у калапсе і на ранейшы ўзровень ужо не выйдзе
Аляксандр Бухвостаў

Стагнацыя ў прамысловасці прадаўжаецца, аднак маніпуляцыі лічбамі дазваляюць рапартаваць пра "рост".

Да канца года беларуская прамысловасць павінна выйсці з рэцэсіі, заявіў намеснік прэм'ер-міністра Уладзімір Сямашка падчас пленарнага пасяджэння Беларускага прамысловага форуму.

"Наша прамысловасць доўгі час паказвала добрыя вынікі, але апошнія тры гады пачаўся збой. У першым трыместры мы ідзём з тэмпам 95,7%. Але трэба адзначыць, што пры гэтым ад месяца да месяца прамысловасць дадае 1,5%. Таму ёсць надзея, што на заданне гэтага года мы выйдзем, а значыць, і выйдзем з рэцэсіі", - падкрэсліў Уладзімір Сямашка.

Старшыня Свабоднага прафзвязу металістаў (СПМ) Аляксандр Бухвостаў зняпраўджвае пазітыўныя заявы чыноўніка, піша belprauda.org:

- На прадпрыемствах сітуацыя асабліва не мяняецца: і з працай, і з загрузкай працоўных месцаў. Дзе прамысловасць будзе набіраць адсоткі - вялікая таямніца для мяне.

- Блізу паўгода таму вы прагназавалі, што да вясны прамысловасць чакае калапс. Не спраўдзіліся вашы прагнозы?

- Я меў на ўвазе, што з цяперашняга крызісу прамысловасць ужо не выберацца. Мне здаецца, менавіта гэта і адбываецца. Ні на МАЗе, ні на МТЗ аб'ёмы вытворчасці не павялічыліся: як яны могуць вырасці, калі тэхніку прадаваць няма куды? Няўзброеным вокам відаць, што такога быць не можа: унутраны рынак не возьме столькі тавару, каб прамысловасць стала на ногі. Калі на МАЗе аб'ёмы вытворчасці ўпалі ўдвая, якім чынам прадпрыемства можа нарасціць удвая аб'ёмы? Гэта немагчыма. Расея робіць стаўку на развіццё ўласнай вытворчасці, многія экспэрты ўжо кажуць, што прадукцыя КАМАЗа лепшая за МАЗаўскую, у Расеі загружаюць уласных працоўных, а не беларускіх. Расейскі рынак, які спажывае львіную дзель беларускай прамысловасці, мяняецца - трэба выжываць ва ўмовах блакады. Сітуацыя ў Расеі непазбежна адбіваецца і на Беларусі.

Працэс стагнацыі прадаўжаецца. У машынабудаванні сітуацыя не паляпшаецца - за свае словы я адказваю. МАЗ, МТЗ, "Гомсельмаш", машынабудаванне сярэдняга звяна (лядоўні, тэлевізары) застаецца на ранейшым узроўні, і ніякага прыросту не дае.

Не быў бы Сямашка намеснікам старшыні Саўміна, калі б заяўляў, што мы прамысловасць паставілі на калені і сыходзім у адстаўку. Цяпер чыноўнікі будуць казаць аб выпраўленні сітуацыі, каб захаваць сваё крэсла. Лукашэнка ж ужо трэці раз папярэджвае ўрад, трымае яго ў падвешаным стане, чакаючы аддачы. Але аддачы ад яго ўжо не дачакаецца.

Беларуская статыстыка лёгка паддаецца маніпуляцыям. Калі я працаваў на «Гомсельмашы», генеральны дырэктар эканаміст Дрозд пачаў структурныя пераўтварэнні: раздаў разліковыя рахункі ўсім заводам, якія займаліся таваравытворчасцю, а затым тавараабмен паміж заводамі ўкладваўся ў агульны аб'ём вытворчасці. Аб'ём вытворчасці рос. Лічбы паддаюцца розным маніпуляцыям, пры дапамозе якіх нават пры падзенні вытворчасці можна паказваць рост брута прадукту.

- Сітуацыя ў прамысловасці закансервавалася або пагаршаецца?

- Адбываецца стагнацыя прамысловасці. Значнага пагаршэння сітуацыі не адбываецца, аднак адназначна скажу: машынабудаванне не выйдзе на ранейшы ўзровень. Цалкам магчыма, што пры такім становішчы спраў заводы проста «праядуць». Прадпрыемствы трэба ўтрымліваць: і энэргетыка, і абслугоўванне будынкаў, амартызацыйныя адлічэнні.

Надоечы прафзвяз СПМ накіраваў патрабаванні ў Саўмін - я атрымаў адказ на 14 аркушах. Пішуць, што некаторым прадпрыемствам спісалі ўсе амартызацыйныя адлічэнні, яшчэ нешта. Адным словам, урад робіць палёгкі прадпрыемствам, каб яны маглі дыхаць, але ўсе палёгкі адбіваюцца на агульным стане эканомікі.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках