25 красавiка 2024, Чацвер, 7:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Таццяна Севярынец: Чыноўнікі - выпадковыя людзі, у якіх няма адказнасці ні за што

5
Таццяна Севярынец: Чыноўнікі - выпадковыя людзі, у якіх няма адказнасці ні за што
ТАЦЦЯНА СЕВЯРЫНЕЦ

Каардынатарка аргкамітэта для стварэння партыі БХД распавяла, як чыноўнікі адмаўляюцца разглядаць сацыяльныя праблемы.

Напярэдадні пачатку кампаніі «выбараў» «дэпутатаў» у «палатку» каардынатарка аргкамітэта для стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віцебскай вобласці Таццяна Севярынец адказала на пытанні dyjalog.info.

- Таццяна, як вы думаеце, што з'яўляецца прычынай такога зацятага нежадання ўладаў рэгістраваць БХД?

- «Беларускую хрысціянскую дэмакратыю» ўлады не рэгіструюць ні як партыю, ні як рух. Акрамя таго, у рэгіёнах праігнараваныя некалькі дзясятак спробаў рэгістрацыі хрысціянска-дэмакратычных аб'яднанняў. Рэч у тым, што ўсе, ад каго залежыць рэгістрацыя, мабыць, добра запомнілі даўнюю заяву Лукашэнкі, што «БХД не будзе зарэгістраваная ніколі» - не дапамагае ні зняццё санкцый, ні чарговы перыяд лібералізацыі ў стасунках з Захадам.

Ведаеце, улада мае вельмі шмат механізмаў уздзеяння на простага чалавека, каб знайсці фармальныя падставы для адмовы ў рэгістрацыі. Калі на працу да пенсіянеркі (сябра БХД), якая вельмі баіцца страціць крыніцу дадатковага заробку - бо пенсіі ў нас мізэрныя - прыходзяць два чалавекі з Успенкі і выклікаюць на размову, то вынік прадказальны - чалавек адмаўляецца ад свайго подпісу...

Аднак не рэгіструюць нас перш за ўсё з той прычыны, што мы займаем вельмі актыўную грамадзянскую пазіцыю. Нашыя кампаніі «Народны дэпутат» і «Народны кантроль» не засталіся незаўважанымі.

- Цяжка з вамі не пагадзіцца: на фоне палітычнай і сацыяльнай апатыі ў краіне дзейнасць вашых актывістаў не застаецца незаўважанай. Раскажыце, калі ласка, нашым чытачам пра свае справы і дасягненні.

- У Віцебску з 2010 года ідзе актыўная праца з гараджанамі наконт актуальных сацыяльных праблемах: асвятленне вуліц, новыя маршруты і паляпшэнне руху грамадскага транспарту, арганізацыя веласіпедных дарожак, разгляд лёсу разбуранага будынка «Будтрэста №9», які цягам дзесяці гадоў пераходзіў з рук у рукі. Ёсць на нашым рахунку і ўдзел у агульнанацыянальных кампаніях у падтрымку прадпрымальнікаў, у абарону жыцця, у забарону рэкламы алкаголю на тэлевізіі... Цяпер ідзе збор подпісаў за зручны пераход на вуліцы Таксама актора Яроменкі і паляпшэнне руху аўтобуса №33. І, як паказвае досвед, хоць і не адразу, але ў спакваля ўлада вымушаная з намі лічыцца.

З 2014 года мы заняліся станам медыцыны. Арганізавалі ініцыятыву «Якасная медыцына ў Віцебску для ўсіх» і пачалі збор подпісаў за будаўніцтва паліклінічнага комплексу ў Білева. Мікрараён, збудаваны на грошы падаткаплатнікаў, здзіўляе амаль поўнай адсутнасцю сацыяльных выгод, сярод якіх маюцца хіба што толькі крамы, пабудаваныя на грошы прыватнікаў. Адсутнасць паліклінікі для трыццацітысячнага насельніцтва Білева-1, Білева-2 і Білева-3 з'яўляецца найбольшай праблемай.

На сённяшні дзень пляцоўкі, адведзеныя пад сацыяльныя аб'екты, цалкам закінутыя. Там паўсюль конь не валяўся: хмызняк заняў месца школы, пліты скінутыя ў катлаван, стаіць вада. Дзіцячы садок будуецца з чырвонай цэглы, але спецыялісты кажуць, што дастаткова аднаго сезону, каб цэгла пачала рассыпацца, нават пры яе кансервацыі поліэтыленам. Такое разбурэнне адбываецца і з паліклінікай на Поўдні-7, якая не будуецца з 2010 года.

Калі чыноўнікі кажуць: «Няма грошай», «Так атрымалася», і пры гэтым не маюць ніякага зразумелага тлумачэння прычын такога стану, то хіба перад намі дзяржаўныя асобы? Гэта выпадковыя людзі на сваіх пасадах, у якіх няма адказнасці ні за што.

Надоечы мы задалі гарадскім дэпутатам пытанне: «Дзе грошы на паліклінічны комплекс у Білева?» І ведаеце, што пачулі ў адказ? - «А яго пабудова наогул не планавалася...»

- З паведамленняў у сродках масавай інфармацыі вядома, што БХД бярэ ўдзел у цяперашніх «парламенцкіх выбарах». Якія мэты вы перад сабой ставіце?

- На «парламенцкія выбары» мы ідзем у складзе права-цэнтрысцкай кааліцыі. Асабіста мы мяркуем вылучыць у Віцебскай вобласці шэсць кандыдатаў у дэпутаты, два з іх - у Віцебску.

Зразумела, выбараў няма, але мы скарыстаемся афіцыйнай магчымасцю больш шчыльнай працы з людзьмі, бо праблем шмат не толькі ў Білеўскай выбарчай акрузе. Дарэчы, я перагледзела праграму сёлетняга «дэпутата» Міхаіла Волкава. Там канкрэтна гаворыцца аб паскарэнні будаўніцтва і паліклінічнага комплексу, і дзіцячага садка, і школы ў Білева, і паліклінікі ў мікрараёне Поўдзень-7.. Але ні адна з гэтых праблем не развязаная, ніводзін пункт не выкананы...

Дарэчы, нядаўна я паспрабавала запісацца на сустрэчу з «дэпутатам» і звярнулася ў яго прыёмную. Памочніца, пачуўшы пытанні, якія я хачу закрануць, адразу напружылася і запэўніла, што «дэпутат» іх добра ведае і трымае пад кантролем. Праз дзень яна ператэлефанавала і выказала меркаванне, што, мабыць, «дэпутат» мяне не прыме, бо я пражываю ў іншай выбарчай акрузе. Але як ён можа не прыняць сваіх выбарцаў, з якімі я да яго прыйду?

Выкарыстоўваючы рэдкую магчымасць дазволеных камунікацый з выбарцамі, мы паспрабуем правесці карысную перадвыбарчую кампанію. Я таксама мяркую вылучыцца кандыдатам у дэпутаты «палаты прадстаўнікоў», але, беручы пад увагу маю актыўную грамадзянскую пазіцыю, ужо цяпер больш чым перакананая, што мяне не зарэгіструюць.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках