19 красавiка 2024, Пятніца, 10:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Праваабаронцы заклікалі сусветных поп-зорак адмовіцца ад канцэртаў у Баку

1

Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі аб'ядналіся ў кааліцыю "Спорт за правы", каб супрацьстаяць рэпрэсіям у Азербайджане.

Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі, якія аб'ядналіся ў кааліцыю "Спорт за правы", каб супрацьстаяць рэпрэсіям у Азербайджане, звярнуліся да поп-зорак Крыса Браўна, Энрыке Іглесіяса і Фарэлу Уільямса, абвешчаных хэдлайнерамі канцэртнай праграмы падчас Гран-пры Еўропы Формулы-1, з заклікам адмовіцца ад сваіх выступаў і асудзіць брутальныя парушэнні правоў чалавека ў краіне, піша ПЦ "Вясна". Падаем тэкст звароту:

Энрыке Іглесіяс
ФОТА: MUZIQ.RO

- Мы звяртаемся да вас ад імя кампаніі “Спорт за правы”, якая намагаецца агучыць факты парушэння правоў чалавека ў Азербайджане напярэдадні Гран-пры Еўропы Формулы-1. Мы глыбока расчараваныя вашай пастановай выступіць 18 чэрвеня на Гран-пры Еўропы ў Баку, улічваючы змрочнае становішча ў галіне правоў чалавека ў краіне. Мы заклікаем Вас заняць актыўную пазіцыю ў дачыненні да правоў чалавека ў Азербайджане і скасаваць выступы ў Баку.

Мы адзначаем Вашу падтрымку на дабрачынныя мэты, у тым ліку ў межах кампаніі Save the Children, якая выступае за заахвочванне і абарону правоў чалавека. На жаль, правы азербайджанскіх грамадзянаў не выконваюцца і не абараняюцца. Хоць 16 палітычных зняволеных і былі нядаўна вызваленыя, дзясяткі дагэтуль пакутуюць ў азербайджанскіх турмах, у тым ліку журналісты, блогеры, моладзевыя актывісты, палітыкі і рэлігійныя дзеячы, віна якіх толькі ў тым, што яны былі нязгодныя з уладамі. Нягледзячы на тое, што яны наогул не мусілі апынуцца за кратамі, вызваленыя зняволеныя не былі рэабілітаваныя; на іх дагэтуль накладзеныя прававыя абмежаванні, якія перашкаджаюць іх працы і жыццю, а некаторым з іх забаронена пакідаць межы краіны дзеля атрымання тэрмінова неабходнай медыцынскай дапамогі. У больш шырокім сэнсе, грамадзянская супольнасць спрабуе працаваць у амаль немагчымых умовах, а шэраг НДА сталі ахвярамі палітычна матываваных крымінальных спраў.

Журналісты працуюць у атмасферы страху, дзяржава дамінуе ў медыя-асяроддзі, дзе жорсткія напады – нават забойстваы – супраць крытыкаў рэжыму ўчыняюцца беспакарана.

Як і ў выпадку з папярэднімі прэстыжнымі падзеямі, азербайджанскія ўлады выкарыстоўваюць Гран-пры Еўропы як спробу абяліць свой імідж, каб адцягнуць увагу міжнароднай супольнасці ад парушэнняў правоў чалавека, якія адбываюцца ў краіне. Насуперак Вашаму жаданню Вашыя выступы будуць выкарыстаныя як частка гэтага маскавання і, як прапаганда ў руках ўсё больш аўтарытарнага ўрада. Выступ у Азербайджане паслужыць далейшаму паглыбленню пакут палітычных зняволеных у краіне, а таксама многіх іншых, чые правы былі парушаныя гэтым самым урадам, які атрымае ад Гран-пры Еўропы патрэбныя дывідэнды.

Але ў вас яшчэ ёсць шанец усё выправіць. Мы заклікаем Вас скасаваць выступы ў Баку, і выступіць публічна, асудзіўшы ўжыванне жорсткіх захадаў у галіне правоў чалавека ў Азербайджане, а таксама заклікаць да неадкладнага і безумоўнага вызвалення палітычных зняволеных. Звяртаем Вашу ўвагу на каментары, зробленыя вакалістам гурта U2 Бона на сцэне ў Манрэалі ў чэрвені мінулага года, у ноч цырымоніі адкрыцця Еўрапейскіх гульняў у Баку. Бона назваў імёны шасці палітычных зняволеных у Азербайджане, паказаўшы іх фатаздымкі на арэне, і перадаў пасланне прэзідэнту Аліеву: “Калі што-небудзь здарыцца з адным з нашых сяброў, мы прымусім Вас адказаць за гэта”. Пяцёра зняволеных, імёны якіх ён назваў, былі вызваленыя. Мы мяркуем, што Ваша цвёрдая пазіцыя аб правах чалавека таксама можа значна паўплываць.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках