28 сакавiка 2024, Чацвер, 15:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Праваабаронцы запатрабавалі вызваліць веласіпедыста Дзмітрыя Паліенку

5
Праваабаронцы запатрабавалі вызваліць веласіпедыста Дзмітрыя Паліенку

Праваабарончы цэнтр «Вясна» запатрабаваў вызваліць Змітра Паліенку, а таксама спыніць пераслед астатніх удзельнікаў велазабегу «Крытычная маса».

Пра гэта гаворыцца ў афіцыйнай заяве ПЦ «Вясна», апублікаванай на сайце арганізацыі:

- Праваабарончы цэнтр «Вясна» ўважае за непрапарцыйную меру пераследу сацыяльнага актывіста Дзмітрыя Паліенку ў выглядзе ўтрымання пад вартай за падзеі 29 красавіка 2016 года.

На падставе сабранай інфармацыі з публічных крыніц, апытання удзельнікаў падзей і міжнародных стандартаў правоў чалавека заяўляем наступнае:

Штомесячныя акцыі ў Менску «Крытычнай масы» з'яўляюцца формай выказвання меркавання ўдзельнікаў і расцэньваюцца намі як мірныя сходы ў кантэксце артыкулаў 19 і 21 Міжнароднага пакта аб грамадскіх і палітычных правах, у тым ліку акцыя 29 красавіка 2016 года.

Згодна з кіроўнымі прынцыпамі АБСЕ аб свабодзе мірных сходаў улады маюць пазітыўныя абавязкі для спрыяння рэалізацыі гэтых правоў, абароны ўдзельнікаў (п. 2.2), нават у тым выпадку, калі гэта непрацяглы час перашкаджае руху транспарту (п. 20).

У гэтым выпадку супрацоўнікі міліцыі прысутнічалі на месцы збору і падчас руху веласіпедыстаў, але замест аховы і спрыяння правядзенню мерапрыемства праз 20 хвілін ажыццявілі непрапарцыйна гвалтоўнае спыненне акцыі.

У выніку адміністрацыйна пераследуецца 6 чалавек, у тым ліку адзін назіральнік. Пры спыненні ўдзельнікаў супрацоўнікамі ДАІ і АМАПу затрыманым былі нанесеныя цялесныя пашкоджанні і сапсаваная іх маёмасць.

Інцыдэнт, які адбыўся 29 красавіка пад 19:40 ля стэлы «Менск - горад-герой» патрабуе дэталёвага даследавання і аб'ектыўнай прававой ацэнкі як дзеянняў удзельнікаў акцыі, так і дзеянняў супрацоўнікаў ДАІ.

Распачынанне крымінальнай справы паводле артыкула 364 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь ( «Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў») супраць Станіслава Канавалава і Дзмітрыя Паліенкі не павінна быць справакаванай формай пераследу ўдзельнікаў мірнай акцыі.

Таксама звяртаем увагу на тое, што згодна з міжнародным стандартам абранне меры стрымання ў выглядзе змяшчэння пад варту з'яўляецца крайняй мерай для вядзення следства, калі падазраваны можа быць небяспечны для грамадства, альбо ёсць пагроза ягонага ўхілення ад следства. Характар дзеянняў Дзмітрыя Паліенкі ў гэтым выпадку і адзін толькі цяжар санкцыі артыкула 364 Крымінальнага кодэкса не можа быць падставай для ўтрымання яго пад вартай на час следства.

Зыходзячы з гэтых фактаў, расцэньваем пераслед удзельнікаў гэтай акцыі як вынік выказвання імі думкі, абмежавання права на мірныя сходы, а таксама адзначаем несуразмернасцю ўжывання гвалту ў дзеяннях супрацоўнікаў міліцыі пры спыненні акцыі і затрыманні.

Патрабуем вызваліць Змітра Паліенку да канца следства, а таксама спыніць пераслед удзельнікаў мірных сходаў і назіральнікаў.

Нагадаем, што 6 траўня стала вядома, што затрыманага ўдзельніка «Крытычнай масы» і падазраванага ў гвалтоўных дзеяннях у дачыненні да супрацоўніка ДАІ Дзмітрыя Паліенку перавялі ў следчы ізалятар у Жодзіне. Застаецца невядомым, ці было выстаўленае яму абвінавачванне.

Акрамя таго, 5 траўня пачаўся разгляд адміністрацыйнай справы аб парушэнні правілаў дарожнага руху ў дачыненні да назіральніка БХК Кірылы Кожанава. Аднак, разгляд быў перанесены на 11 траўня.

Таксама стала вядома, што будзе рабіцца агляд месца здарэння і адбудзецца дадатковы допыт у сувязі з заявай Максіміліяна Бойчанкі аб прыцягненне супрацоўнікаў органаў унутраных спраў да адказнасці.

Жорсткае затрыманне веласіпедыстаў-удзельнікаў «Крытычнай масы» адбылося ўвечары 29 красавіка. У выніку грубых дзеянняў АМАПу, было затрымана 6 чалавек, якіх моцна збілі і адвезлі ў РУУС Цэнтральнага раёна. Пазней чацвёра з затрыманых падпісалі пратаколы аб парушэнні правілаў дарожнага руху і супраціўленні супрацоўнікам органаў унутраных спраў і ДАІ, а супраць дваіх былі распачатыя крымінальныя справы паводле арт 364 Крымінальнага кодэкса.

Пазней дадому да Максіміліяна Бойчанкі, які падчас акцыі не быў затрыманы, прыехалі супрацоўнікі ДАІ і ўручылі позву з патрабаваннем з'явіцца ў РУУС Цэнтральнага раёна для ўдзелу ў адміністрацыйным працэсе.

Пісаць лісты са словамі падтрымкі Дзмітрыю Паліенку можна на адрасе: 222160, Менская вобласць, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22а.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках