Гісторыя аднаго фотаздымка
2- Павал Дэмеш
- 7.05.2016, 10:55
- 17,993
Чаму нельга забываць Беларусь.
Пяць гадоў таму, 2 сакавіка 2011 года ў Браціславе, сталіцы Славакіі, адбылося публічнае мерапрыемства пад лозунгам «Свабоду беларускім палітвязням!».
Гэта была даволі эмацыйная падзея на штогадовай канферэнцыі ў пытаннях бяспекі GLOBSEC, якая была арганізавана міністрам замежных спраў Мікулашам Дзурындам. Сярод наведвальнікаў гэтага мерапрыемства былі славацкія палітыкі і грамадскія дзеячы, а таксама вядомыя прадстаўнікі беларускай апазіцыі, у ліку якіх былі Станіслаў Шушкевіч, Аляксандр Мілінкевіч і Аляксандр Казулін.
На гэтай акцыі салідарнасці ўдзельнікі дэманстравалі фотаздымкі 14 беларускіх палітвязняў (у тым ліку пяці кандыдатаў у прэзідэнты), якія апынуліся ў турме пасля ашуканскіх прэзыдэнцкіх выбараў 2010 года.
Акцыя адбывалася ў вельмі сімвалічным месцы - каля мемарыяла Дэманстрацыі са свечкамі ў Браціславе 25 сакавіка 1988 года, жорстка разагнанай паліцыяй і якая стала адной з самых значных грамадскіх праяў супраціву супраць камуністычнага рэжыму ў былой Чэхаславакіі.
Яшчэ ў 2011 годзе міжнародная супольнасць, у ліку якіх былі Генеральны сакратар ААН, прадстаўнікі еўрапейскіх інстытутаў і ўрадаў краін-чальцоў ЕЗ, Злучаных Штатаў і Канады, рашуча асудзіла жорсткасць рэжыму Лукашэнкі. Улады заклікалі да неадкладнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных і запатрабавалі, каб усе вылучаныя супраць іх абвінавачванні былі знятыя. Ва ўсіх дэмакратычных краінах прайшла хваля салідарнасці і пратэсту супраць рэпрэсій у Беларусі.
Што ж здарылася з тымі чатырнаццаццю храбрымі палітыкамі, актывістамі і журналістамі? Яны перажылі жорсткія выпрабаванні ў турмах, але ніхто з іх не адмовіўся ад барацьбы за свабодную і дэмакратычную Беларусь, у незалежнасці ад таго, знаходзяцца яны ў выгнанні ці не. Усе яны былі вызваленыя толькі летам мінулага года, калі выйшаў на волю Мікалай Статкевіч, і працягваюць актыўную дзейнасць.
Міжнародная салідарнасць і ціск згулялі важную ролю ў вызваленні палітычных зняволеных у Беларусі. Тым не менш, усё той жа дэспатычны прэзідэнт Лукашэнка кіруе іх нерэфармаванай краінай, і ў людзей як і раней няма асноўных палітычных і грамадзянскіх правоў.
Дзіўна, але ў гэтым годзе на канферэнцыю GLOBSEC, разам з многімі іншымі важнымі міжнароднымі сустрэчамі, перасталі запрашаць удзельнікаў з Беларусі, ды і ўвогуле перасталі ўключаць гэтую краіну ў тэмы для абмеркавання. Нягледзячы на заходняе забыццё, былыя палітвязні Беларусі і іхнія суайчыннікі працягваюць нагадваць нам пра салідарнасць і асноўныя еўрапейскія каштоўнасці, а таксама аб стратэгічным значэнні сваёй краіны для еўрапейскага праекта.
Людзі на фотаздымку, зробленым Паўлам Нойбауэрам (Pavel Neubauer) (справа налева):
Мікулаш Дзурында (Mikulas Dzurinda), тагачасны міністр замежных спраў і былы прэм'ер-міністр Славакіі.
Аляксандр Мілінкевіч, беларускі палітык, трымае фотаздымак Мікалая Статкевіча (кандыдата ў прэзідэнты, вызваленага з турмы пасля 4-х гадоў і 8 месяцаў зняволення. Ён жыве ў Менску і актыўна ўдзельнічае ў палітыцы).
Уладзімір Падгол, беларускі аналітык, трымае фотаздымак Алеся Міхалевіча (кандыдата ў прэзідэнты, вызваленага з турмы пасля 2-х месяцаў зняволення).
Алесь Лагвінец, беларускі палітык, трымае фотаздымак Аляксандра Фядуты (сябра кампаніі Уладзіміра Някляева, вызваленага з турмы пасля 3,5 месяцаў зняволення).
Зузана Сатмар (Zuzana Szatmary), славацкая праваабаронца, трымае фотаздымак Андрэя Саннікава (кандыдата ў прэзідэнты, вызваленага з турмы пасля аднаго года і чатырох месяцаў зняволення. Цяпер ён у выгнанні і жыве ў Варшаве, актыўна ўдзельнічае ў палітыцы).
Станіслаў Шушкевіч, першы прэзідэнт Беларусі.
Любіміра Слушна (Lubomira Slusna), спецыяліст у культурнай спадчыне Славакіі, трымае фотаздымак Уладзіміра Кобеца (сябра каманды Андрэя Саннікава, вызваленага з турмы пасля месяца зняволення. Жыве ў выгнанні ў Варшаве, з'яўляецца грамадскім актывістам).
Рыхард Станке (Richard Stanke), славацкі актор, трымае фотаздымак Віталя Рымашэўскага (кандыдата ў прэзідэнты, вызваленага з турмы пасля 11 дзён зняволення. Ён жыве ў Менску, актыўны ў палітыцы).
Таццяна Росава (Tatiana Rosova), мэр Старога горада Браціславы, трымае фотаздымак Ірыны Халіп (жонкі Андрэя Саннікава, вызваленай з турмы пасля 1,5 месяца зняволення. Яна жыве ў Менску і працягвае быць актыўнай журналісткай).
Сяргей Калякін, беларускі палітык.
Магда Вашарыава (Magda Vasaryova), славацкая палітык, трымае фотаздымак Наталлі Радзінай (журналісткі, вызваленай з турмы пасля 1,5 месяца зняволення. Жыве ў выгнанні ў Варшаве, галоўная рэдактарка charter97.org).
Петэр Асускі (Peter Osusky), славацкі палітык, трымае фотаздымак Анатоля Лябедзькі (беларускага палітыка, які выйшаў з турмы пасля 3,5 месяцаў зняволення. Жыве ў Менску, актыўны ў палітыцы).
Андрэй Бан (Andrej Ban), славацкі фатограф, трымае фотаздымак Уладзіміра Някляева (кандыдата ў прэзідэнты, выпушчанага з турмы пасля 1,5 месяца пазбаўлення волі. Жыве ў Менску, актыўны як палітык).
Аляксандр Казулін, беларускі палітык, трымае фотаздымак Аляксандра Атрошчанкава (сябра каманды Андрэя Саннікава. Выпушчаны з турмы пасля 10 месяцаў. Жыве ў выгнанні ў Варшаве, не актыўны ў грамадскім жыцці).
Нара Бенякова (Nora Benakova), славацкая актывістка НДА, трымае фотаздымак Зміцера Бандарэнкі (сябра каманды Андрэя Саннікава. Выпушчаны з турмы пасля аднаго года і чатырох месяцаў зняволення. Жыве ў выгнанні ў Варшаве. Актыўны ў палітыцы).
Дзяніс Садоўскі, беларускі палітык.
Францішак Міклошка (Frantisek Miklosko) (былы спікер славацкага парламента), трымае фотаздымак Паўла Севярынца (сябра каманды кампаніі Віталя Рымашэўскага. Вызвалены з турмы пасля трох гадоў абмежавання волі. Жыве ў Менску, актыўны ў палітыцы).
Аляксей Янукевіч, беларускі палітык.
Мілан Ежовіца (Milan Jezovica), тагачасны намеснік міністра замежных спраў Славакіі, трымае фотаздымак Анастасіі Дашкевіч (Палажанка) (моладзевай актывісткі, вызваленай з турмы пасля двух месяцаў зняволення. Жыве ў Менску і вывучае палітычныя навукі).
Павал Дэмеш (Pavol Demes), грамадзянскі актывіст, былы міністр замежных спраў Славакіі.
Павал Дэмеш, былы міністр замежных спраў Славакіі, спецыяльна для charter97.org