Белстат: Чвэрць прамысловых арганізацый дзяржсектара стратныя
2- 1.06.2016, 14:17
- 8,688
Замест прыбытку ў першым квартале прадпрыемствы атрымалі страту сумай 3,9 трыльёнаў рублёў.
Арганізацыі з дзярждоляй уласнасці займаюць дамінуючае становішча ў беларускай прамысловасці, пры гэтым чвэрць з іх у першым квартале 2016 года былі стратнымі. Пра гэта сведчаць асноўныя паказчыкі дзейнасці арганізацый дзяржсектара, якія ўпершыню апублікаваў Белстат.
Як вынікае з апублікаванага бюлетэня, у 3.662 арганізацыях занятыя 1,5 млн работнікаў. У першым квартале прадпрыемствы з дзярждоляй уласнасці сфармавалі больш за 80% прамысловай вытворчасці, паведамляе БелаПАН. Іх прыбытак у студзені-сакавіку склаў 251 трлн рублёў, а сярэдняя рэнтабельнасць продажаў - 5,6%. Пры гэтым замест прыбытку прадпрыемствы атрымалі ў першым квартале чыстую страту сумай 3,9 трлн рублёў.
Адмоўны вынік фінансавай дзейнасці дзяржпрадпрыемстваў на фоне станоўчай рэнтабельнасці экспэрты тлумачаць тым, што ў выніку дэвальвацыі іх абавязацельствы ў крэдытах, якія часта з'яўляюцца валютнымі, істотна выраслі.
У траўні гэтага года на сустрэчы з эканамістамі прадстаўнікі Нацбанку паведамілі, што запазычанасць беларускіх прадпрыемстваў у крэдытах у чатыры разы перавышае прыбытак суб'ектаў гаспадарання. Паводле звестак рэгулятара, на 1 сакавіка каэфіцыент закрэдытаванасці прадпрыемстваў (суадносіны запазычанасці ў банкаўскіх крэдытах да сярэднямесячнага прыбытку) складаў 386,1%, прычым гэты паказчык стала павялічваўся са студзеня 2015 года.
На той жа сустрэчы прадстаўнікі Нацбанку канстатавалі, што многія прадпрыемствы-пазычальнікі сёння знаходзяцца ў складаным фінансавым становішчы. Паводле звестак сакавіцкага маніторынгу, які праводзіў Нацбанк, амаль у 50% доследных прадпрыемстваў попыт на прадукцыю зніжаўся. Рост попыту на сваю прадукцыю падчас апытання адзначалі толькі блізу 10% прадпрыемстваў.