Вулічны гандаль у Гомелі: украінскае сала, беларускія валошкі
8- 1.06.2016, 21:50
- 22,124
Многія гамельчукі, каб выжыць, прадаюць на гарадскіх вуліцах украінскія каўбасы, сала, сыры, а таксама гародніну, адзенне ды іншыя рэчы.
На вуліцы апынуліся і многія прадпрымальнікі, паведамляе «Радыё Свабода».
Вакол Прывакзальнага рынку ідзе бойкі гандаль. Чацвёра кабет прапануюць з валізаў, умацаваных на дарожных вазках, сала, вэнджаныя каўбасы, цвёрдыя сыры, розныя прыправы ды іншую драбязу.
— Пачым сала?
— Дзевяноста тысяч за кіло — з Украіны. І каўбасы ўкраінскія. Бяры, не пашкадуеш, — раіць гандлярка.
— Як жа сала можа быць з Украіны, калі забараняюць адтуль вазіць?
Прадавачка глядзіць на дапытлівага так, быццам збіраецца рублём адарыць. І замест адказу круціць у валізе палку каўбасы, каб этыкеткай наверх. Сапраўды, каўбаса ўкраінская. На сале, вядома, «Трызуба» няма, але паходжанне каўбасы як бы адначасова пацвярджае і паходжанне сала.
Крайняя ў шэрагу прадавачак кажа, што гандляваць на вуліцы вымушаюць абставіны:
«Да пенсіі яшчэ два гады, а ўладкавацца на працу няма магчымасці — бракуе вакансіяў. Альбо прапануюць заробак у межах двух мільёнаў. Невялічкі сямейны бізнэс змарнеў яшчэ летась, а жыць неяк трэба. Вось і прадаю».
Жанкі неахвотна ўступаюць у размову, баючыся за свой тавар. Іх тут часцяком ганяе міліцыя, наведваюцца падаткоўцы. Адсюль і двухколавыя дарожныя вазкі з валізамі: замок «маланцы» на валізе пацягнуў — і ўжо коціш, як нічога ніякага, у бок аўтамабільнага альбо чыгуначнага вакзалу. Мабільнасць — любое войска пазайздросціць.
На вуліцы Катуніна, на падыходзе да Цэнтральнага рынку, каля дзесятка жанок таксама гандлююць на ходніках. У іх пераважна прамысловыя вырабы: шкарпэткі, халаты, трусы, майкі, саколкі ды іншае лёгкае адзенне.
Яны таксама гандлююць з валізаў ды з вялікіх чорных поліэтыленавых пакетаў.
У гарадскім мікрараёне «Стары аэрадром» ёсць невялікі міні-рынак. Вакол яго, і нават у праходах, багата вулічных гандляроў, якія прадаюць розную зеляніну з гароду, бульбу і нават палявыя кветкі. Валошкі тут, можна сказаць, на кожным кроку. Ладны букет з каласкамі жыта — 40 тысяч, невялічкі — напалову меней.
«Мне да пенсіі год, дакладней, паўтара, бо па новаму ж закону дабаўляюць паўгода, — кажа кабета, якая адмовілася называць сваё імя. — Працавала раней на хлебазаводзе. Скарацілі. Цяпер я нікому не патрэбная. А хлеба ж і мне хочацца, ды бутэльку малака якога ці кефіру. Во цяпер прадаю «валошкавую свежасць». Купляюць слаба. Людзі цяпер больш пра кусок хлеба думаюць — прыгажосць на заднім плане. Можа, вечарам пашанцуе».
Пад дахам гандлёвых радоў прадае валошкі ды ружовыя півоні 56-гадовы мужчына, які назваўся Уладзіленам. Сказаў, што працаваў раней на хімзаводзе, а пасля ў ААТ «Сэйсматэхніка», у тэрмічным цэху. Год таму выйшаў на пенсію па «гарачай сетцы». Мае тры мільёны рублёў пенсіі. Мусіць шукаць прыробак, бо цяжкавата з сямейнікамі на такія даходы.
З іншага боку міні-рынку, у цені пад дрэвамі, прадае свежыя лісічкі, падбярозавікі ды падасінавікі 55-гадовы гамяльчук Яўген.
«Рабіў на абутковай фабрыцы «Праца». Летась скарацілі. Добра, што хоць жонка працуе. Але ж не выпадае сядзець склаўшы рукі. Грыбоў у лясах на поўдзень ад Гомеля стае — да самай украінскай мяжы. Збіраю, прадаю. Па 25 тысяч. Сёння толькі прыйшоў, нічога яшчэ не прадаў».
Яўген кажа, што на біржу не хадзіў — не бачыць сэнсу. Абутнікі ў горадзе нікому не патрэбныя. Перавучвацца на якога слесара няма сэнсу — тыя, перавучаныя, таксама без працы бадзяюцца, бо на прадпрыемствах цяпер больш скарачаюць, чым набіраюць.
Гомельскі незалежны эканаміст Мікалай Новікаў мяркуе, што пашырэнне вулічнага гандлю сведчыць пра стан эканомікі і дабрабыту людзей:
«На жаль, мы вяртаемся ў дзевяностыя гады мінулага стагоддзя, калі заробкі ў людзей былі мізэрныя, а выжываць неяк трэба было.
Вось людзі і імкнуліся прадаць адзін аднаму хоць накрыўку для слоіка, хоць семак шклянку. На бальшыні прадпрыемстваў ідуць скарачэнні, а ў сферу абслугоўвання, адукацыі дзяржава прыватную ініцыятыву па-сапраўднаму не пускае. Заціскае нават індывідуальных прадпрымальнікаў. І ў цэнтры занятасці далёка не ўсе ідуць, бо не маюць там сапраўднай абароненасці ад беспрацоўя. Так што вулічны гандаль — гэта як люстэрка стану эканомікі і дабрабыту беларускіх грамадзянаў».
Тым часам улады заклікаюць беларусаў «зацягваць паясы» і вучыцца «жыць па сродках».