26 красавiка 2024, Пятніца, 15:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія гатэлі не запаўняюцца нават на траціну

18
Беларускія гатэлі не запаўняюцца нават на траціну
ФОТА: NOCHI.COM

Надзеі на рост попыту на гатэлі не апраўдаліся - колькасць пастаяльцаў зніжаецца кожны год.

У 2015 годзе колькасць пастаяльцаў гатэляў была самай нізкай за апошнія пяць гадоў, піша ej.by. У гатэлях і санаторыях краіны спынілася больш за 2,4 млн чалавек, тады як у пікавым 2012 годзе пастаяльцаў было 2,7 млн грамадзян. Агульная колькасць начлегаў таксама абрынулася. Пра гэта сведчаць звесткі зборніка Белстата «Турызм і турыстычныя рэсурсы ў Рэспубліцы Беларусь, 2016».

Негатыўныя тэндэнцыі назіраюцца ў першую чаргу ў рэгіёнах: калі ў Менску лік размешчаных у гатэлях гасцей трохі павялічыўся, то па абласцях падзенне дасягнула да 17%.

Колькасць гатэляў і санаторыяў тым не менш кожны год расце. Летась у краіне іх налічвалася больш за тысячу. Толькі ў 2014 годзе было ўведзена 49 новых гатэляў, з іх 17 у Менску. Многія гатэлі былі пабудаваныя да чэмпіянату свету па хакеі, які праводзіўся ў Беларусі ў 2014 годзе. Аднак інвестары, у тым ліку дзяржава, чакалі ў будучыні развіцця турызму і росту колькасці пастаяльцаў, а таму прагназавалі, што пасля чэмпіянату аб'екты не будуць пуставаць.

На жаль, высветлілася, што ў 2015 годзе месцы ў гатэлях былі загружаныя ўсяго на 29% (гэты паказчык аднолькавы і для Менска, і для ўсёй рэспублікі). Для параўнання ў 2012 годзе загрузка складала 43%.

Як раней заяўляў начальнік упраўлення бытавога і гатэльнага абслугоўвання насельніцтва Мінгарвыканкама Юрый Натычка, пры такім узроўні загрузкі гатэляў іх рэнтабельнасць складае ўсяго 1%.

Паводле інфармацыі менскіх уладаў, сёлета ў сталіцы адкрыюць яшчэ чатыры гатэлі, лёс двух даўгабудаў невядомы.

Большасць пастаяльцаў беларускіх гатэляў - гэта грамадзяне Беларусі. Замежныя турысты размяшчаюцца ў асноўным у Менску, сярод рэгіёнаў больш за ўсё замежных гасцей прыцягнулі гатэлі Берасця, найменшую цікавасць выклікаў Магілёў.

Калі попыт на гатэлі змяншаецца, то ў арэндзе кватэр назіраецца станоўчая тэндэнцыя: у 2015 годзе тут спынілася на 25 тысяч чалавек больш. Адзначым, што рост у гэтым сегменце забяспечылі рэгіёны, тады як у Менску назіралася зніжэнне. У гатэлях у гэты ж час рэгіструецца зваротная тэндэнцыя - негатыўную дынаміку забяспечылі менавіта рэгіёны.

Што тычыцца аграсядзібаў, то іх наведвальнасць упала, аднак яна застаецца даволі высокай на фоне пяцігадовых паказчыкаў. Пераважная большасць гасцей вясковых сядзібаў - беларусы. Асноўную масу замежнікаў складаюць расейцы.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках