Спякота можа пакінуць беларусаў без бульбы
20- 27.06.2016, 18:12
- 14,277
Варункі надвор'я таксама спрыяюць павелічэнню колькасці каларадскага жука.
Варункі для ўтварэння і росту клубняў бульбы ў Беларусі пагоршыліся, паведамілі interfax.by ў Рэспубліканскім гідраметцэнтры.
Цяпер на большасці плошчаў у бульбы працягваецца ўтварэнне суквеццяў, у шмат якіх раёнах пачалося красаванне - ідзе фармаванне і рост клубняў.
"Візуальныя ацэнкі стану бульбяных палеткаў збольшага добрыя. Аднак праз усталяванне гарачага надвор'я аграметэаралагічныя варункі для ўтварэння і росту клубняў бульбы пагоршыліся", - канстатавалі аграсіноптыкі.
Яны адзначылі, што сярэдняя тэмпература на большай частцы тэрыторыі краіны цяпер значна вышэйшая за аптымальную для фармавання клубняў. Паводле звестак асобных метэастанцый у Гомельскай вобласці на фоне высокага тэмпературнага рэжыму і нястачы глебавай вільгаці пачалося завяданне бульбы. Варункі надвор'я таксама спрыяюць павелічэнню колькасці каларадскага жука.
"Да канца чэрвеня і на пачатку ліпеня чаканы павышаны тэмпературны рэжым будзе па-ранейшаму ўскладняць варункі для фармавання ўраджаю бульбы", - дадалі аграсіноптыкі.