20 красавiка 2024, Субота, 6:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вартае жалю відовішча «хурала»: дасягненні пяцігодкі высмактаныя з пальца

15
Вартае жалю відовішча «хурала»: дасягненні пяцігодкі высмактаныя з пальца
ФОТА: БЕЛТА

Замест абяцанай «гранічна шчырай, сумленнай і прынцыповай размовы», на «ўсенародным сходзе» зноў выйшла беспрынцыповая шэрая паказуха.

Праверка: гледзячы як лічыць і з кім параўноўваць

Крытычнае вывучэнне ўсяго набору дасягненняў краіны за апошнія пяць гадоў, на якія спаслаўся Лукашэнка ў сваім выступе, пакідае неадназначнае ўражанне. Выключэнне складаюць толькі, мабыць, змяншэнне ўзроўню дарожна-транспартнага траўматызму і адсыланні да прагрэсу ў галіне развіцця інфармацыйных тэхналогій - і тое, і другое аб'ектыўна мела месца ў Беларусі.

У дачыненні да ўсіх астатніх пераможных зводак можна паставіць нязручныя пытанні і каментары кшталту «гледзячы як лічыць» і «гледзячы з кім ці чым параўноўваць», піша bel.biz. Вось усяго некалькі прыкладаў.

Цытата: «Згодна з індэксам чалавечага развіцця Беларусь сярод амаль 200 краін сусветнай супольнасці перамясцілася з 68-га месца ў 2000 годзе на 50-е месца ў 2015-м. Гэта забяспечыла нам месца ў групе краін з высокім узроўнем чалавечага развіцця».

Рэальнасць: Беларусь была ў групе краін з высокім узроўнем чалавечага развіцця яшчэ ў першай палове 1990-х. Да метадалогіі разлікаў індэкса чалавечага развіцця (ІЧР) у спецыялістаў ёсць свае прэтэнзіі, яна некалькі змянялася ў часе. Аднак карысна зірнуць на згаданы індэкс з іншага ракурсу: возьмем за кропку адліку не 2000-ы, а 1994-ы год, і параўнаем ІЧР, а не дынаміку месца краіны ў свеце.

Такім чынам, у 1994 годзе паказчык для Беларусі быў 0,806, у 2015 годзе стаў 0,798. Для параўнання: паказчык Літвы ў 1994 годзе - 0,762, у 2015 годзе - 0,839; Латвіі - 0,711 і 0,819, Польшчы - 0,834 і 0,843, адпаведна. Як бачна, Беларусь адстала, тры суседнія краіны вырваліся наперад.

Здзіўляцца няма чаму: ІЧР разлічваецца на падставе трох паказчыкаў: узровень пісьменнасці насельніцтва і чаканая працягласць навучання, узровень ВНП на душу насельніцтва па парытэту пакупніцкай здольнасці, чаканая працягласць жыцця. У двух апошніх Беларусь відавочна адстае ад заходніх суседзяў, і разрыў толькі павялічваецца.

Цытата: «З 2014 года ўпершыню за 20 гадоў колькасць жыхароў у Беларусі пачала расці. Узроўні нараджальнасці і смяротнасці практычна зраўняліся - сціснутыя дэмаграфічныя нажніцы. Гэта вынік, да якога мы імкнуліся і якім ганарымся».

Рэальнасць: Па-першае, у 2014 годзе насельніцтва Беларусі стала расці толькі на паперы - праз недасканалую методыку ўліку вонкавай міграцыі. Беларуская статыстыка хранічна недалічвае колькасць беларускіх эмігрантаў, што было пераканаўча даведзена альтэрнатыўнымі разлікамі.

Па-другое, дэмаграфічныя нажніцы за апошнія гады насамрэч сціснуліся, але гэта адназначна кароткачасовая з'ява, за якой немінуча надыдзе пагаршэнне дэмаграфічнай сітуацыі.

Цытата: «Па памеры ВУП на душу насельніцтва па парытэту пакупніцкай здольнасці Беларусь ужо ўвайшла ў лік краін з сярэднім узроўнем даходу. Гэты паказчык вырас з $5,2 тысяч у 1990 годзе да $16,5 тысяч у 2010 годзе і да амаль $18 тысяч у 2015-м».

Рэальнасць: Прагрэс за 26 гадоў безумоўна ёсць, але правільней параўноўваць з дынамікай гэтага паказчыку ў іншых краінах.

Напрыклад, можна дадаць, што цяперашні паказчык у Беларусі прыкладна такі ж, як у Габона, і нават меншы, чым у Кубы. Для параўнання, у Латвіі у 2015 годзе ён склаў $22 тысячы, у Польшчы - блізу $24, Літве і Эстоніі - па $26 тыс.

Яшчэ паказальныя прагнозы спецыялістаў у змяненні гэтага паказчыка ў наступныя 5 гадоў. З іх вынікае, што ў Беларусі ВУП ППС на душу насельніцтва застанецца практычна нязменным, а ў Літве і Эстоніі, для параўнання, павялічыцца прыкладна да $30 тыс.

Цытата: «Паводле вынікаў апошняга рэйтынгу Беларусь увайшла ў дзясятку краін з найбольш дынамічна развіванай эканомікай ведаў».

Рэальнасць: Гучыць прыгожа. Але калі ўчытацца, то становіцца зразумела: адсюль не вынікае, што Беларусь знаходзіцца ўласна ў першай дзясятцы краін. Гаворка ідзе пра Індэкс эканомікі ведаў, які ў 2012 годзе прадставіў Сусветны банк. Беларусь тады паднялася на 11 месцаў у параўнанні з папярэднім вымярэннем, і менавіта па велічыні скачка ўвайшла ў дзясятку краін. У самім рэйтынгу Беларусь займае 59-е месца.

Цытата: «У намінацыі «навука і тэхналогіі» рэспубліка займае 37-е месца сярод амаль 170 краін свету».

Рэальнасць: Гаворка пра Індэкс добрай краіны, які ўключае ў сябе цэлых сем намінацый. Падняцца ў раздзеле «Навука і тэхналогіі» Беларусі дазволіла метадалогія разліку: сярод іншага, яна ўлічвала колькасць замежных студэнтаў у краіне (дзякуй туркменам!) і колькасць нобелеўскіх лаўрэатаў да 2011 года ў краіне паходжання.

Агулам, у сваім выступе Лукашэнка згадаў самую высокую з сямі магчымых намінацый Беларусі ў згаданым рэйтынгу. Да прыкладу, у намінацыі «Унёсак у росквіт і роўнасць» Беларусь уганаравалі 148-м месцам сярод 163-х краін.

Такім чынам, для прыхарошвання сітуацыі складальнікі дакладу Лукашэнкі вышуквалі ўсе магчымыя і немагчымыя прывабныя рэйтынгі краіны. Многія з іх пры ўважлівым вывучэнні выклікаюць, у найлепшым выпадку, скептычную ўсмешку.

Эканамічны крызіс? Гэта ўсё яны!

«Трэба прызнаць, што пяцігодка 2011-2015 гадоў стала праблемнай. Не ўсё ўдалося выканаць з запланаванага», - залішне аптымістычна ацаніў Лукашэнка вынікі свайго кіравання ў апошнія пяць гадоў.

Назваць вынікі апошніх пяці гадоў інакш як крахам, прынамсі, у сферы сацыяльна-эканамічнага развіцця язык не паварочваецца. Не быў дасягнуты ніводзін з 11 найважнейшых паказчыкаў сацыяльна-эканамічнай сферы. Прычым не тое каб крыху не дацягнулі да справаздачных лічбаў. Паміж планамі і рэальнасцю - велізарная ззяючая прорва.

Рост ВУП Беларусі на 2011-2015 гады закладвалі на ўзроўні 62-68%, а ў рэальнасці выйшаў усяго 5,9%. І яшчэ не вечар - паводле вынікаў існага «мінусавага» года будзе яшчэ большы адкат. Для параўнання, у 2010 годзе ВУП Беларусі быў $55,2 млрд, а ў 2015 годзе - на $54,9 млрд. За 2016 год аб'ём ВУП будзе ўжо бліжэйшым да паказчыка 2009-га.

Рост прамысловай вытворчасці планавалі 53-60%, а ў рэальнасці - 4,6%. Звышпланы на рост прадукцыйнасці працы абвясцілі ў 63-38%, а фактычна - 10,7%. Апраўданні такога правалу сталі, мабыць, асноўнай мэтай арганізацыі «нацыянальнага сходу».

Лукашэнка ўзяўся тлумачыць кіроўнай вертыкалі і насельніцтву, што настаў эканамічны крызіс - гэта нібыта не заканамерны вынік кіроўных памылак і маніякальнай прыхільнасці да неэфектыўнай мадэлі развіцця, а следства вонкавых фактараў.

Прычым на першае месца выступоўца паставіў нават не «спад на рынках Расеі і Украіны», а...эканоміку Еўразвяза: «Што адбылося за апошнія некалькі гадоў? У чым прычыны нашага запаволення? У 2013 годзе на вашых вачах абрынуўся валавы ўнутраны прадукт у Еўразвязе».

Насамрэч, у 2013 годзе ВУП Еўразвязу быў у плюсе, а невялікае падзенне адбылося ў 2012 годзе. Ды і Беларусь экспартуе ў Еўразвяз мізэрную долю сваёй прамысловай і сельскагаспадарчай прадукцыі, а нашы нафтапрадукты скупляюць спраўна, незалежна ад таго, рэцэсія ў ЕЗ ці эканамічны рост.

Названыя Лукашэнкам унутраныя прычыны, якія тармозяць эканамічны рост, - невысокая прадукцыйнасць працы, нізкая інавацыйная актыўнасць і неэфектыўная інвестыцыйная палітыка. Усе яны вытворныя ад аднаго асноўнага фактару, які выступоўца не згадаў і ніколі не згадае, а менавіта - якасць створаных ім у краіне эканамічных і палітычных інстытутаў.

Навуковыя даследаванні паказваюць на тое, што без ліберальных інстытутаў доўгатэрміновы ўстойлівы эканамічны рост не магчымы, і заклікі тыпу «мы павінны знайсці рэзервы росту і забяспечыць новы прарыў» асуджаныя застацца нічым іншым, як пустымі лозунгамі. На Усебеларускім сходзе Лукашэнкі гранічна ясна даў зразумець, што сваёй уладай не збіраецца дзяліцца, нават калі гэта будзе звязанае з далейшай сацыяльна-эканамічнай дэградацыяй краіны.

Андрэй Елісееў, bel.biz

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках