29 сакавiка 2024, Пятніца, 15:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Янка Запруднік: «Трэба жыць і спадзявацца»

1
Янка Запруднік: «Трэба жыць і спадзявацца»
Янка Запруднік

28 чэрвеня ў Менску адбылася сустрэча з гісторыкам, дзеячам беларускай эміграцыі Янкам Запруднікам.

Янка Запруднік разам з жонкай пару тыдняў таму назад прыехаў у Беларусь, каб пабачыць родных. За паўтара тыдня яны праехаліся па Палессі, адкуль родам з Жыткавіцкага раёна жонка Надзея Рагалевіч-Запруднік, наведалі Мір - там нарадзіўся сам Янка Запруднік.

ФОТА: «Новы час»

І вось у канцы мінулага тыдня яны вярнуліся ў Менск, каб узяць удзел у прэзентацыі кнігі «Кантакты», складзенай на аснове лістоў, якія цягам некалькіх дзесяцігоддзяў адпраўлялі беларусы ў Нью-Ёрк Янку Запрудніку. Складальнікамі кнігі з'яўляюцца Наталля Гардзіенка і Лявон Юрэвіч, нагадвае nn.by.

Актавая зала бібліятэкі была перапоўненая, сабрала блізу 150 чалавек.

Давялося нават прынесці дадатковыя крэслы з чытальных залаў і калідораў.

Вяла прэзентацыю Наталля Гардзіенка. Са словамі віншавання, успамінамі выступілі доктар Адам Мальдзіс, дырэктар Беларускага архіва-музея літаратуры і мастацтва Ганна Запартыка, пісьменнік Уладзімір Арлоў, даследчык Валерый Герасімаў.

З віншаваннямі выступілі гісторык Леанід Лыч, унучка Якуба Коласа Марыя Міцкевіч.

Першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч павіншаваў героя прэзентацыі з кнігай і нагадаў пра 25-годдзе незалежнай Беларусі.

На прэзентацыю прыйшлі праваабаронца Алесь Бяляцкі, мастакі Аляксей Марачкін, Мікола Купава, Алесь Шатэрнік, былы міністр культуры Анатоль Бутэвіч, пісьменнік Леанід Маракоў. Былі Мікалай Статкевіч і Марына Адамовіч, выдавец Зміцер Санько, прыехала з Канады пісьменніца Вольга Іпатава.

Айцец Ян (Алег Бембель, вядомы паэт Зніч) спецыяльна прые’хаў з Жыровіцкага манастыра і падарыў Запрудніку сваю кнігу і нават зачытаў адмыслова напісаныя да прыезду дзеяча беларускай эміграцыі новыя вершы.
ФОТА з Фэйсбуку Алеся Станкевіча

Сам Запруднік быў нешматслоўны, дзякаваў за віншаванні, а таксама падзяліўся ўражаннямі ад наведвання Беларусі.

«Апошнім часам шмат кажуць пра дзве душы беларуса, ці пра яе дваістасць. Я, прыехаўшы сюды праз тры гады, пачаў думаць. Душа беларуса мае два аспекты. Адзін - пакутніцтва, другі - надзеі.

Пакутніцкая душа, прыехаўшы сюды, адчувае боль, бо яна не чуе музыкі беларускай мовы з вуснаў дзяцей.

Першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч павіншаваў Героя прэзентацыі з кнігай і нагадаў аб 25-годдзі незалежнасці Беларусі.
ФОТА з Фэйсбуку Алеся Станкевіча

Але непаражальная, супраціўная цяжкасцям душа - ёсць аспект надзеі, і ён падахвочвае нас працаваць, прыкладаць намаганні ў надзеі, што гэтыя намаганні не марныя».

Запруднік працытаваў верш Наталлі Арсенневай «Трэба жыць», напісаны ў 1943 г:

Варта жыць, варта вечна чагось спадзявацца, чуцца часткай Айчыны малой, а жывой.

«Гэта адчуванне быць «часткай Айчыны» падахвочвае нас працаваць, прыкладаць намаганні ў надзеі, што гэтая праца не бясплодная, не беспаспяховая, яна прынясе плён», - рэзюмаваў ён.

Янка Запруднік І Адам Мальдзіс.
ФОТА з Фэйсбуку Алеся Станкевіча

«Мне журналісты Белсата, - прадоўжыў Запруднік, - задалі пытанне: « Што вы тут адчуваеце, што бачыце новага?». Я коратка сказаў, што мы бачым шмат новага, добрага, але чуем шмат нядобрага, у параўнанні з прыездам тры гады таму, чуем і аб зніжэнні заробкаў, праблемах з працаўладкаваннем».

Выступае Адам Мальдзіс.

Афіцыйна прэзентацыю меркавалі скончыць а 20.00, але потым больш за гадзіну госці прэзентацыі стаялі ў чарзе за аўтографам. Былі таксама шматлікія інтэрв'ю, адказы на пытанні, фота на памяць, панавала спакойная і нязмушаная атмасфера.

Янка Запруднік сказаў, што вернецца ў Амерыку з надзеяй, што ягоная дзейнасць запатрабаваная на радзіме.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках