Сведкі трагедыі ў Крупскім раёне: Шасцёра мужчын загінулі, ратуючы адзін аднаго
52- 29.06.2016, 13:10
- 12,384
Мясцовыя жыхары і двое ратавальнікаў атруціліся газам у каналізацыйным калодзежы.
- Мы самі толкам не ведаем, што адбылося. Тут цэлы вечар і ўсю ноч было столькі машын, людзей! Усё яшчэ не можам прыйсці ў сябе, загінулыя - гэта мае аднакласнікі, сябры, а Віцька, мой сусед. Нам усім вельмі цяжка, - плача жыхарка вёскі Каменка Крупскага раёна.
Трагедыя адбылася позна ўвечары ў аўторак, 28 чэрвеня. Мясцовы жыхар, 43-гадовы Сяргей, спусціўся ў шасцімятровы каналізацыйны калодзеж, каб яго пачысціць. У нейкі момант яму стала дрэнна, ён страціў прытомнасць і ўпаў на дно, мужчыну па чарзе кінуліся ратаваць суседзі.
- Яны ўсе загінулі, ратуючы адзін аднаго. Гэта жах! Такія маладыя хлопцы, ва ўсіх засталіся сем'і, дзеткі. А раніцай даведаліся, што памерлі ратавальнікі, якія спрабавалі іх дастаць з калодзежа, - распавяла сайту kp.by мясцовая жыхарка.
Адразу пасля таго, як людзі праваліліся ў калодзеж, на месца здарэння выехалі супрацоўнікі МНС.
- Калі ратавальнікамі быў выняты першы чалавек, для аператыўнага аказання дапамогі астатнім, рызыкуючы жыццём, уніз спусціліся работнікі Крупскага раённага аддзела надзвычайных сітуацый лейтэнант унутранай службы Аляксандр Шыманскі і старшына ўнутранай службы Андрэй Сліборскі, якія атрымалі атручэнне газам і былі шпіталізаваны. Пазней, не прыходзячы ў прытомнасць, яны памерлі ва ўстанове аховы здароўя, - паведамляюць у МНС.
Зараз супрацоўнікі мясцовага фельчарска-акушэрскага пункта працуюць з сем'ямі загінулых, аказваюць медыцынскую дапамогу.
- Вы ведаеце, з гэтай каналізацыяй у нас проста бяда. Такое адчуванне, што яе ніхто не чысціць, тхне жудасна, даводзіцца адкрываць вокны і дзверы, - распавядаюць жыхары вёскі Каменка. - У Сяргея ў той вечар таксама забілася каналізацыя, ён сам наважыў яе пачысціць. Цяпер у вёсцы працуе куча спецыялістаў, правяраюць усе студні, люкі, усё абгароджана стужкай. Пакуль бяда не прыйшла, гэтым ніхто не займаўся.
Сяргей, гаспадар дома, працаваў кіроўцам у «Белтрансгазе», там жа майстрам быў яшчэ адзін загінулы, яму было 59 гадоў. Леаненку Дзянісу - 34, а самым старэйшым з іх - мясцовы пенсіянер, якому было 65.
- Міністэрства надзвычайных сітуацый выказвае глыбокія спачуванні родным і блізкім загінулых. Цяпер высвятляюцца дакладныя абставіны і прычыны таго, што адбылося, - кажуць у МНС.
Выратавальніку Аляксандру Шыманскаму было ўсяго 24 гады, яго калегу Андрэю Сліборскаму 26.
Следчы камітэт пачаў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 144 КК «Прычыненне смерці праз неасцярожнасць». Расследаванне знаходзіцца пад асабістым кантролем старшыні СК.