18 красавiка 2024, Чацвер, 8:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ватыканская таямніца Францішка Скарыны

7
Ватыканская таямніца Францішка Скарыны

У ватыканскіх архівах знойдзеныя новыя звесткі пра беларускага першадрукара.

Новыя старонкі ў біяграфіі беларускага першадрукара Францыска Скарыны адшукаў Алесь Жлутка, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Беларусі, паведамляе Белсат.

Падчас апошняй камандзіроўкі ў Ватыкан даследнік удакладніў сувязь першадрукара з V Латэранскім саборам, які адбыўся ў 1512-1517 гадах.

На гэты сабор прыбыла дэлегацыя дацкага караля, у складзе якой быў нейкі Скарына. А праз тры месяцы ўжо дакладна Францішка Скарыну пры абароне доктарскай працы ў Падуі называюць сакратаром дацкага караля Ганса. Ці пра адну і тую ж асобу ідзе гаворка ў розных крыніцах, задаўся пытаннем навуковец.

Падчас працы ў Ватыканскім архіве Алесь Жлутка знайшоў цікавыя дакументы, у якіх сакратар дацкага караля паведамляе пра тое, што да V Латэранскага сабору жадаў далучыцца маскоўскі цар.

Даследнік адзначыў, што падчас працы з дакументамі высвятляюцца надзвычай цікавыя рэчы: перад 1508 годам дацкі кароль Ганс прымаў у сябе дэлегацыю ад маскоўскага цара Васіля ІІІ. Паслы прасілі караля дамовіцца з Папам Рымскім Юліем ІІ аб доступе маскоўскага пасольства да Ватыканскага двара. Вядома, што дацкі манарх стараўся праз французскага караля паспрыяць уладкаванню маскоўскіх паслоў у Ватыкане. Падчас гэтых і наступных перамоў дацкі кароль спрабаваў дамовіцца з Васілём ІІІ аб паяднанні Цэркваў.

«У 1509 годзе да дацкага двара прыбыла таксама дэлегацыя польскага караля і Вялікага князя Жыгімонта, у падданстве якога на землях Беларусі і Украіны таксама былі праваслаўныя і дзе дакументацыя вялася на лаціне і старабеларускай мове. Узнікае пытанне: дзеля чаго патрэбны быў Скарына дацкаму каралю ў якасці сакратара? Адказ напрошваецца сам сабой: для дыпламатычных зносінаў з Жыгімонтам і Васілём ІІІ; Скарына выконваў экуменічную місію ў справе паяднання двух накірункаў хрысціянства. Вельмі імаверна, што ў Даніі ён і атрымаў медычную адукацыю, каб пасля абараніць дактарат у медыцыне ў Падуі», – адзначае даследнік, аднаўляючы храналогію падзей, якія адбыліся больш за пяць стагоддзяў таму.

Атрымаць медычную адукацыю Францішак Скарына мог з 1509 да 1512 года, але пакуль гэта толькі тэорыя, бо менавіта гэты час яшчэ застаецца белай плямай у ягонай біяграфіі. У любым выпадку, тое, што Скарына мог быць непасрэдным удзельнікам дацкай дэлегацыі на V Латэранскі сабор – вельмі важная акалічнасць, лічыць Алесь Жлутка. Гэта не дзіўна: Скарына атрымаў адукацыю і ва ўсходняй, і ў заходняй хрысціянскай традыцыі, вучыўся ў каталіцкіх універсітэтах, працаваў пры дварах дацкага караля і віленскага біскупа, выдаваў Біблію і літургічныя кнігі для праваслаўных вернікаў.

«Пашыраецца дыяпазон ягонай асобы, пашыраецца дыяпазон перамяшчэнняў Скарыны па Еўропе. Гэта кажа пра тое, што ён быў асобай рэнесанснага тыпу. А як вядома, дзеячы Адраджэння ў той час даволі шмат падарожнічалі па Еўропе, набываючы веды і працуючы ў розных галінах. А яго дзейнасць у экуменічным кірунку сведчыць аб шырыні светапогляду, аб яго адкрытасці. Тое, што ён мог удзельнічаць у справе паяднання падзеленых частак хрысціянства напярэдадні новага падзелу, які несла блізкая Рэфармацыя, надае яшчэ большую веліч ягонай постаці», – упэўнены навуковец.

Доктар медыцыны і вызваленых навук, магчымы ўдзельнік дыспутаў з Парацэльсам – вядомым містыкам XVI стагоддзя, і Марцінам Лютэрам, безумоўна, велічная, але і таямнічая постаць – усё гэта Францішак Скарына.

Алесь Жлутка прызнаецца, ісці крок за крокам па слядах першадрукара – гэта нібы разблытваць дэтэктыў, фінал якога на сённяшні дзень невядомы, бо нават месца смерці Скарыны пакуль дакладна невядомае. Затое можна амаль з пэўнасцю ўзнавіць звесткі пра першую палову жыцця, у прыватнасці пра тое, дзе Скарына атрымаў першапачатковую адукацыю і рэлігійныя веды. Названы ён быў у гонар святога Францішка Асізскага – патрона кляштару бернардынцаў у Полацку, пры якім і атрымаў веды лацінскай мовы, а веды ў праваслаўнай традыцыі і ў старабеларускай кніжнай мове – пры адным з полацкіх праваслаўных манастыроў.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках