29 сакавiка 2024, Пятніца, 12:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Затрыманаму паводле справы менскіх антыфа ў следчым ізалятары не надаюць медыцынскую дапамогу

6
Затрыманаму паводле справы менскіх антыфа ў следчым ізалятары не надаюць медыцынскую дапамогу
ФОТА: «Наша Ніва»

Вадзім Бойка з нараджэння знаходзіцца на медыцынскім уліку, стан ягонага здароўя пагаршаецца з кожным днём.

Мянчук Вадзім Бойка, які тры месяцы таму быў затрыманы паводле так званай «справы антыфашыстаў» скардзіцца, што ў следчым ізалятары яму не надаюць неабходную медыцынскую дапамогу. Ён з нараджэння знаходзіцца на ўліку з дыягназам гемангіёма (дабраякасная пухліна). І без медыцынскага назірання стан ягонага здароўя пагаршаецца з кожным днём.

Пра гэта БелаПАН паведаміла Наста Лойка, юрыстка закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра «Вясна».

«На волі ён рэгулярна праходзіў абследаванні, прымаў лекі і тры разы рабіў аперацыю, - адзначае праваабаронца. - У следчым ізалятары №1, у Менску, дзе ён знаходзіцца апошнія месяцы, яму адмаўляюць у медаглядзе і выдачы неабходных медыкаментаў. Кажуць, паколькі ты падследны, у лякарню цябе ніхто не павязе. Ён скардзіцца, што ад болю не можа заснуць, рука нямее. Асцерагаецца, што можа развіцца анкалогія. Але персанал ізалятара, у тым ліку кіраўніцтва, ігнаруе ўсе ягоныя запыты».

У Дэпартаменце выканання пакаранняў МУС адмовіліся пракаментаваць сітуацыю.

Нагадаем, Вадзім Бойка быў затрыманы 22 сакавіка 2016 года. Ён і два ягоныя таварышы ў антыфашысцкім руху абвінавачваюцца ў асабліва злосным хуліганстве (ч.3 арт.339 КК).

Паводле версіі следства, маладзёны бралі ўдзел у бойцы, якая адбылася 29 чэрвеня 2014 года на прыпынку «Універсам» на вуліцы Несцерава. Удзельнікі канфлікту разбілі шыбу ў тралейбусе і распылілі газ. Шкода складае 280 тысяч рублёў.

Пасля затрымання Іллі Валовіка, Вадзіма Бойкі і Дзмітрыя Цэхановіча антыфашысты выступілі з заявай аб палітычнай матываванасці затрымання паплечнікаў.

Следства паводле справы прадаўжаецца, паведаміў афіцыйны прадстаўнік УСК Менску Аляксей Клімовіч.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках