29 сакавiка 2024, Пятніца, 0:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Генадзь Аўсяннікаў: Не такі ён просты, беларус, як яго малююць

2
Генадзь Аўсяннікаў: Не такі ён просты, беларус, як яго малююць
Генадзь Аўсяннікаў

Папулярнасці знакамітага артыста Генадзя Аўсяннікава хапіла б на дзесяцярых.

Генадзь Сцяпанавіч Аўсяннікаў служыць у Купалаўскім тэатры амаль шэсцьдзясят гадоў. Менавіта служыць, бо для яго тэатр — гэта храм, у якім душа чалавека сродкамі мастацтва ўзбагачаецца, саграваецца святлом высокага мастацтва. І ён, шараговы служыцель гэтага храма, у меру сваіх сіл і таленту стараецца актыўна падтрымліваць святое і жыццядайнае святло. На праслаўленай купалаўскай сцэне ім сыграна больш за восемдзесят роляў. І многія з іх (асабліва з беларускага рэпертуару) сталі эталоннымі, класічнымі. Ён настолькі самабытны нацыянальны акцёр, што рэжысёры часам не ведаюць, як выкарыстаць яго ў небеларускім матэрыяле, піша zviazda.by.

Не менш роляў сыграў Аўсяннікаў і ў кіно. Можна назваць такія вядомыя фільмы, як «Людзі на балоце», «Доўгія вёрсты вайны», «Полымя», «Плач перапёлкі», «Свежына з салютам», «Талаш» і іншыя. Не ва ўсіх іх яму пашанцавала на галоўныя, цэнтральныя ролі, але нават у тых кінастужках, дзе даставаліся другарадныя, эпізадычныя персанажы, ствараў яркія, каларытныя вобразы, якія глядач заўважаў, запамінаў.

З-за таго, што рэжысёры часцей за ўсё па звычцы эксплуатавалі яго прыродныя чалавечыя якасці (дасціпнасць, гумар), ва ўяўленні некаторых гледачоў склаўся своеасаблівы імідж артыста — гэткага вясёлага дзядзькі на падпітку. На самай справе талент Аўсяннікава шматгранны і надзвычай глыбокі, поліфанічны. Гэта артыст рэдкага трагікамічнага даравання. У адным з апошніх спектакляў «Вяселле» паводле Чэхава ён у пятнаццаціхвілінным эпізодзе так сыграў канфузлівага, наіўна-кранальнага генерала, што публіка (не толькі мінская, але і маскоўская, парыжская) была ўражана і ўсхвалявана да слёз.

«Бліскучы камедыйны і драматычны акцёр, — так ахарактарызавала Аўсяннікава вядомы тэатральны крытык Таццяна Арлова. І патлумачыла: — Ён неразлучны ў творчасці з тэмай маленькага чалавека, не змагара, а байца, не кіраўніка, а падначаленага. Ім камандуюць начальнікі, жонкі, дзеці, калегі, прыяцелі, а ён чэсна і добрасумленна выконвае загады, не хныкае і не скардзіцца. На такіх свет трымаецца».

Генадзь Аўсяннікаў знешне мала падобны на артыста — звычайны сялянскі твар з гэткім дапытлівым прыжмурам і вясёлай хітрынкаю ў вачах. Ніякай рысоўкі, ніякага падкрэслівання сваёй значнасці. Не любіць гальштукаў, мадэльных касцюмаў. Просты, сардэчны чалавек, які ўсюды — свой.

А між тым ягонай вядомасці, ягонай папулярнасці хапіла б на дзесяцярых. Ён — народны артыст БССР і народны артыст СССР. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, а таксама прэміі «За духоўнае адраджэнне». Уладальнік прыза «Нацыянальны набытак» ІV Міжнароднага фестывалю монаспектакляў і спецыяльнага прыза Беларускага цэнтра UNIMA на Міжнародным тэатральным фестывалі «Белая вежа». Пераможца фестывалю «Артыст канца ХХ стагоддзя» (Масква). Кавалер ордэнаў Працоўнага Чырвонага Сцяга, «Знак пашаны», Францыска Скарыны.

Журналіст лёгка дамовіўся пра сустрэчу, і ў прызначаны дзень і час ён стукаўся ў дзверы кватэры Аўсяннікавых. Гаспадыні дома не было, а гаспадар гасцінна запрасіў праходзіць у залу. Журналіст звярнуў увагу, што з акна гэтага пакоя злева віднеўся будынак Нацыянальнага банка, а справа — Дзяржаўнага ўнівермага.

Перахапіўшы позірк журналіста, Генадзь Сцяпанавіч пажартаваў:

— Як бачыце, жыву што той мільянер.

— А вы і ёсць мільянер. Толькі не ў доларавым, а зусім у іншым, больш каштоўным вымярэнні. Вы маеце мільёны сваіх шчырых, адданых прыхільнікаў, якія любяць вас і шануюць. Пра што яшчэ раз засведчыў ваш нядаўні юбілей.

— Я люблю казаць: юбілей — гэта калі шмат кветак, але яшчэ жывы.

На такой вясёлай ноце і пачалася гаворка.

Маленькіх роляў не бывае

— Генадзь Сцяпанавіч, мне здаецца, вам яшчэ раз пашанцавала, калі ў 1957 годзе, пасля заканчэння тэатральна-мастацкага інстытута, вы трапілі ў лепшы тэатр краіны — Купалаўскі.

— Можна сказаць і так. Але ў гэтым было трохі і маёй заслугі. У нас быў вельмі моцны курс, у Купалаўскі ўзялі адразу шэсць чалавек. Сярод іх Саннікаў рэкамендаваў і мяне. Хочацца думаць, што не толькі за прыгожыя вочы (смяецца).

— І як вас сустрэлі ў тэатры? У той час там працавала цэлая плеяда выдатных артыстаў, сапраўдных карыфеяў сцэны — Платонаў, Глебаў, Уладамірскі, Ржэцкая, Рахленка, Малчанаў, Станюта, Стома…

— У тым вось і ўся справа, што чым больш таленавіты чалавек, тым ён больш просты і сціплы. Атмасфера ў тэатры была самая добразычлівая. Карыфеі, як вы кажаце, чым маглі памагалі нам у нашым станаўленні, вельмі тактоўна, далікатна падказвалі, як лепш сыграць тую ці іншую сцэну, ахвотна дзяліліся сакрэтамі майстэрства. Не дзіва, што ўсе мы, навабранцы, вельмі хутка і арганічна ўліліся ў трупу тэатра, а некаторыя, як Тарасаў і Захарэвіч, сталі выконваць цэнтральныя ролі.

— Прабачце за пэўную нетактоўнасць, але не магу не запытацца: а чаму ж вы так доўга заставаліся ў ценю? Амаль дзесяць гадоў выконвалі ролі другога плана, эпізадычныя.

— Ведаеце, не бывае такога, каб усім адразу пасыпаліся галоўныя ролі. Як Тарасаву. Ён — прыроджаны герой-любоўнік, ярка выражаны сацыяльны герой. У ім сышлося ўсё: талент, знешнасць, голас. Нягледзячы на вядомую славянскую слабасць у апошнія гады, Віктар бліскуча спраўляўся з любой роляй. Памятаю, на тэлебачанні здымалі невялічкі эпізод. Выканаўца спрабаваў сыграць і так, і гэтак, а таго, што трэба было, не атрымлівалася. Паклікалі Тарасава і эпізод знялі з першага дубля. Пасля гэтага рэжысёр сказаў фразу, якая стала амаль што афарызмам: «Мне лепш адзін Тарасаў на падпітку, чым шэсць некаторых цвярозых».

Што тычыцца мяне, то я не пакрыўджаны тым, што не адразу артымаў галоўныя ролі. І не лічу, што гэтыя дзесяць гадоў патраціў дарма. Я не сядзеў склаўшы рукі і не чакаў шчаслівага выпадку. Іграў усё, што мне даручалі. І іграў з поўнай аддачай, з вялікім задавальненнем. Заўсёды кіраваўся прынцыпам: няма роляў вялікіх і малых, ёсць розныя адносіны да сваёй справы.

За шматгадовую акцёрскую практыку мне даводзілася іграць рознае: чайніка, які кіпіць, жабінага сына. Нават меў гонар выконваць крокі Леніна.

— Як гэта?

— На радыё ставіўся спектакль пра Кастрычніцкую рэвалюцыю. У адным з эпізодаў паяўляўся Ленін. Па тэксце значылася рэмарка: «Уладзімір Ільіч імкліва падыходзіць да трыбуны…» У акцёра ж, які выконваў гэтую ролю, чаравікі аказаліся на мяккай падэшве. Вось крокі Ільіча мне і давялося імітаваць.

— Дарэчы, на радыё вы ўдзельнічалі ў многіх спектаклях…

— Тады там была вельмі моцная літаратурна-драматычная рэдакцыя. Працавалі выдатныя рэжысёры — Валерый Анісенка, Соф’я Гурыч, Марына Троіцкая. Я больш запісваўся ў Гурыч. Спектаклі, пастаўленыя ў тыя гады, на шчасце, захаваліся ў радыйнай фанатэцы і сёння складаюць залаты запас нашай драматургіі.

А яшчэ я на радыё вёў некаторыя перадачы для дзяцей. Вельмі папулярнай была перадача «Вясёлы паштальён». Мне юныя слухачы прысылалі цэлыя мяхі пісьмаў. Я іх пасля ў эфіры зачытваў, з гумарам каменціраваў.

— Вам цікава было працаваць з дзецьмі?

— З дзецьмі і для дзяцей. На кінастудыі я шмат агучваў мультфільмаў. Скажам, такія як «Дзед і журавель», «Як ліса ваўка вадзіла», «Прыгоды Несцеркі» … Прычым, паверце, над гэтым працаваў з не меншым задавальненнем, чым над самымі сур’ёзнымі ролямі ў тэатры.

— А паралельна з усім гэтым вы яшчэ актыўна здымаліся ў кіно. Кіраўніцтва тэатра не наракала, што вы распыляецеся?

— Дык гэта ж не было на шкоду тэатральнаму рэпертуару. Я запісваўся на радыё і здымаўся ў кіно, як правіла, у свой вольны час. А калі трэба было адпрасіцца, то маё кіраўніцтва ставілася да гэтага з разуменнем. Акрамя таго, дадатковая праца не была на шкоду і мне. Яна дапамагала падтрымліваць на належным узроўні маю акцёрскую форму.

— Вы сказалі, што не чакалі ўдачы, склаўшы рукі, а працавалі над тым, што даручалі, што трэба было тэатру. І тым не менш, удача прыйшла. Я маю на ўвазе драматургію Макаёнка.

— З Макаёнкам мне, канешне, пашанцавала. Што праўда, то праўда. Яго героі арганічна леглі на мае асаблівасці, мае прыхільнасці. Беларускіх вяскоўцаў, іх характары, натуры я добра ведаю і люблю. А Макаёнак, як ніхто іншы, мог ствараць яркія, каларытныя вобразы, па-сапраўднаму народныя тыпы. Іграць іх было адно задавальненне. Я ствараў на сцэне гэтых герояў, а яны стваралі мяне як акцёра.

— Тэатральная крытыка дружна зазначае, што ваш акцёрскі талент з усёй паўнатой і глыбінёй раскрыўся менавіта ў спектаклях па п’есах Макаёнка. Дастаткова прыгадаць дзеда Цыбульку з «Таблеткі пад язык», Старога са «Святой прастаты», Антона Бусько з «Пагарэльцаў», Максіма з «Лявоніхі на арбіце». Але вяршынным дасягненнем у вашай творчасці можна, бадай, лічыць ролю Цярэнція Калабка з «Трыбунала». У гэтым спектаклі вы з бляскам праявілі сябе не толькі як майстар камедыйна-драматычных вобразаў, але і як акцёр трагікамічнага плана.

— Не хваліце гэтак, а то яшчэ на старасці гадоў зазнаюся (смяецца). А калі сур’ёзна, то «Трыбунал» — сапраўды вялікая творчая ўдача Макаёнка. І значная ўдача тэатра. Вы ведаеце колькі разоў мы сыгралі гэты спектакль? Шэсцьсот пяцьдзясят!

— Цікава, а не прыядаецца акцёру гэтулькі разоў іграць адно і тое ж? Не наступае, так бы мовіць, акцёрскае выгаранне, выканальніцкая абыякавасць?

— Не наступае. Бо маеш справу з глыбокай, таленавітай драматургіяй, якая сілкуе творчае натхненне, дае прастор акцёрскай фантазіі. Кожны спектакль іграеш крыху па-іншаму, з новымі дэталямі, новымі фарбамі.

— Генадзь Сцяпанавіч, а якія яшчэ ролі, сыграныя на Купалаўскай сцэне, вы лічыце для сябе важнымі, значнымі?

— У першую чаргу, бадай, Аўдзей са спектакля «Страсці па Аўдзею» Уладзіміра Бутрамеева. Вось дзе сапраўдны драматызм! Жыве сабе селянін, займаецца сваімі штодзённымі побытавымі клопатамі, перажывае простыя жыццёвыя радасці і не здагадваецца, што зусім хутка яго чакае раскулачванне і высяленне… Выкананне гэтай ролі патрабавала немалых душэўных і фізічных сіл, але ж і давала глыбокае маральнае задавальненне, бо заўсёды адчуваў жывую еднасць залы і сцэны, бачыў, як глыбока кранае гледачоў Аўдзеева драма. А некаторыя нават заходзілі пасля спектакля да мяне ў грымёрку, дзякавалі і казалі, што такое было і з іхнімі бацькамі.

Люблю свайго Васіля Мульціка з дудараўскага «Вечара». Таксама балючая чалавечая драма. Толькі ўжо не сацыяльная, а псіхалагічная, душэўная. Колькі такіх Васілёў у нашых сучасных вёсках, якія засталіся дажываць свой век у неперспектыўных вёсках і, забытыя дзецьмі, востра перажываюць сваю адзіноту.

— А якія ролі вам блізкія, па душы з рускай класікі?

— О, добра што вы пра гэта запыталі! А то, магчыма, той-сёй падумае, што я пачуваю сябе арганічна толькі ў беларускім матэрыяле. Няпраўда! Для мяне ў персанажы істотным з’яўляецца не нацыянальнасць, а характар, думкі, ідэя, якая за ім стаіць.

У «Познім каханні» Астроўскага я іграў Дармідонта. Па п’есе — гэта персанаж камедыйнага плана. А я надаў яму больш сур’ёзнае гучанне. Ён атрымаўся ў мяне камедыйна-драматычным. І публіка прыняла такую трактоўку вельмі добра. З таго часу я амаль у кожнай сваёй ролі спрабую вышукаць, выцягнуць з матэрыялу штосьці такое, каб дадаць сваім героям крышачку драмы.

Канешне, нацыянальны каларыт у таго ці іншага персанажа павінен быць. І дасягаецца гэта за кошт мовы, асаблівасці гаворкі ды яшчэ псіхалогіі паводзін ці, як цяпер кажуць, ментальнасці. Але ў глыбіні сваёй, па сутнасці, усе мужыкі — аднолькавыя, ці то ў Івана Мележа, ці то ў Барыса Мажаева. Я ў свой час, калі жыў у вёсцы, гэтулькі розных дзядоў пабачыў, што мне пасля не складала вялікай цяжкасці ўвасабляць іх на сцэне — не залежна ад таго, беларуская гэта класіка ці руская.

— А як вы наогул працуеце над роляй?

— Працую даволі марудна і пакутліва. Пакуль не ўчытаюся ў тэкст, не зразумею ўсе яго бачныя і нябачныя глыбіні, не разгадаю таямніцы характару свайго героя — нічога не будзе. Пасля мне трэба дакладна ведаць, чаго хоча ад мяне рэжысёр, і калі гэтыя патрабаванні сугучныя з аўтарам п’есы і са мною, то тады ўжо праца пойдзе нармальна.

Скажам, ставілі мы «Даходнае месца» Астроўскага. Я там іграў Юсава. Дык вось перш чым прыступіць да рэпетыцый, я перачытаў шмат літаратуры на гэту тэму. Хадзіў у Дом мастацтваў, там у нас была спецыялізаваная бібліятэка. Мне цікава было дазнацца, як ставілі гэты спектакль у іншых тэатрах, што пра іх пісала крытыка, як выконвалі ролю Юсава знакамітыя артысты — Ігар Ільінскі ў Малым тэатры, Уладзімір Уладамірскі ў нашым. І толькі пасля гэтага стаў шукаць сваё, адметнае рашэнне — прыдумваць герою некаторыя жэсты, інтанацыі, рэплікі, якія б больш поўна раскрывалі ягоны характар.

— А калі ў вас праца над роляй заканчваецца?

— Ніколі. Пакуль ставіцца спектакль — працягваецца і гэтая праца. Кожную сваю прыдумку правяраю на публіцы. Калі рэакцыя станоўчая, тая, якую я чакаў, тады прыдумку пакідаю, развіваю яе, дадумваю нешта яшчэ ў гэтым напрамку. Калі ж рэакцыя нулявая — значыць, знаходка мая няўдалая і ад яе трэба адмаўляцца, шукаць нешта новае.

Пасля кожнага спектакля яшчэ доўга ідзе «разбор палётаў»: вось тут крыху недайграў, а ў гэтым эпізодзе, наадварот, перайграў, а ў заключным маналогу дарма даў волю эмоцыям — яны павінны выказвацца не знешне, а глыбока ўнутрана. І не спіш да паўночы, круцішся на пасцелі, як на гарачай патэльні, пакуль жонка не скажа: «Ды спі ты ўжо! Колькі можна іграць?»

— Генадзь Сцяпанавіч, а якія ролі вам іграць цікавей — станоўчыя ці адмоўныя?

— Ну, прынята гаварыць, што цікавей адмоўныя. Таму што такі герой шматгранны, ён развіваецца, падаецца ў дынаміцы. А станоўчы — якім выйшаў на сцэну, такім і пайшоў.

У мяне ж адносіны да сваіх герояў крыху інакшыя. Я прытрымліваюся правіла, якое любіў паўтараць наш педагог Саннікаў: у адмоўным персанажы шукай станоўчае, а ў станоўчым — адмоўнае. Тады ён атрымаецца больш праўдзівым, паўнакроўным, жывым.

— За сваё доўгае акцёрскае жыццё вы сыгралі не адзін дзясятак выдатных роляў. Роляў, якія сталі своеасаблівай класікай, увайшлі ў скарбніцу тэатральнага мастацтва. А ці ўсё, што хацелася, пра што марылася, удалося рэалізаваць?

— Не ўсё. У свой час, напрыклад, я вельмі хацеў сыграць Швейка. Надта ж вабіла мяне гэтая роля. Мне здаецца, што я мог бы сыграць яе цікава. Яна, што называецца, цалкам мая, як быццам для мяне напісаная. Мог бы, але ўжо не сыграю — не тыя гады…

Марыў і мару сыграць Фірса. На мой погляд, чэхаўскі «Вішнёвы сад» сёння як ніколі актуальны. Мы перажываем тыя ж праблемы прадпрымальніцтва, што і ў часы Чэхава. А вобраз Фірса — яркае ўвасабленне чалавечай трагедыі, якую нясе разам з сабою непрадуманая, паспешлівая ломка старога.

Наогул, вельмі люблю чэхаўскую драматургію. Нядаўна на сцэне Купалаўскага паставілі «Чайку». На жаль, мяне туды не запрасілі. Яшчэ хацеў бы наноў вярнуцца да Чабутыкіна з «Трох сясцёр». Выканенне гэтай ролі ў свой час прынесла мне шмат станоўчых эмоцый.

— Скажыце колькі слоў пра сваіх калег-купалаўцаў, бліжэйшых вашых партнёраў па шматлікіх спектаклях. На вялікі жаль, многія з іх пайшлі ўжо з жыцця, але пакінулі яркі, адметны след у жыцці тэатра.

— Самым блізкім маім партнёрам была народная артыстка СССР Галіна Макарава. Мая, як я часам жартую, чатырохразовая жонка — у чатырох спектаклях мы былі сямейнай парай. Іграць з ёю было няпроста. Яна была надзвычай патрабавальная партнёрша. Нават падчас вясковых гастроляў не давала расслабіцца, вымушала выкладвацца па поўнай. Але я хачу расказаць пра яе не як пра актрысу, а як пра чалавека. Пра яе дабрыню, увагу да людзей, душэўную шчодрасць.

Аднойчы наш тэатр выступаў у адным з калгасаў. Была позняя восень. Надвор’е ветранае, халоднае. Мы вышлі з аўтобуса і амаль адразу ўбачылі маленькага хлопчыка, якія сядзеў каля помніка партызанам. Апрануты ў адну кашульку, ён дрыжэў ад холаду.

— А Божачка ж ты мой! — пляснула рукамі Галіна Кліменцьеўна і падбегла да хлопчыка. — А чаго ж ты тут мерзнеш? Дзе твае бацькі?

— Дома. Яны п’яныя…

Галіна Кліменцьеўна махнула нам рукою, каб ішлі ў клуб, а сама ўзяла хлопчыка за руку і павяла ў магазін. Там купіла яму цёплую вопратку, прадуктаў і адвяла дадому.

І другі выпадак. Мы былі на гастролях у Палтаве. Пасяліліся ў гасцініцы і пакуль быў час выйшлі на вуліцу крыху размяцца пасля дарогі. І тут Галіна Кліменцьеўна заўважыла, што гасцінічная клумба зарасла пустазеллем. Ні слова не кажучы, узялася яе палоць. Праз паўгадзіны клумба была ў поўным парадку. Дзяжурная, якая выйшла на ганак, дужа здзівілася:

— О, глядзіце, дык тут жа кветкі растуць!

Даводзілася мне бываць і дома, у гасцях, у Галіны Кліменцьеўны. Больш шчодрай і гасціннай гаспадыні я не сустракаў. Яна не толькі смачна карміла, але і пастаянна старалася даць каму-небудзь з бескватэрных калег прытулак. «Навошта вам начаваць у тэатры? Плошчы хапае, жывіце ў мяне…»

Гэткія ж простыя, шчырыя і душэўна шчодрыя былі і народныя артысткі СССР Лідзія Ржэцкая і Стэфанія Станюта. Іх любілі і паважалі ў тэатры. За талент. За тое, што ніколі не выказвалі ніякіх амбіцый, не фанабэрыліся сваёй славай. Ім не трэба было падаваць «Чайку», як якой-небудзь папсовай зорцы. Трэба дык і аўтобусам пад’едуць, а то і пяшэчкам пройдуцца. Яны не прыцягвалі лішняй увагі да сваіх асоб, не стваралі нікому ніякіх праблем.

Інтэлігентам вышэйшай пробы лічыўся ў тэатры Уладзімір Уладамірскі-старшы. І не толькі лічыўся, ён такім і быў. Мажная постаць, арыстакратычная выпраўка, заўсёды модна, з густам апрануты. Калі ён ішоў па вуліцы, сустрэчныя міжволі ўступалі яму дарогу. Гэта быў артыст дарэвалюцыйнага гарту. Многія хацелі б быць падобным на яго, але такое не сыграеш — такое даецца ад прыроды.

З Уладамірскім у мяне знаёмства было, можна сказаць, шапачнае. А вось з Паўлам Малчанавым адносіны былі самыя блізкія. Гэта таксама адзін са старэйшых купалаўскіх артыстаў. Ён быў у тэатры на асаблівым уліку, таму што выконваў ролі Леніна. Постаць — эталонная. І пры ўсім пры тым просты, адкрыты, душэўны чалавек.

Павел Сцяпанавіч з усіх маладых чамусьці вылучаў мяне. Апекаваўся мною. Часта запрашаў на рэпетыцыі народнага тэатра, які працаваў пры Палацы трактарнага завода. Пасля заняткаў ён звычайна дэталёва разбіраў кожную сцэну, аналізаваў творчыя ўдачы і промахі самадзейных артыстаў. Цікавіўся маёй думкай, і калі мы ў нечым не сыходзіліся, падрабязна, цярпліва тлумачыў сваю пазіцыю. Такім чынам ён далікатна настаўляў мяне, перадаваў сакрэты высокага акцёрскага майстэрства, у самым добрым сэнсе навучаў.

Жывое жыццё жывога чалавека

— А што вы можаце сказаць пра сучасны тэатральны працэс у цэлым? Ён вас радуе ці засмучае?

— Засмучае. Магу адразу сказаць. Цяпер відавочны ўхіл у бок так званага рэжысёрскага тэатра. Гэта калі ўсё і ўсе падпарадкаваны волі, дыктату рэжысёра. Маё ж глыбокае перакананне: тэатр павінен быць як грузінскія спевы — на шмат галасоў. І, канешне ж, абавязкова патрэбен саліст. Які ж гэта хор без саліста? Вось тады гэта будзе тэатр! А калі ўсе на сцэне гавораць на адной інтанацыі, псіхалагічна невыразна — тады атрымоўваецца манатоннасць, а значыць, няпраўда, фальш.

Усё жыццё тэатр быў мастацтвам вялікай псіхалагічнай праўды. Глядач прыходзіць да нас па эмоцыі, а не па тое, каб яго здзіўлялі цыркавымі трукамі. Павінна быць менавіта мастацтва, а калі яго няма — глядач адчувае расчараванне.

Задача тэатра, кажучы па-руску, показать живую жизнь живого человека. Дабіцца гэтага — цяжка, вельмі цяжка. Але без гэтага няма мастацтва. У Льва Талстога ёсць адно характэрнае выказванне: «Здесь такое искусство, что его и не видно». Гэта ён сказаў пра адну з карцін Рэпіна. А паэт Яўген Вінакураў пра тое ж напісаў па-свойму: «Подайте мне смысл, не нужны мне слова. Моё мастерство — избежать мастерства».

Парадокс заключаецца ў тым, што сапраўднага майстэрства не дасягнеш без майстэрства. Важна, каб яно не выпірала, не тырчэла сваімі вострымі вугламі. Вышэйшы пілатаж, калі твайго майстэрства не бачна. У Пушкіна ў вершы «Ода чернильнице» ёсць геніяльныя радкі: «Смысла я в тебе ищу, я тебя понять хочу…»

Разумееце: сэнсу! Сэнс ёсць праўда. Вось гэта маё паняцце тэатра. І нават мастацтва ў цэлым. У той жа «Литературной газете» пісалі пра «Чорны квадрат» Малевіча. І адзін з крытыкаў правільна зазначыў: ты як хочаш называй такое штукарства — супраматызм ці яшчэ як — мастацтвам яно ўсё роўна не стане.

Калі я гляджу на гэты твор, то мне не трэба дваццаць старонак тлумачэнняў. Я хачу атрымаць сваё асабістае ўражанне. А тут я, прабачце, ні храна не бачу.

Так і ў тэатры. Рэжысёры сталі спаборнічаць адзін з адным — у каго больш арыгінальна, больш эпатажна. Некаторыя спектаклі ператварыліся ў суцэльныя фокусы ці, як казаў Райкін, у рэкбусы і краксворды. Не падумайце, што я нейкі рэтраград. Я, безумоўна, за тое, каб на сцэне былі навацыі, эксперыменты, ішоў пошук сучасных выяўленчых сродкаў. Але ўсё гэта павінна быць у разумных межах. Каб пошук не ператвараўся ў самамэту, не засланяў, не закрэсліваў сэнс, ідэю спектакля.

— У гэтай сувязі хачу запытацца вось аб чым. Як вы ставіцеся да інтэрпрэтацыі класікі на сцэне некаторых тэатраў?

— Я б сказаў не інтэрпрэтацыі, а інтэртрэпацыі. Класіка бязбожна калечыцца, перакручваецца. Выкідваюцца цэлыя акты, а вялікія кавалкі тэксту дапісваюцца, устаўляюцца ў спектакль. І ўсё гэта пад сцягам наватарства, асучасвання. Гледачам навязваецца неверагоднае. Алёша Карамазаў аказваецца жанчынай. Рамэа і Джульета — гомасексуалістамі. Чэхаўскую Алену Андрэеўну гвалцяць на стале… Гэта модна, сучасна. Але ж класіка таму і называецца класікай, што яна без усялякага дапісвання і перайначвання заўсёды сучасная і актуальная. А калі ўжо так свярбяць рукі, то напішы новую п’есу і стаў як хочаш. Навошта ж прыпісваць класіку тое, чаго ў яго няма. Скажам, трэці акт «Чайкі» — што здарылася з Нінай Зарэчнай праз трыццаць гадоў.

— Чаму ж тады ў гэтыя модныя тэатры публіка валам валіць? Часам не купіць білет.

— Мне здаецца, тут большая заслуга менеджара, чым рэжысёра. Плюс хітрая, прадуманая рэклама. Да таго ж заўсёды знойдуцца гледачы, якім падабаецца эпатаж, эксцэнтрыка, эротыка на грані фола. На жаль, аргументам «публіка прымае» маніпулююць цяпер як хочуць. Хаця вядома, што нават поўная зала — яшчэ не паказчык высокай якасці спектакля.

Зрэшты, цяпер у тэатральнай тэрміналогіі замест спектакля ўсё часцей ужываецца слова «праект». І нават «прадукт». Ну да прадукта адносіны вядомыя — яго ўжываюць. Мы губляем тэатр як агульную радасць, як месца духоўнага адзінства. Кажучы словамі Гогаля, як кафедру, з якой можна сказаць свету шмат дабра.

Тэатр паступова, але няўхільна ператвараецца ў месца скандалаў і эпатажу, працягам так модных зараз казіно і начных клубаў. І, канешне, месцам заробкаў, перш за ўсё любой цаной. А грамадства расплачваецца сапсаваным густам многіх гледачоў, іх заніжанай планкай маральнасці. Мы пачалі прывыкаць, што ў модных спектаклях абавязкова павінны быць голыя жанчыны, імітацыя блізкасці, наркотыкі, мат.

На працягу папярэдніх дзесяцігоддзяў вялікія рэжысёры ад Станіслаўскага і Меерхольда да Эфраса і Таўстаногава шукалі складаныя шляхі ўзаемадзеяння з класікай, пакутавалі ўсведамленнем сваёй недасканаласці, спрабавалі наблізіцца, пранікнуць у сутнасць, глыбіню геніяльных твораў. А сёння адзін маскоўскі крытык з так званых прагрэсістаў публічна і катэгарычна заявіў: тэатр вольны распараджацца тэкстамі класікаў як яму ўздумаецца. Літаратура, маўляў, не павінна вызначаць рэжысёрскія хады…

На шчасце, такія негатыўныя працэсы пакуль што не ўласцівыя беларускім тэатрам. Пакуль што… Але гэтая пошасць актыўна паўзе да нас з суседніх краін. Тэндэнцыя трывожная. Аднак калі пачынаеш пра гэта гаварыць, то цябе абвінавачваюць у рэтраградстве, абзываюць саўком і лузерам. І слоў жа якіх панапрыдумвалі…

— Вы сказалі: тэатр ператвараецца ў рэжысёрскі. Што гэта значыць?

— Гэта значыць, што рэжысёр — цар, Бог і воінскі начальнік. Неабмежаваны дыктатар. Акцёр для яго — пешка. Ён павінен ва ўсім бяздумна падпарадкоўвацца волі рэжысёра. Такі шлях непазбежна вядзе да дыскваліфікацыі акцёра, дэградацыі тэатра.

Другая крайнасць — адсутнасць рэжысёрскай волі. Не ўмешвацца ў ігру артыста — таксама не выйсце. Мы ж глядзім са сваёй званіцы, а ў рэжысёра цэласны малюнак спектакля, прадумана дакладная яго канцэпцыя.

У маёй практыцы быў адзін рэжысёр, які на рэпетыцыях сцэн кахання, гаварыў акцёрам: «Тут я вам не памочнік». Але пры такім падыходзе можна збіцца на меладраму, упасці ў слязлівасць, нават у слюнцяйства. Зайсці ў тупік.

Рэжысура абавязкова павінна быць! Пошук выканаўцы ролі неабходна весці сумесна з рэжысёрам. Ён павінен зачапіцца за мяне і зразумець, чаго я хачу, тады і я зразумею, што пастаноўшчык прапануе мне. Рэжысёр павінен знайсці ў акцёры нешта такое, чаго ён нават не падазраваў, што можна так сыграць.

Быў такі выпадак. У мяне не ішла роля Бобчынскага — не знаходзіў патрэбнай інтанацыі. І вось Валерый Раеўскі, рэжысёр спектакля, мне кажа:

— А вы падумайце. Там у яго ёсць адна фраза: «А калі давядзецца быць у Пецярбургу, то і там скажыце, вось, маўляў, жыве ў такім-та горадзе Павел Іванавіч Бобчынскі. Так і скажыце…» Гэта ж такая глыбіня за гэтым адкрываецца. Сапраўдная чалавечая трагікамедыя.

Я падумаў і ўбачыў сваю ролю ў зусім іншым святле. Вось яна роля рэжысёра: падказаць акцёру, што ён можа сыграць яшчэ і гэтак.

— Дарэчы, пра Валерыя Раеўскага, якога вы ўзгадалі. Наколькі я ведаю, усе лепшыя, найбольш значныя ролі вы сыгралі ў яго пастаноўках. Як вам з ім працавалася? Ці можаце вы сказаць, што гэта ваш рэжысёр?

— Магу. Сапраўды ўсё лепшае я сыграў ў спектаклях Раеўскага. Хаця напачатку былі некаторыя непаразуменні. Ён успрымаў мяне як акцёра даволі вузкага амплуа, даручаў ролі другога і ў асноўным камічнага плана. А я, у сваю чаргу, недаацэньваў яго, лічыў, што ён рэжысёр з дыктатарскімі замашкамі. Да таго ж не любіць і не разумее беларускую драматургію.

— А калі ў вашых узаемаадносінах наступіў пералом?

— Гэтаму дапамагла драматургія Макаёнка. Героі яго п’ес арганічна леглі на мае, як кажуць у тэатры, псіхафізічныя асаблівасці. І Раеўскі гэта адчуў, стаў давяраць мне практычна ў кожным спектаклі галоўныя ролі. Дарэчы, на макаёнкаўскай драматургіі адбылося не толькі маё акцёрскае ўзыходжанне, але і станаўленне Раеўскага як рэжысёра. Рэжысёра сур’ёзнага, глыбокага, з добрым адчуваннем народнай стыхіі, нацыянальнага каларыту.

Гэта быў мой рэжысёр яшчэ і таму, што ён умеў, як я ўжо адзначаў, бачыць патэнцыял акцёра, яго глыбінныя магчымасці. У яго была, кажучы словамі Саннікава, дакладная думка і канкрэтныя дзеянні. А калі дакладная думка, то цяжка сысці ўбок. Ён задаваў мне абсалютна канкрэтную задачу. І тады ў мяне ўзнікалі канкрэтныя дзеянні і правільныя эмоцыі. Як у Пушкіна (цытуе па памяці): «В условиях жизни роли, в полной аналогии с ней мыслить, хотеть, стремиться, действовать, находясь на подмостках сцены, — значит верно играть роль».

І Раеўскі гэта выдатна разумеў, давяраючы акцёру, дапамагаючы яму як мага больш поўна раскрыцца. А калі ж рэжысёр думае, клапоціцца толькі пра сваё самавыяўленне, нават сваё самапраяўленне, то акцёр застаецца ў цені. Ён — марыянетка, ён нічога не робіць.

Яшчэ не вечар

— Генадзь Сцяпанавіч, давайце крыху зменім тэму. Я вось аб чым хачу ў вас запытацца. Вы — народны артыст Савецкага Саюза. Ці не шкадуеце, што такой краіны ўжо няма?

— З аднаго боку, шкадую. Там было вельмі многа добрага. У рэшце рэшт і народным артыстам СССР я стаў пры савецкай уладзе, хаця атрымаў гэтае званне адным з апошніх, лічы адначасова з развалам краіны. А з другога боку, чаго шкадаваць? Гісторыю наноў не перапішаш, таго, што было, не вернеш назад. Таму я настальгірую не гэтулькі па страчанай краіне, колькі па сваіх маладых гадах, па тым, што некалі меў і мог (усміхаецца).

— Ваш Аўдзей — чалавек ад зямлі. І тое, як вы паказвалі яго, раскрывалі трагедыю колішняга земляроба, уражвала сваёй праўдзівасцю, шчырасцю. Праўда, цяпер цяга да зямлі, здаецца, аслабла ў людзей. Ва ўсякім разе, у мяне складваецца такое ўражанне. А якое ўражанне наконт сучаснай вёскі ў вас?

— Ведаеце, апошнім часам я рэдка бываю ў вёсцы. Гастроляў па калгасах цяпер амаль не надараецца. А са сваякоў на малой радзіме нікога не засталося. Да каго паедзеш у госці?

Апошні раз у вёсцы я быў пятнаццаць гадоў таму. Калі здымалі кінафільм «Свежына з салютам». Дык мяне што ўразіла? Нумарацыя дамоў заканчвалася на лічбе 50, а жыло ўсяго дванаццаць чалавек.

Не думаю, што сітуацыя цяпер значна палепшылася. Драматычны момант перажывае вёска. Тыя, з кім мне пра гэта даводзілася гаварыць, сцвярджаюць: галоўная праблема ў тым, што цяперашні селянін не адчувае сябе гаспадаром. Няма матэрыяльнай зацікаўленасці. На сваіх сотках ён шчыруе, а ў калгасе — пусці павалюся.

—Скажыце, калі ласка, творчы чалавек можа быць па-за палітыкай?

— Можа. Мяне, напрыклад, гэтая сфера доўгія гады мала цікавіла. Праўда, цяпер і я стаў палітызаваны — сачу за падзеямі ва Украіне. А каб спецыяльна гэтым займацца — барані Божа!

— Вас часта называюць сапраўдным беларусам. Ды і на сцэне вы сыгралі шмат яркіх, каларытных народных тыпаў. Дык які ён, беларускі нацыянальны характар?

— О, хто ж гэта можа сказаць. Тут усё вельмі індывідуальна, рухома. Адно для мяне ясна: не такі ён просты, беларус, як яго малююць. Вазьміце майго Цярэшку Калабка. Здавалася б, звычайны вясковы пастух. А здолеў жа дзякуючы сваёй сялянскай вёрткасці і розуму перахітрыць усіх немцаў і паліцаяў.

Наогул, беларусы — вельмі розныя. Скарына, Машэраў, Макаёнак, Савіцкі… Як іх усіх падагнаць пад адзін штамп? Але калі ўсё ж вызначаць галоўныя нацыянальныя рысы, то я назваў бы перш за ўсё цярпенне, мудрасць, памяркоўнасць. І, бадай, яшчэ інтэлігентнасць.

— Інтэлігентнасць? Нечакана. А што вы ўкладваеце ў гэтае паняцце?

— Інтэлігент у маім разуменні — чалавек культурны, выхаваны, далікатны. Не ў сілу адукаванасці, а па сваёй прыродзе, сваёй генетыцы. Іншы вясковы дзядуля бывае куды больш інтэлігентны, чым нейкі аглаед з дыпломам.

У чым гэта выяўляецца? Ды ва ўсім: у паводзінах, у гаворцы. Нават у маўчанні. Вельмі добра сказаў пра гэта Васіль Быкаў. Па яго словах, інтэлігент — гэта чалавек, які не займае многа месца. Прыйшоў на сход, сеў і ціхенька слухае.

Для мяне асабіста інтэлігентны чалавек — гэта той, хто хаця б краем вуха чуў пра дзесяць запаведзей. Культурны чалавек выпраменьвае нейкае асаблівае святло, я называю яго духоўным хараством. Калі хочаце, дык свет выратуе менавіта духоўнае хараство.

— Генадзь Сцяпанавіч, а як бы вы вызначылі галоўную рысу свайго характару?

— Я па жыцці — весялун, жартаўнік. Праўда, з гадамі раблюся ўсё больш сур’ёзным, журботным. І калі раней я любіў пасля спектакля зайсці ў «мутнае вока» (было такое кафэ ў Доме мастацтваў), узяць чарку, пагаманіць з калегамі з іншых тэатраў, то цяпер аддаю перавагу ўтульнай хатняй адзіноце. Шумныя шматлюдныя тусоўкі не па мне. Я там адразу бачу няшчырасць, выпендрож. Мне там прыкра. Так што калі гаварыць пра мой характар, то пры ўсёй маёй знешняй весялосці я хутчэй воўк-адзіночка.

— Звычайна ў тэатры бытуе шмат розных баек, легенд, розыграшаў. Напэўна ж, і вы ў гэтым не раз удзельнічалі.

— Было, было. Памятаю, знаходзіліся мы на гастролях у Пінску. І Гарбук разбіў акуляры. А паколькі я не ўдзельнічаў у рэпетыцыі, то ён папрасіў мяне схадзіць у аптэку і заказаць новыя акуляры. Плюс тры з палавінаю. Я пайшоў і заказаў: на левае вока плюс тры з палавінаю, а на правае — мінус тры з палавінаю. Прынёс яму, падаю. А ўся трупа ўжо ў курсе справы, стаяць чакаюць, што ж будзе. Генадзь уздзявае акуляры і тут жа спалохана здымае: «О-ёй, нешта не тое». Пахукаў, працёр — зноў не тое! А ўсе вакол ужо кладуцца ад рогату.

Ці яшчэ. У спектаклі «Рудабельская рэспубліка» я іграў польскага салдата, а Кармунін — мужыка. У адным з эпізодаў Кармунін просіць у мяне хлеба: «Есці так хочацца, аж пуза да хрыбта падцягнула». Я падаю яму скібку: «Дык проша». Кармунін са смакам жуе і кажа: «А хлеб у вас такі ж, як і ў нас — з аўцюкамі». У тэатры гэтая сцэна праходзіла нармальна. А на гастролях я вырашыў разыграць Кармуніна. Дамяшаў у скібку перцу, гарчыцы, солі і ў адпаведны момант падаю яму: проша. Кармунін адкусвае і пачынае ўжо сваю фразу: «А хлеб у вас…» І тут раптам твар яго перакошвае грымаса: «Цьфу! Сволач…» Гледачы так нічога і не зразумелі, падумалі, што так і трэба, а мы пасля спектакля доўга пацяшаліся над бедным Кармуніным. Трэба сказаць, што за розыгрышы ніхто ніколі не крыўдзіўся.

Што і казаць, раней было весялей. Цяпер і розыгрышаў стала меней. Усё — грошы, грошы, грошы…

— Генадзь Сцяпанавіч, вы справілі даволі салідны юбілей. Як сябе адчуваеце?

— Адчуваю някепска. Калі б было інакш, то не выходзіў бы на сцэну. Неяк суседка мне сказала: «Няўжо вам ужо 80? Я б ніколі не падумала. Ад сілы дала б 79».

— На бенефісным спектаклі «Вечар», які давалі ў тэатры з нагоды вашага юбілею, Аляксей Дудараў сказаў: «Калі я ўбачыў, як абіраецца бульбіна, я ўспомніў усіх сваіх продкаў, якіх не ведаў і ведаць нават не мог. Я ўспомніў усю Беларусь, вось яна была перада мной у вобразе Мульціка. «Вечар» павінен жыць! Яшчэ не вечар». Думаецца, наш знакаміты драматург меў на ўвазе не толькі спектакль, але і выканаўцу галоўнай ролі Мульціка-Аўсяннікава.

— Напэўна. А я і сам так думаю: яшчэ не вечар!

— Чым падтрымліваеце сваё здароўе?

— Раней займаўся спортам. Падымаў гіру. Хадзіў нават на трэніроўкі ў інстытут фізкультуры. Цяпер толькі рэгулярна раблю зарадку.

— Прытрымліваецеся дыеты?

— Каб спецыяльна, то не. Калі падымаецца халестэрын — збіваю яго ўжываннем марской капусты. Менш ем макаронаў. Ды яшчэ раніцаю п’ю перапёлчыны яйкі.

— А як наконт шкодных звычак?

— З задавальненнем магу выпіць шклянку-другую сухога чырвонага віна. Здараецца прымаць і больш моцныя напоі. Але без фанатызму. А вось курыць кінуў даўно, гадоў дваццаць таму. Як зараз помню, прыйшоў купляць свае любімыя цыгарэты «Космос». А яны тады прадаваліся па талонах. І на вагу. Адважылі мне недзе грамаў дзвесце. Прычым без фільтру.Узяў я гэты пакунак і думаю сам сабе: «Во, дажыліся!» І так мне стала прыкра, што я выкінуў гэтыя цыгарэты ў сметніцу і з таго часу больш не куру.

— Вы адчуваеце сябе шчаслівым чалавекам?

— Як вам сказаць… З аднаго боку, канешне, я чалавек шчаслівы — нічым і нікім не пакрыўджаны. Працую ў лепшым тэатры краіны, заняты ў лепшых спектаклях гэтага тэатра.. Што яшчэ трэба? А з другога боку, для поўнага шчасця заўсёды нечага не хапае.

— Дык што ж гэта за такая няўлоўная птушка — шчасце?

— А яно сапраўды няўлоўнае. Пастаяннага шчасця не можа быць. Гэта своеасаблівая эйфарыя, узлёт унутранага стану з нагоды нечага табой зробленага. Скажам, атрымалася роля. Але заўтра яна можа не атрымацца… Пастаяннае шчасце адчувае хіба толькі блазен, юродзівы.

— Тады яшчэ адно філасофскае пытанне. У чым сутнасць чалавечага жыцця?

— «Мыслить и страдать» — як сказаў Пушкін. Мысліць — значыць існаваць, жыць. А пакутаваць — гэта працаваць У любой працы ёсць элемент пакуты. Вось я працую над роляю: ноччу не сплю, іграю, пераігрываю, пакутліва шукаю патрэбную інтанацыю, неабходныя штрыхі, дэталі. Без гэтага поспеху не будзе. А без поспеху траціцца сэнс жыцця.

— Прызнайцеся шчыра: на пенсію хочацца?

— Хочацца. Але я не адчуваю, што ўжо даігрываю. Аднак рана ці позна гэтае адчуванне прыйдзе. І тады трэба быць чэсным і мужным і адмовіцца ад галоўных роляў. А пакуль рэжысёр мне давярае і я давер ягоны апраўдваю — буду іграць. Праўда, цяпер я заняты ў тэатры значна меней — шэсць-сем спектакляў за месяц. Часам каля дошкі размеркавання роляў маладыя акцёры ў мяне пытаюцца: «Дзядзька Гена, а чаму вас тут няма?» Я ім жартам адказваю: «Перад вечным спакоем трэба трохі і перадыхнуць. Бо там могуць сур’ёзна запытацца…»

— І на заканчэнне яшчэ адно, амаль філасофскае пытанне. Што б вы хацелі пажадаць сабе самому?

— Гэта не філасофскае, а самае звычайнае, жыццёвае пытанне. Адказваю: каб не задумвацца, дзе ўзяць грошы. Без грошай не працуе машына нашага жыцця. Без грошай немагчыма асабістая незалежнасць. Як кажа адзін з герояў горкаўскай п’есы «Ворагі», «все человеческое на земле медью отравлено. Вот так-то, милая барышня…»

І яшчэ хацеў бы сабе пажадаць, каб заўсёды праходзіць міма аптэкі.

— Хай жа яно так і будзе! Дзякую, Генадзь Сцяпанавіч, за гутарку.

Інтэрв'ю друкуецца са скарачэннем.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках