24 красавiка 2024, Серада, 22:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзень «Д»

71

Сёння ў Беларусі адбылася ўжо трэцяя дэнамінацыя.

Да гэтага дэнамінацыя ў Беларусі праводзілася ў 1994 і 2000 гадах, калі беларускія грошы трацілі адзін і тры нулі.

Гэты раз усё яшчэ больш маштабна, бо беларуская валюта страціць адразу чатыры нулі. Памяншэнне намінальнай вартасці банкнот складзе 10 000 разоў, таму будуць уведзеныя не толькі новыя папяровыя купюры, але і манеты - а такога за ўсю найноўшую гісторыю Беларусі яшчэ не было. Беларусы могуць памятаць металічныя грошы толькі з савецкага перыяду.

Як будуць выглядаць новыя грошы?

У абарачэнне ўводзяцца сем наміналаў банкнот - 5, 10, 20, 50, 100, 200 і 500 рублёў, а таксама восем наміналаў манет - 1, 2, 5, 10, 20 і 50 капеек, 1 і 2 рублі.

Кожная банкнота прысвечаная адной з абласцей краіны і сталіцы. На пярэднім баку манет - афіцыйны герб, на адваротным - лічба, якая адпавядае наміналу.

Як не заблытацца пры разліках?

Выкажам здагадку, што нейкі тавар каштаваў 10 000 рублёў. Адпаведна, пасля дэнамінацыі ён каштуе 1 рубель, бо змыецца чатыры нулі. Калі кошт тавару цяпер, скажам, 100 000, то з 1 ліпеня яго кошт ператварыўся ў 10 рублёў. Цяперашнія 100 рублёў стануць толькі адной капейкай.

Да канца года, г.зн. ўключна да 31 снежня 2016 года, усе суб'екты гаспадарання абавязаныя пазначаць два кошты - у старых і новых грошах.

З улікам дэнамінацыі да 1 ліпеня будуць перападлічаныя таксама заробкі, пенсіі, стыпендыі і дапамогі.

Як будуць перападлічвацца пенсіі, заробкі, дапамогі?

Акруглення сум (пенсій, заробкаў, стыпендый ды іншых выплат) будуць выконвацца паводле законаў арыфметыкі. Такім жа чынам будуць перападлічаныя паказчыкі бюджэтаў усіх узроўняў, намінальная вартасць акцый акцыянерных таварыстваў, актываў банкаў у беларускіх рублях.

Паводле рэкамендацый Мінгандлю, будуць перападлічаныя кошты ўсіх тавараў і тарыфы на паслугі, перападлік закране ўсе чыста сфэры гандлю, бытавых паслуг і грамадскага харчавання.

Гэтак жа будуць перападлічаныя і ўклады грамадзян у беларускіх рублях ды іхнія абавязанні ў крэдытах.

Як тлумачыць Мінпрацы, акругленне паменшаных сум базавых выплат ажыццяўляецца з улікам двух знакаў пасля коскі да найменшага наміналу грашовага знака (з 1 ліпеня 2016 года - 1 капейка) ўзору 2009 года, які знаходзіцца ў абарачэнні на тэрыторыі краіны.

Да якой даты можна будзе абмяняць старыя купюры?

Пазбавіцца ад старых купюр, абмяняўшы іх на новыя, можна будзе з 1 студзеня 2017 года да 31 снежня 2021 года. З 1 студзеня 2022-га цяперашнія грашовыя знакі стануць неправадзейнымі.

Дзе можна будзе абмяняць старыя грошы на новыя?

Абмяняць старыя грошыкі на новыя можна будзе з 1 студзеня 2017-га да 31 снежня 2019 года ўключна ў Нацбанку, банках і нябанкавых крэдытна-фінансавых арганізацыях краіны.

А вось з 1 студзеня 2020 га да 31 снежня 2021 года ўключна абмен можна будзе зрабіць толькі ў НБ. З 1 студзеня 2022-га грашовыя знакі ўзору 2000 году будуць уважацца за неправадзейнымі.

Куды падзенуцца старыя грошы?

Старыя грашовыя купюры будуць вымацца з абарачэння пакрысе і знішчацца. Спальваць грошы, што выйшлі з абарачэння, не будуць, бо ў фарбе, якая выкарыстоўвалася для друку, мноства злучэнняў, якія пры гарэнні даюць таксічныя рэчывы.

У сувязі з гэтым прынятая пастанова, што старыя грошы будуць здрабняць, сціскаць у брыкеты і затым закопваць у спецыяльна адведзеных для гэтай мэты месцах.

Праблемы, якія прынясе дэнамінацыя

Праблемы з банкаматамі, аплатамі і дзейнасцю банкаў. Ужо пад вечар 30 чэрвеня большасць аперацый у сувязі з дэнамінацыяй была недаступная, і шмат якія службы і ўстановы папярэджвалі аб немагчымасці віртуальных аплат. Сайт charter97.org падрабязна апісаў час дзейнасці ўсіх банкаў, а таксама інфармацыю аб дзейнасці «Белтэлекама», «Белпошты», АРІА, Беларускай чыгункі, паліўных станцый ды іншых прадпрыемстваў і фірмаў, якія выконваюць паслугі.

Новыя цэны. З імі ўжо блытаніна. Некаторыя крамы фактычна перайшлі на каштарысы ў рублях і капейках некалькі тыдняў таму (кошты ў дзясятках і сотнях тысяч пішуцца дробнымі лічбамі), чым збянтэжылі сваіх кліентаў. Псіхалагічна кошт 2 рублі 40 капеек успрымаецца як 2400 "старых" рублёў. Хоць напраўду гэта 24 тысячы. Так што будзьце асцярожныя і не лянуйцеся перападлічыць новыя рублі ў старыя. Інакш можна вельмі хутка застацца з пустымі рахункамі.

Магчымая дэвальвацыя. Тут таксама псіхалогія. Хай улады колькі хочуць запэўніваюць, што дэнамінацыя - спрэс тэхнічны працэс (так яно і ёсць), але падаражэнне даляра на 3-4 капейкі за дзень будзе ўспрымацца нашмат спакайней, чым яго ж падаражэнне на 300-400 рублёў. Хоць у выніку гэта тое ж самае.

Экспэрт: Інфляцыя «з'есць» беларускія капейкі імгненна

Эканаміст Леанід Злотнікаў адзначыў, што дэнамінацыю ў Беларусі трэба было правесці даўно, але дзяржава чакала памяншэння інфляцыі. Гэтага не адбывалася і не адбудзецца ў найбліжэйшай будучыні. Экспэрт таксама мяркуе, што капейкі «хутка выйдуць з гульні».

«У нас стан эканомікі такі, што, пакуль не будзе іншай эканамічнай мадэлі, працягнецца падзенне нацыянальнай валюты, грошы не перастануць абясцэньвацца, а жыццё будзе даражэйшае», - адзначыў Леанід Злотнікаў.

Ён уважае, што вырабляць манеты не варта было. Яны ўжо цяпер праз інфляцыю абясцэніліся. Іх усё адно ўвядуць, але яны праз некаторы час выйдуць з абарачэння.

Што яшчэ новага з'явіцца пасля дэнамінацыі?

З'яўленне манет будзе мець шэраг нечаканых наступстваў.

Транспарт: паркаматы пачнуць працаваць за капейкі. У краінах, дзе манеты даўно ў абарачэнні, звыклыя нам кіёскі для продажу квіткоў ужо замянілі спецыяльныя аўтаматы. Закідваеш пару манетак - атрымліваеш праязны білет. У Мінсктрансе распавядаюць, што знаёмыя з замежным досведам і зацікаўленыя ў тым, каб такія аўтаматы з'явіліся і ў Менску, але пра тэрміны рэалізацыі задумкі пакуль не гавораць.

Змены ў аплаце чакаюць аўтамабілістаў. У ГУ «Паркоўкі сталіцы», якой належаць платныя паркоўкі ў цэнтры Менска, распавялі, што плануюць адаптаваць паркаматы для прыймання манет.

Тэрміналы ў крамах для аплаты «камуналкі» на манеты пяройдуць спакваля

Ці будуць інфакіёскі працаваць з манетамі - залежыць ад выбару канкрэтнага банка, але тэхнічна гэта цалкам магчыма.

Часта ў супермаркетах можна сустрэць тэрміналы, у якіх за гатоўку можна аплаціць тэлефон, інтэрнэт і «камуналку». Такія апараты ў ліпені таксама пачнуць прымаць манеты. Праўда, далёка не ўсё.

Кава ў аўтаматах падаражэе праз усталяванне манетапрыймальнікаў. Адаб'ецца дэнамінацыя і на уладальніках аўтаматаў для продажу кавы і розных снэкаў.

Купюрапрыймальнікі вендынгавым апаратам мяняць не давядзецца - дастаткова проста наладзіць праграмнае забеспячэнне. З манетамі складаней. Кава ў аўтаматах да дэнамінацыі каштавала 10 тысяч рублёў, або 1 рубель у новых цэнах, які будзе манетай. Гэта значыць, што без манетапрыймальніка аўтаматам не абысціся ніяк. Усталяваць яго на адзін апарат каштуе 8 - 12 мільёнаў рублёў. Аднак у шмат якіх беларускіх апаратах няма штатнага элемента для мацавання манетапрыймальніка - адмысловага гнязда для прыймання металічных грошай.

Відавочна, усталяванне манетапрыймальнікаў - справа для прадпрымальнікаў дарагая.

- Новае абсталяванне нясе некаторыя матэрыяльныя выдаткі. І я думаю, у гэтым выпадку за ўсякія змены плаціць канчатковы спажывец - кава ды іншыя тавары, якія прадаюцца ў вендынгавых аўтаматах, падаражэюць, - распавёў супрацоўнік фірмы, што абслугоўвае аўтаматы.

Бераце вазок у гіпермаркеце - пакіньце манету ў заклад. Узяць вазок для купляў у супермаркетах Еўропы вельмі часта можна толькі, калі «ў заклад» пакінеце манету невялікага наміналу. Назад свае грошы вы атрымаеце, калі вернеце вазок на месца, адкуль яго ўзялі. Неўзабаве гэткая сістэма з'явіцца і ў шмат якіх беларускіх крамах. Калі - пытанне часу.

- Адна з невялікіх навацый у нашых крамах, разам з манетніцамі на касах, - гэта замкі- манетапрыймальнікі на пакупніцкіх вазках. Такі прынцып - сусветная практыка, якая дазваляе не зарабіць, а захаваць парадак на тэрыторыі гандлёвых аб'ектаў і паркінгах, - распавяла Вольга Ананіч, начальніца аддзела маркетынгу, службы развіцця раздробнага гандлю ТАА «Тытунь-інвест» (сетка ГЦ «Карона» і ГЦ «Замак»). - Мы плануем укараніць замкі- манетапрыймальнікі для пакупніцкіх вазкоў, пры гэтым камеры захоўвання будуць працаваць паводле старой сістэмы, з ключамі.

Напісаць каментар 71

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках