«Матчын рух 328» звярнуўся ў Amnesty International
1- 1.07.2016, 10:35
- 12,050
Актывісты заклікаюць міжнародную супольнасць дапамагчы спыніць катаванні ў дачыненні да беларусаў, асуджаных за наркотыкі.
Актывісты незарэгістраванага сацыяльна-асветніцкага грамадскага аб'яднання «Матчын рух 328» звярнуліся ў праваабарончую арганізацыю Amnesty International з мэтай звярнуць увагу міжнароднай супольнасці на парушэнні правоў асуджаных за наркатычныя злачынствы, перадае «Радыё Рацыя».
У дачыненні да гэтай катэгорыі правапарушальнікаў супрацоўнікі беларускай міліцыі адкрыта ўжываюць катаванні з мэтай атрымання патрэбных сведчанняў. Як вынік - 80% нарказалежных прыцягваюцца да адказнасці не за ўжыванне, а за распаўсюджванне наркотыкаў, сцвярджаюць аўтары звароту.
Са слоў ініцыятара стварэння грамадскага аб'яднання «Матчын рух 328» Ларысы Жыгар, актывісты арганізацыі фіксуюць сотні парушэнняў заканадаўства ва ўсёй краіне:
- Адной жорсткасцю нельга паўплываць на развязанне праблемы з наркотыкамі. Калі чалавека затрымалі, яму павінны даць адваката. Але гэта ў нас не практыкуецца. Ужываюцца катаванні. Суцэльнае парушэнне заканадаўства, - распавяла Жыгараў.
Аўтары ліста ў праваабарончую арганізацыю Amnesty International падаюць шматлікія факты фальсіфікацыі спраў у дачыненні да сваіх сваякоў, шмат хто з якіх адбывае працяглыя тэрміны турэмнага зняволення за злачынствы, якія напраўду не ўчынялі.